Необычное увлечение помогает Юрию Граблевскому справляться с тяжелой болезнью
10:51 / 16.08.2019
Жанчына палюбавалася вечаровай красой і закрыла варотцы. Яшчэ крыху пастаяла на панадворку, прыслухоўваючыся да цішыні, што разлівалася ў цёплым духмяным паветры летняга вечара, і вярнулася ў дом.
У хаце таксама было ціха – але гэтая цішыня, у адрозненне ад вулічнай, трывожыла Людмілу. Яна ціхенька прыадчыніла дзверы ў пакой мужа – і з палёгкай уздыхнула: Юра засяроджана працаваў над новай карцінай, схему якой нядаўна прыслала дачка.
Люда ўключыла святло і нетаропка прайшлася па пакоях. Іх сцены былі густа ўпрыгожаны рэпрадукцыямі сусветных шэдэўраў, намаляваных яе Юрам: цэлая галерэя з 35 работ. Стварэнне карцін па нумарах – апошняе сур’ёзнае захапленне мужа. Яшчэ больш дзясятка раздораны дзецям, родным, сябрам. Схемы іх клапатліва падбірала яна, Людміла. Ёй хацелася, каб гэта былі копіі работ вядомых мастакоў. У гэтым выпадку праца над імі ўскладнялася – але і вынік прыносіў больш радасці: карціны атрымліваліся выразныя, яркія, напоўненыя радасцю жыцця, нябачнай сілай, якую яны выпраменьвалі.
Люда прайшла на кухню, прысела і задумалася. Калі ўсё гэта пачалося? Дзе вытокі той хваробы, якая сёння стала сур’ёзным выпрабаваннем для іх сям’і? Можа, у першыя гады іх сямейнага жыцця, калі ў Юры выявілі прыроджаны парок сэрца і ўратаваць яго магла толькі аперацыя? На шчасце, тады яшчэ быў знакаміты доктар Амосаў са сваёй клінікай: шчаслівы выпадак дапамог ім уладкаваць Юру на аперацыю. Яна прайшла паспяхова: муж паправіўся і вярнуўся на працу. Але 28 гадоў, аддадзеных калгаснаму будаўніцтву, не прайшлі бясхмарна…
Люда глянула на гадзіннік і схамянулася: час вячэраць! Яна зварыла кашу, заварыла гарбату і занесла мужу – той падзякаваў і прадоўжыў засяроджана працаваць. Люда не стала яму перашкаджаць. Самой есці не хацелася, але гарбата вярнула яе ў лагодны настрой. Успомнілася іх знаёмства, першыя спатканні, прызнанне ў каханні.
…Яны абое вучыліся ў Астравецкай школе, але ён, высокі шыракаплечы старшакласнік, не звяртаў увагі на нейкую там малечу з коскамі… Ды аднойчы ў дзень нараджэння сваёй стрыечнай сястры Марыі ўгледзеў за сталом яе сяброўку – прыгожую цёмнавалосую дзяўчыну. Яе голас і смех, стройная постаць зачаравалі хлопца. Неўзабаве яны сталі патрэбнымі і дарагімі адзін аднаму – настолькі, што вось ужо сорак тры гады разам у радасці і ў смутку.
…Голас мужа вярнуў Люду да рэальнасці. Яна аднесла Юру лекі: ён сам апрацоўваў свае раны, мераў ціск, рассцілаў і засцілаў ложак, займаўся гігіенічнымі працэдурамі. Нават ноччу, калі боль бязлітасна крышыў і ламаў яго цела, шкадаваў будзіць жонку: стараўся і да болю прыстасавацца, дамовіцца з ім…
Люда ўдзячна мужу за гэты клопат, імкненне не перакладваць на яе свой боль. Удзячная яна за дапамогу і сваім суседзям, бацьку і сыну Івану і Паўліку Кучэўскім, якія, калі бяда прыйшла ў сям’ю Граблеўскіх, усё ў іх доме прыстасавалі да свабоднага праезду з пакоя ў пакой інваліднай каляскі. Яны і сям’я былога Юрынага калегі Віктара Смелякова заўсёды дапамагалі Людміле ў клопатах вясковага жыцця, пра якія яна не дбала, пакуль быў здаровы Юра, – і якія ператварыліся ў амаль невырашальную праблему, калі хвароба стала выпрабаваннем: разараць бульбу, пакасіць панадворак – як з гэтым справіцца жанчыне? Але свет не без добрых людзей… Нават варнянскія вадзіцелі-«дальнабойшчыкі», выязджаючы за мяжу, памятаюць пра бясконцы пякучы боль Юрыя Граблеўскага – і прывозяць яму лекі, якія немагчыма купіць у Беларусі.
Калі ўрачы ў адзін голас прамовілі прысуд «ампутацыя», ёй здавалася, што неба абрынулася. Колькі адплакала – ведае толькі яна…
Аперацыю Юра вытрымаў, нягледзячы на слабае сэрца. І калі Люда праўдамі і няпраўдамі прарвалася ў рэанімацыю, каб падтрымаць мужа, ён, расплюшчыўшы вочы, усміхнуўся і ледзь чутна прашаптаў: «Ну што, цяпер ты не будзеш плакаць? Усё ж добра!» Люда, трымаючы яго за руку, дрыжачым голасам запэўніла: «Не, Юрачка, не буду…» І трымае слова! Яна не плача, а змагаецца разам з ім. І ўдзячна людзям, якія дапамагаюць у гэтай барацьбе.
Напэўна, за доўгія гады сумеснага жыцця людзі, якія кахаюць адно аднаго, не заўважаюць, як прарастаюць адзін у адным: калі баліць аднаму – разрываецца сэрца ў другога, радасна тваёй палавінцы – светла і шчасліва і табе.
…Юра зняў акуляры і ліхтарык, які прымайстраваў на ілбе, – патрэбна дадатковае асвятленне, каб працаваць з дробнымі дэталямі карціны, адлажыў сваю работу, паставіў пэндзлік у шклянку з вадой. На сёння досыць! Заўтра ён завершыць тое, што не закончыў сёння, – а цяпер задача-максімум выканана: ветразь, які ён зрабіў на тон святлейшым, чым прапаноўвалі майстры, што распрацоўвалі схему, напоўніўся ветрам сілы і надзеі і дапамог забыць пра боль.
Ён глянуў на свае рукі: дужыя, умелыя, яны ніколі не падводзілі! А вось ногі… Так хочацца ўстаць, прайсціся па роднай хаце, па вуліцы… Але гэта толькі мара.
А рукі – малайцы! Яны і тады, як даводзілася распрацоўваць будаўнічыя праекты і выконваць складанейшыя чарцяжы – ён гэта любіў і ўмеў рабіць! – былі яго памочнікамі. Калі вучыўся ў Гродзенскім палітэхнікуме на факультэце «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», некаторыя выкладчыкі не верылі, што Граблеўскі сам робіць чарцяжы – надта ж дасканалыя яны былі! Але Юра змог даказаць сваё аўтарства, заслужыўшы павагу выкладчыкаў і выдатныя адзнакі.
Увогуле чарчэнне і гісторыя былі яго самымі любімымі прадметамі ў школе. Ён хацеў быць, як маці, настаўнікам. Пасля школы падаўся ў педінстытут у Гродна: гісторыю здаў добра, а сачыненне праваліў. Вярнуўся дахаты, не ведаючы, куды сябе падзець. Нейкі час жыў у дзядзькі ў Полацку, захапіўся хакеем, нават выступаў на першынстве Беларусі. Але зразумеў: мужчына павінен мець сур’ёзную прафесію. Вярнуўся ў Астравец і пайшоў працаваць у міжкалгасную будаўнічую арганізацыю.
Працаваў і вучыўся, набіраўся вопыту – і прайшоў па лесвіцы будаўнічай кар’еры ад памочніка майстра адзінай на той час астравецкай будаўнічай арганізацыі да галоўнага інжынера-будаўніка ў калгасе імя Чапаева, пазней – СВК «Варняны». Амаль 30 гадоў будаўнічага стажу – ці ж гэта жарты?!
Пачынаў пры Уладзіміру Пострашу, працягваў з Мар’янам Шагуном і Уладзіславам Руком. Практычна ўсё, што пабудавана ў Варнянах у той час, узведзена пры яго непасрэдным удзеле. Калгасныя будаўнікі пад кіраўніцтвам Граблеўскага пабудавалі цэх па перапрацоўцы мяса, пілараму, хімцэнтр, збожжасушылкі, майстэрні ў Чыжоўшчызне.
Асаблівы яго гонар – рэстаўрацыя старадаўніх будынкаў млына і вежы-альтанкі, якія і зараз з’яўляюцца візітнай карткай Варнян. А развадны мосцік да вострава з вежай, які прыдумаў і зрабіў Граблеўскі? Аналагаў яму, кажуць, няма ў Беларусі. Шкада толькі, што зараз усе гэтыя ўнікальныя збудаванні прыходзяць у заняпад – і за змарнаваную працу сваіх рук таксама баліць хворае сэрца Юрыя.
Тады, у савецкія часы, у летнія месяцы ў калгасе працавала больш як 50 будаўнікоў. Сваіх людзей не хапала – запрашалі так званых «шабашнікаў»: брыгада ўкраінцаў узводзіла дамы, касцёл пад клуб перараблялі яўрэйскія будаўнікі, блокі рабілі азербайджанцы, асфальт – армяне. У распараджэнні калгасных будаўнікоў было два пад’ёмныя краны, трактары, бетонамяшалкі, аўтамабілі-тралы – гаспадарка немалая.
У суседніх Гервятах ён праектаваў і дапамагаў рабіць добраўпарадкаванне прыкасцёльнай плошчы. Юрый любіць узгадваць час працы ў суседзяў – галоўным чынам за сустрэчы і размовы са светлай памяці ксяндзом Леанідам Несцюком. З ім можна было паразважаць на філасофскія тэмы, параіцца аб надзённым, пажартаваць: разумны анекдот любілі і святар, і калгасны будаўнік.
З-за вялікай занятасці свой дом адбудоўваўся марудна. Люда часам дакарала мужа, што той мала дапамагае ёй па гаспадарцы, але Юра заўсёды ўмеў дасціпным жартам ці добрым словам разгладзіць хмарку непаразумення, калі такая раптам узнікала на небасхіле, – і караблік іх сямейнага жыцця плыў далей. Юрый упэўнены: у тым, што ён не толькі не патануў, а нават у сур’ёзны шторм ніколі не трапіў, – заслуга найперш яго мудрай, добрай, працавітай, любячай жонкі.
Людміла і цяпер круціцца як вавёрка ў коле: усе хатнія справы – на ёй. Вечарам сама сабе не верыць, што столькі ўсяго за дзень перароблена. Ды ёй не прывыкаць – заўсёды была на людзях: то ў школе дзеці за ёй бегалі па пятах, то як у дырэктара кінатэатра была процьма абавязкаў. Асабліва клопатнай была пасада сакратара Варнянскага сельвыканкама, а найбольшае задавальненне Людміла атрымлівала ад работы ў сельскай бібліятэцы. Яна любіла арганізоўваць сустрэчы з цікавымі людзьмі, абмяркоўваць кніжныя навінкі. Сама перачытала шмат цікавых кніг – і далучыла да гэтага занятку Юру.
І выхаванне дзяцей было матчыным клопатам: Юра выходзіў з хаты ў шэсць гадзін раніцы, а вяртаўся часта познім вечарам. Але дзяўчаты выраслі дастойнымі людзьмі. Надзея выбрала бацькаву справу: яна – галоўны спецыяліст вытворча-тэхнічнага аддзела кіравання будаўніцтвам Амурскай ЦЭС. А старэйшая Алёна пайшла па шляху бабулі: яна – педагог, працуе ў Мінску. Часта прывозіць да бабулі з дзедам унучку, і дні, калі шасцігадовая Вуллянка гасцюе ў Варнянах – самыя шчаслівыя для Граблеўскіх: малая «чамучка» сваімі бясконцымі пытаннямі нават свайго разумнага і дасціпнага дзеда, які ніколі не страчвае пачуцця гумару, прымушае чухаць патыліцу.
Менавіта Людміла і дзеці натхнілі Юрыя на новы занятак, які цалкам яго захапіў і дапамагае забыць пра боль. Работа над копіямі карцін вялікіх мастакоў дазваляе дакрануцца да высокага мастацтва, а галоўнае – адчуць тую патаемную, нябачную звычайнаму гледачу сілу, якія яны нясуць у сабе.
Яго карціны радуюць не толькі саміх Граблеўскіх і іх дзяцей, але і ўсіх, хто пераступае парог іх дома: родных, сяброў, суседзяў, калег. Адзінаццаць работ ён ужо раздарыў, гаворачы: «Калі людзям падабаецца – хай радуюцца».
…Юра спрытна – навучыўся за час змагання з хваробай! – праехаў на калясцы па пакоях, зазірнуў у кухню: Люда, як звычайна, сядзела за камп’ютарам, выбіраючы для мужа новыя работы.
– Як табе вось гэтая карціна? – азірнулася яна, пачуўшы ці адчуўшы, што Юра тут, побач. – Яркія, насычаныя фарбы. І які глыбокі сэнс: яна, здаецца, выпраменьвае прагу жыцця і тое, што ніколі, ні ў якім разе нельга страчваць надзею! Будзем заказваць?
– Абавязкова! – пагадзіўся Юрый, паглядзеўшы на карціну. – Будзем!
Ад аўтара
Героі гэтага расповеду – людзі не выдуманыя: гэта мае суседзі, Юрый Мечыслававіч і Людміла Уладзіміраўна Граблеўскія, з якімі нашу сям’ю на ўсё жыццё звязалі нябачныя нітачкі лёсу. У маладосці мы з Людмілай, тады яшчэ Галоўчыц, пачыналі працаваць у старым будынку Варнянскай сярэдняй школы: я – настаўніцай, яна – піянерважатай. Некалькі гадоў жылі разам на кватэры. Мы са сваім будучым мужам былі шаферамі на іх вяселлі – а праз некалькі месяцаў Граблеўскія гулялі на нашым. Спачатку яны жылі ў Астраўцы, а потым Юрыя запрасілі кіраваць будаўнічай брыгадай калгаса імя Чапаева – і мы зноў сталі жыць побач у Варнянах на Інтэрнацкай вуліцы.
Мы працавалі, гадавалі дзяцей – і абавязкова забягалі адзін да аднаго на каву пагаварыць «за жыццё». І сёння хочацца пажадаць сваім працавітым, сціплым, шчырым сябрам і суседзям моцы духу і неўміручай надзеі!
Людміла КУХАРЭВІЧ