Адна ў Налібоцкай пушчы

10:25 / 21.06.2019

Жыве 87-гадовая хутаранка – і захоўвае памяць пра сваю радзіму.

Хутаранка, што жыве тут адна на тры хаты, адзначыла ўжо 87 гадоў. Калісьці ў кожнай  з іх кіпела жыццё. Цяпер засталася адна старэнькая жанчына. І  цішыня…

Час зрабіў сваю справу: разляцеліся адсюль людзі, як лісце, сарванае з дрэў: хто – на клады, хто – бліжэй да людзей. Толькі яна, старэйшая прадаўжальніца роду дзеда Яся, калі засталася ўдавою, вярнулася да родных вытокаў, да сваёй сядзібы. І вось ужо больш за 20 гадоў жыве тут – са сваім сабачкам, пчаліным домікам, пры невялікім агародзе. На зіму сыны забіраюць яе ў сталіцу. Астатні час яна  адна. Летам ходзіць у лес па ягады і грыбы, восенню збірае арэхі, журавіны ў амшарах. 

Адзінота? Не, яна не адчувае сябе адзінокай. Чытае газеты, часопісы, вышывае, вяжа. І назірае, як ранкам купаецца сонца ў хвалях яе рачулкі. Вечарам, стоячы на мосціку, любуецца месяцам, што плёскаецца ў цёмнай вадзе. Кожную пятніцу чакае на вячэру дзяцей, родзічаў ці проста добрых людзей. 

Калі нехта з падарожнікаў пытае, чыё гэта жытло, хутаранка з гонарам адказвае: «Гэта вотчына майго дзеда, а цяпер – фальваркі маіх сыноў!» 

Яна ўвабрала ў сябе моц духу і мудрасць дзеда, які да вайны быў слынным млынаром і сукнавалам. І зараз сочыць за парадкам у яго вотчыне, даглядае родныя магілы і крыж, пастаўлены непадалёк у 2010 годзе ў гонар партызан, што наводзілі тут, у Налібоцкай пушчы, жах на фашыстаў.

…Час ад часу я прыязджаю ў свае родныя мясціны. Хоць, калі б мела крылы, ляцела б сюды штодня, каб адчуць водар мамінага хлеба, смак татавага мёду, напіцца нагбом ляснога паветра, пакланіцца родным мясцінам. 

І каб абняць і прытуліць сваю стрыечную сястру, прудзішчанскую хутаранку, захавальніцу памяці пра сваю і маю малую радзіму.

Яна ГАЛІНА,
г. Астравец

Текст: Главный администратор