Пра жыццё і каханне расказавае ўдава воіна-інтэрнацыяналіста Сафія Баўтрэль

10:34 / 14.02.2019

Каханне бывае розным… Рамантычным, прыгожым, узнёслым і на ўсё жыццё – як у юначых фантазіях. Бурлівым, непрадказальным, эмацыйным і заблытаным – як у серыялах. Звычайным, складаным, хвалюючым і сапраўдным – як у жыцці.
Каханне Сафіі Зянонаўны Баўтрэль было моцным, шчаслівым і ўзаемным – але, на жаль, нядоўгім. Яе муж, воін-інтэрнацыяналіст Лявон Іосіфавіч, пайшоў з жыцця на трыццаць пятым годзе жыцця.

IMG_9039.jpg

Гісторыя кахання Баўтрэляў магла б з лёгкасцю стаць сюжэтам рамана.

Яны жылі ў адной вёсцы, але былі незнаёмыя. Яна ведала яго малодшага брата, які вучыўся ў адным класе з яе сястрой. Амаль дваццаць гадоў спатрэбілася лёсу, каб нарэшце звесці Сафію і Лявона ў адным месцы. Іх вочы сустрэліся, сэрцы забіліся хутчэй, і хтосьці ціха прашаптаў на вуха: «Гэта твая палавінка».

– На самой справе я толькі нарадзілася ў вёсцы Магенцы Іўеўскага раёна, дзе жылі мае бацькі і будучы муж, – расказвае Сафія Зянонаўна. – Я са шматдзетнай сям’і. У мамы было дзесяць дзяцей: чатыры сыны і шэсць дачок. Таму я гадавалася ў бабулі, якая жыла ў Валожынскім раёне – гэта 15 кіламетраў ад Магенцаў. Дадому прыязджала на выхадныя ды на канікулы. Канешне, гэты час хацелася правесці з бацькамі, сёстрамі і братамі, таму і атрымалася, што лю­дзей, якія жылі на іншым канцы вёскі, нават не ведала. І з Лёшам пазнаёмілася значна пазней.

Да сустрэчы з будучым мужам Сафія паспела скончыць сярэднюю школу ў Вішневе, улад­кавацца на Вільнюскі завод радыё­кампанентаў, зарэкамендаваць сябе там добрасумленным і старанным работнікам – яе партрэт быў занесены на Дошку гонару прадпрыемства. Жыццё ніколі асабліва не песціла дзяўчыну, з маленства яна прывыкла разлічваць толькі на свае сілы.

– На завод я пайшла адразу пасля школы: у чэрвені здала выпускныя экзамены, а з першага жніўня ўжо працавала, – працягвае жанчына. – У бацькоў і без мяне клопатаў хапала, а я лічыла сябе дарослай – значыць, можна і на хлеб зарабляць. У Вільнюсе на гэтым жа заводзе працавала старэйшая сястра – а ўдваіх, вядома, лягчэй і весялей. Нашы фотаздымкі нават на Дошцы гонару адзін каля аднаго былі. (Усміхаецца) Ідзеш раніцай на працу, глянеш на іх, падмігнеш – маўляў, прывітанне, перадавіцы.

А на выхадныя Сафія спяшалася ў родныя вёскі – па чарзе ездзіла да бабулі і бацькоў. Тут, у Магенцах, у адзін з цёплых майскіх дзянькоў яна з сяброўкамі пайшла на ўлюбёнае месца адпачынку моладзі – кар’ер. Туды з таварышамі завітаў і Лявон.

– Вось так і пазнаёміліся, – усміхаецца, успамінаючы, Сафія Зянонаўна. – Пасля высветлілася, што ён вучыўся разам с маёй сястрой, а я ведала яго брата. У нас абодвух блытаніна з імёнамі. Хоць я і Сафія, але з дзяцінства ўсе клічуць Зосяй. Ён па пашпарту Лявон, але многія, у тым ліку і я, звалі Лёшкам. Шчыра кажучы, ён адразу мне ў душу запаў. Сталі сустракацца. Калі я не да бацькоў, а да бабулі наведвалася, ён таксама туды прыязджаў. Так лета і сябравалі. А ў верасні Лёшу павестка ў армію прыйшла. Згулялі провады – і я стала чакаць яго вяртання.

Два гады Сафія Зянонаўна з заміраннем сэрца чакала паштальёна, заглядвала ў паштовую скрынку, перачытвала яго лісты. Два гады, пачуўшы пра Афганістан, уздрыгвала і хвалявалася. Два гады яна цярпліва чакала, калі вернецца яе каханы.

IMG_9021.jpg

IMG_9032.jpg

– Спачатку Лёша два месяцы ў Туркменіі служыў – у горадзе Ёлатань закончыў школу сяржантаў, – расказвае жанчына. – А затым яго адправілі ў Кандагар. Пісаў нячаста. На канверце – ні горада, ні вуліцы, ні адраса. Толькі нумар вайсковай часці, які я і зараз памятаю – 71176. На жаль, яго лісты не захаваліся – толькі адна паштоўка са святам 1 Мая. Пра вайну Лёша нічога не пісаў. Расказваў толькі, што там вельмі прыгожыя горы і рэзкія перапады тэмпературы: днём горача, а ноччу – холадна. А так пісаў, што ўсё добра. Толькі аднойчы прагаварыўся, што 17 сакавіка 1984 года лічыць сваім другім днём нараджэння – у той дзень на баявое заданне пайшоў узвод 27 чалавек, а вярнулася менш за палову. Толькі дома Лёша прызнаўся, што таксама быў паранены. Але яму пашанцавала: снарад трапіў у аўтамат – зброя разляцелася ўшчэнт, асколкі ўпіліся ў цела, але сам ён застаўся жывы.

IMG_9031.jpg

Лявон Баўтрэль вярнуўся з Афганістана ў лістападзе 1984 года. Ён змяніўся: стаў дарослым, маўклівым, сур’ёзным і вельмі насцярожаным. Але галоўнае – ён быў жывы і для Сафіі заставаўся ўсё тым жа яе каханым Лёшам. У лютым яны згулялі вяселле.

– Яго маці, як толькі даведалася, што Лёша служыць у Афганістане, адразу захварэла – так два гады і праляжала то дома, то ў бальніцы, – дзеліцца ўспамінамі Сафія Зянонаўна. – З суседняй вёскі хлопца, што разам з Лёшам вучыўся ў школе, прывезлі ў цынкавай труне. А нам пашанцавала. Канешне, ён вельмі змяніўся: начамі часта прачынаўся ў халодным поце, ускокваў, шукаў аўтамат пад падушкай. Але пра службу амаль нічога не расказваў, толькі тое, што не тычылася ваенных дзеянняў. Нам нельга – вось і ўвесь адказ.

IMG_9029.jpg

Афганская вайна пакінула ў памяці Баўтрэляў глыбокую невылечную рану. Аднак жыццё працягвалася. Маладой сям’і трэба было дбаць пра будучыню – у пошуках шчасця яны пераехалі ў Астравец.

– Тут жыла цётка Лёшы – Марыя Васілеўская. Калі мы прыехалі запрашаць яе на вяселле, яна нам параіла: пераязджайце ў Астравец – ад завода «Радыёдэталь» якраз дом будуецца, атрымаеце кватэру. Жыць у Магенцах нам не хацелася, а Вільнюс Лёша не любіў, рашыліся на пераезд. У маладосці ўсё хутка робіцца: у лютым пажаніліся, а ў сакавіку ўжо працавалі на астравецкім заводзе. Спачатку здымалі жыллё, а праз паўтара года атрымалі сваю кватэру. На першым паверсе мы засяліліся, а на трэцім яшчэ адзін «афганец» – Юра Замара з жонкай Галяй. Сталі сябраваць сем’ямі, дапамагалі адзін аднаму. Дзеткі ў нас нарадзіліся – двое сыноў. Шчаслівыя мы былі – жыць ды радавацца. Аднак нядоўгім шчасце было. Афган хоць і вярнуў мне Лёшу жывым, ды толькі сэрца яго пакалечыў.

IMG_9013.jpg

Жанчына змаўкае і моўчкі гартае армейскі альбом мужа. З яго старонак на нас пазіраюць маладыя загарэлыя хлопцы на фоне афганскіх пейзажаў. Тут жыццё націснула на паўзу – і назаўсёды спынілася імгненне, пакінуўшы на здымках памяць аб рэдкіх, але радасных успамінах службы. Гэта пасля будуць баявыя заданні, небяспечнасць начной цішыні, выбухі і стрэлы. Гэта пасля снарад трапіць у аўтамат Лявона, асколкі якога хлопец будзе насіць у целе шмат гадоў. Гэта пасля ён захварэе ў Афганістане малярыяй, якая сцісне ў жалезных абдымках яго сэрца – і не адпусціць да канца жыцця.

– Лёша пачаў скардзіцца на боль у сэрцы праз некалькі гадоў пасля вяртання, – расказвае Сафія Зянонаўна. – Да гэтага не звяртаў увагі, цярпеў. Але з гадамі станавілася горш – і маўчаць ужо больш не было сіл. Барацьба за жыццё Лёшы працягвалася гадамі. Яму далі 3 групу інваліднасці. Калі аднойчы мы прывезлі яго ў рэанімацыю, хтосьці з дактароў сказаў: «Прывязеце яшчэ раз у такім стане – дадуць 2 групу». Аднак у другі раз мы Лёшу не давезлі… Памёр ён дома. Я якраз выходзіла на працу і толькі паспела дзверы прычыніць, як пачула за імі нейкі грукат. Вяртаюся – а Лёша на каленях і сынок малодшы ля яго. Я хутчэй да іх – можа, паспею?.. Не паспела…

IMG_9025.jpg

Лявон Іосіфавіч Баўтрэль памёр на трыццаць пятым годзе жыцця. Сёлета 26 сакавіка будзе дваццаць гадоў, як яго няма ў жывых. Пасля вяртання з Афганістана ён пражыў чатырнаццаць гадоў.

– Пасля смерці Лёшы не ведаю, як выжыла, – працягвае Сафія Зянонаўна. – Паўгода хадзіла, як пад зямлёй. Выратаваў клопат аб дзецях – іх у нас двое, Андрэй і Анатоль. Малодшага, дарэчы, мы назвалі ў гонар сябра Лёшы, з якім ён служыў. А затым дапамаглі сябры ды знаёмыя – каб не звар’яцець, я старалася больш часу быць з людзьмі. Бацькі Лёшы таксама падтрымлівалі, як маглі – за гэта я ім вельмі ўдзячна. Паціху навучылася жыць без Лёшы, але ніколі яго не забывала. Жыццё адвяло нам не вельмі шмат часу – але я была шчаслівая. Я выходзіла замуж за каханага – і гэта было моцнае, узаемнае пачуццё, якое немагчыма перадаць словамі. Канешне, за чатырнаццаць гадоў сумеснага жыцця рознае здаралася, асабліва было цяжка ў апошнія гады хваробы. Але калі б вярнуць час назад – я б нічога не мяняла і зноў выбрала жыццё з Лёшам.

Каханне бывае розным… Узнёслым, бурлівым, непрадказальным, казачным, эмацыйным…

У Сафіі і Лявона Баўтрэляў яно было нядоўгім, але шчаслівым, адным – на ўсё жыццё.

IMG_9054.jpg

Текст: