Ян Буйчык, чырвонадрэўшчык з Жукойняў
12:06 / 03.11.2018
Напачатку імшы святар дазволіў мне расказаць землякам аб жыцці і творчасці народнага майстра. Спадзяюся, што і ўсім жыхарам раёна будзе цікава даведацца пра аднаго са слынных сыноў спондаўскай зямлі.
Гісторыю краіны, як і гісторыю касцёла, ствараюць людзі – тыя, каго Усявышні надзяліў талентам, які яны прымножылі і скарысталі на хвалу Богу і людзям, пакінуўшы яркі след на зямлі, у гісторыі і ў памяці людзей.
Да такіх належыць наш зямляк Ян Буйчык – таленавіты майстар, чалавек з няпростым лёсам, які так многа зрабіў для сваіх землякоў, што заслужыў права на тое, каб мы ведалі, памяталі і шанавалі яго імя.
Ян Буйчык нарадзіўся ў вёсцы Жукойні-Жалядскія ў 1888 годзе. Служыў у царскай арміі, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, трапіў у нямецкі палон. Калі багатыя немцы разбіралі бясплатную рабочую сілу, нашаму герою, можна сказаць, пашанцавала: ён трапіў да гаспадара мэблевай фабрыкі. Там хлопец спасцігаў азы прафесіі чырвонадрэўшчыка. Прыродная кемлівасць, дапытлівы розум ды сялянская вынослівасць і працавітасць дапамаглі яму выдатна авалодаць рэдкай прафесіяй.
Фабрыкант, у якога працаваў Буйчык, быў немалады і бяздзетны. Ім з жонкай так спадабаўся працавіты, сціплы, таленавіты беларускі хлопец, што яны прапанавалі яму застацца ў іх сям’і назаўсёды, быць іх сынам і нашчадкам. Здаецца, лёс паднёс хлопцу падарунак на талерачцы з залатым беражком, але… У снах ён бачыў сваю маленькую вёсачку, дзе жыла, чакала сына з вайны матуля. Сказаў гаспадару, што з’ездзіць толькі пабачыцца – і вернецца назад.
Бацькі ў гэты час ужо не было, а маці жыла з сынам-калекам і, вядома ж, не захацела адпускаць Янку ў Нямеччыну. Ды і сам Ян не надта рваўся туды: хай сабе бедна і цяжка – але хацелася яму жыць сярод сваіх людзей. Напісаў гаспадарам, што шкадуе пакідаць маму, – і застаўся ў Жэлядзях, дзе з цягам часу стаў лепшым ва ўсёй акрузе майстрам.
З захапленнем узяўся ён за сталярку: сам зрабіў вярстак накшталт таго, на якім працаваў у Германіі. Інструмент таксама прывёз з Германіі. І пасыпаліся заказы...
Заробкаў хапала, каб пракарміць сям’ю – і ў 1920 годзе Ян ажаніўся. Яны з жонкай Станіславай са знакамітага роду Руткевічаў нарадзілі трое дзяцей – Чэслава, Яніну і Гэлену. Пані Гэлена – прыгожая, статная ў свае 88 гадоў, жыве зараз у Вільні – але прыехала на імшу, каб памаліцца за душу свайго бацькі, наведаць могілкі і пабачыцца з ужо нямногімі сябрамі дзяцінства.
Слава пра арыгінальнага майстра хутка распаўсюдзілася па наваколлі, заказваць мэблю да яго прыязджалі нават з Вільні. З’явіліся вучні-паслядоўнікі. Чалавек добры і незайздрослівы, Ян згадзіўся навучыць свайму майстэрству пяць чалавек. Любімым вучнем яго быў Клеманс Масевіч – Клямусь. Вышэйшай адзнакай для вучня быў наказ майстра: «Як памру, то труну для мяне толькі Клямусь хай робіць».
Асартымент вырабаў быў шырокі: ложкі, шафы, кухонныя шафачкі, камоды, труны (Ян Буйчык першым пачаў рабіць іх на ножках). Выкарыстоўваў для работы альху, часта – сасну. Ведаў асаблівы сакрэт паліроўкі дрэва, які нікому не раскрываў. Дачка расказвала, што паліраваць было вельмі цяжка, але ў выніку яго вырабы станавіліся прыгажэйшымі і былі адметнымі, «буйчыкавымі».
Ян Буйчык меў добры мастацкі густ і трапнае вока. Умеў выкарыстаць прыродныя матэрыялы. Браў галінку, абразаў, палітураваў, прыбіваў да дошчачкі – і гатовыя «казіныя рожкі» – вешалка. На іх ён увёў своеасаблівую моду ў вёсцы. У кожным доме стараліся зрабіць нешта падобнае. У доме пана Дзевялтоўскага, яго найлепшага сябра, такія «казіныя рожкі» былі ў кожным пакоі. Сярод іх – і шматфункцыянальныя: на вешалку вешалі паліто, а на рожкі «капэлюш».
Талент, вядома, даецца ад Бога. Яго можна падшліфаваць, удасканаліць, але навучыцца гэтаму нельга: ён або ёсць, або няма. Мусіць, таму большасць майстроў, як бы аддаючы падзяку за свой дар, стварае нешта і для Бога. Ян Буйчык таксама многае зрабіў для Жалядскага касцёла: пашаляваў звонку сцены, зрабіў лаўкі, амбону, бакавыя алтарыкі, якія ёсць і сёння.
Але своеасаблівым апафеозам работы майстра, яго гонарам, з’яўляецца алтар. Усяго за шэсць месяцаў зрабіў ён свой першы алтар для Свірскага касцёла. Стараўся закончыць да свайго 40-годдзя. 17-18 чэрвеня 1928 года адбылося яго асвячэнне Яго Экселенцыяй ксяндзом Арцыбіскупам-Мітрапалітам Віленскім Рамуальдам Ялбжыкоўскім, аб чым зроблены запіс у кніжцы кс. J Żamejcja, Świr i kosciól swirski. R.1930 г. У часы «ваяўнічага атэізму» Свірскі касцёл быў перабудаваны пад завод, алтар – знішчаны. Але захаваўся яго фотаздымак, які цяперашні настаяцель Свірскага касцёла ксёндз Богуслаў перадаў нам. У 2005 г. па гэтым фотаздымку мастак з Віцебшчыны зрабіў новы алтар, імкнучыся, каб ён быў максімальна падобны на той, што рабіў Ян Буйчык. Крыху пазней такі ж алтар, толькі ў паменшаным выглядзе, Буйчык зрабіў і для Жалядскага касцёла. А яшчэ адзін майстар-самародак з Глушыцы Міхаіл Валуевіч па памяці зрабіў падобны алтар у сябе дома – зараз ён знаходзіцца ў музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне.
...Кожную нядзелю прыходзяць у касцёл людзі. І скіроўваюць свае позіркі і малітвы да алтара, зробленагага залатымі рукамі нашага слыннага земляка Яна Буйчыка.