Людміла Кухарэвіч расказвае пра Варняны
Гістарычнае мінулае Варнян – цікавае і трагічнае. Тройчы гарэў панскі палац – і пасля апошняга пажару не аднавіўся. Больш за тры стагоддзі вёска была вотчынай паноў Абрамовічаў, знакамітага шляхецкага роду князёў Вялікага княства Літоўскага, – але знатны род не пакінуў пасля сябе нашчадкаў. Гісторыя вёскі абрасла легендамі і паданнямі – рамантычнымі і сумнымі.
У перакладзе з літоўскай мовы Варняны азначае «шпакоўня», а па меркаванні беларускіх вучоных-лінгвістаў «Варняны» – гэта «ворная зямля». Мне больш да душы літоўскі пераклад, бо з вышыні птушынага палёту цэнтр Варнян падобны да гнязда, а жыхары вёскі – на птушак і птушанят.
Больш за шэсцьсот гадоў нашай вёсцы. У 14 стагоддзі яна называлася Касакоўшчызнай, пазней – Сільвестраўшчызнай і належыла князям Сангайлам, якія пабудавалі драўляны касцёл і дом прыходскага святара. Так Варняны набылі статус мястэчка. На працягу 16 стагоддзя ўладальнікі Варнянаў часта мяняліся, пакуль яны не сталі ўласнасцю Яна Абрамовіча, пра якога ў дакументах Віленскага архіва запісана: «Ян Абрамовіч на Варнянах, ваевода Смаленскій, … староста Лідскій і Венденьскій…». Гэта быў знакаміты грамадскі дзеяч ВКЛ, пісьменнік і рэфарматар, які пабудаваў у Варнянах кальвінісцкі збор, шпіталь і школу – яны існавалі да сярэдзіны 17 стагоддзя. Традыцыі бацькі прадаўжаў сын Мікалай, потым Варняны належалі яго сыну Самуэлю… У 1760 годзе мястэчка перайшло па спадчыне Юрыю Абрамовічу, чашніку віленскаму, падваяводзе віленскаму, старасце старадубскаму, які жаніўся на Марцыяне Дзерналовіч з вельмі набожнай і багатай сям’і гербу «Любіч», уладальніка маёнтка Шарсцін Рэчыцкага павета.
Свіран XVIII стагоддзя (злева лядоўня)
Млын
Сядзіба Абрамовічаў з’яўлялася часткай узорнага Варнянскага палацава-гарадскога архітэктурнага ансамбля, спраектаванага і пабудаванага архітэктарам Аўгустынам Касакоўскім у стылі позняга віленскага барока. Ансамбль уключаў касцёл Святога Юрыя, плябанію і алтарню, палацава-паркавы ансамбль, карчму і 16 тыповых аднапавярховых жылых дамоў для чэлядзі і дваровых людзей. Акрамя палаца, гасцініцы, бровара, тартака і купальні, усе пабудовы часткова захаваліся да сённяшняга часу.
Ля млынавога става, 1943 год
Плошча ў Варнянах з касцёлам Святога Юрыя
Перад вачыма мільгаюць падзеі, нібы старонкі найцікавейшай кнігі. Вось на плошчы цівун – ён склікае сялян жаць жыта. Каля іх па дарозе праязджае атрад вершнікаў у даспехах – чуваць нават цокат капытоў. Яшчэ адна старонка – і плошча заліта сонечнымі промнямі. Які вялізны кірмаш! Чаго тут толькі няма: арэхі і сала, мёд і грыбы, масла і сыры, пянька і шкуры, гаспадарчае начынне з дрэва, тканыя ручнікі і посцілкі. Воддаль – пляцоўка, дзе цыган і мядзведзь паказваюць прадстаўленне. Тут жа шныраюць цыганкі з картамі...
Свята ў Варнянах, 2005 год
Сіметрычна з двух бакоў палаца стаялі дзве сціплыя драўляныя афіцыны. Паміж імі і палацам быў разбіты вялікі газон з кругам у цэнтры. Навокал раслі клёны, ліпы, ясені, елкі, еўрапейская лістоўніца, сасна веймутава, якія часткова захаваліся і дапамагаюць нам сёння вызначыць месца параднага двара. Ад касцёла да брамы вяла ліпавая алея, а ад брамы да палаца – шырокая алея клёнаў, адзінаццаць з іх засталіся да нашага часу. Старыя, шапаткія, задумліва стаяць яны, сведкі гісторыі… Каб жа мы ўмелі разумець шэпт іх лісточкаў – колькі б таямніц адкрылася нам!
У старой школе на ўроку працы, 1943 год
Вадаём з’яўляецца часткай складанай воднай сістэмы з 26 вадаемаў – адной з найбуйнейшых у сядзібах Беларусі.
На другой восі сядзібы знаходзіцца алея, якая ад параднага двара вяла ў былы гаспадарчы двор. Ад яго захаваліся чатыры будынкі: белы атынкаваны будынак свірана і маленькая лядоўня. У 1997-1998 гадах дзякуючы намаганням тагачаснага старшыні калгаса імя Чапаева Уладзіміра Рука былі адноўлены млын і вежа-альтанка.
Кузня каля млынавога става, 1960 год. Каваль Генадзь Рогач, малатабоец Станіслаў Шыманскі.
Вежа-альтанка, якая ўзвышаецца на востраве, пабудаваная напачатку 19 стагоддзя з чырвонай цэглы, сёння – самае рамантычнае месца адпачынку варнянцаў і астраўчан. Яе яшчэ называюць вежай закаханых, бо існуе паданне пра паненку-гувернантку і паніча, сына Марцыяны Абрамовіч. Кажуць, што старая пані не дазволіла ім ажаніцца, і дзяўчына ў адчаі ўтапілася ў ставе. На Купалле яна з’яўляецца прывідам над ставам, нібы спрабуючы штосьці сказаць. Я ніколі не бачыла прывідаў, не веру ў гэта – аднак месца ля вежы-альтанкі ў нас лічыцца таямнічым і загадкавым.
Ля варнянскай вежы, 1949 год
З палацам і касцёлам звязана яшчэ адно паданне: казалі, што ад касцёла да палаца існаваў падземны ход, па якому можна было праехаць конна, але за даўнасцю гадоў гэты ход заваліўся, пахаваўшы ўсе таямніцы Абрамовічаў.
Фундатарка касцёла Марцыяна Абрамовіч, паміраючы, загадала пахаваць яе пад першай прыступкай касцёла. Для чаго? Каб людзі часцей успаміналі? Ці нейкія іншыя прычыны былі на тое? Ніхто гэтага не ведае. Аднак, калі расказваюць пра гісторыю Варнянаў, у памяці ўсплывае крыху таямнічы вобраз іх славутай гаспадыні Марцыяны Абрамовіч – энергічнай, высокаадукаванай, разумнай і дальнабачнай патрыёткі свайго краю.
Шкада, што не засталося ў Абрамовічаў прадаўжальніка сямейнай справы. Але тое, што зрабіла пані Марцыяна, што зрабілі працавітыя рукі варнянцаў, і праз стагоддзі нясе славу зямлі, якая дала ім жыццё, ускарміла сваіх дзяцей. Верыцца, што менавіта ў гэтыя гады, прысвечаныя малой радзіме, каля касцёла з’явіцца камень-помнік у гонар нашых землякоў, патрыётаў-беларусаў Юрыя і Марцыяны Абрамовічаў, заснавальнікаў гэтай цудоўнай сімфоніі ў камені і цэгле – помніка горадабудаўніцтва ў вёсцы Варняны на любай Астравеччыне.
Сёстры Вераніка Брашкевіч і Гелена Шэміс. 1954 год
Людміла КУХАРЭВІЧ.
Аўтар і рэдакцыя «АП» дзякуюць за прадастаўленыя гістарычныя фотаздымкі сем’ям Г. Калінічэнкі, Я. Шыманскай, Г. Шэміс, С. Масейкі.