З гісторыі Жалядскай святыні
Як Жалядскі касцёл стаў царквой, колькі грошай было зрасходавана на яго будаўніцтва і калі яго зноў вярнулі каталікам?
Апошнім часам адной з перспектыўных крыніц краязнаўчай інфармацыі сталі інтэрнэт-аўкцыёны. На гэтых пляцоўках можна не толькі пазнаёміцца з невядомымі старонкамі нашай спадчыны, але і набыць фотаздымкі, якія яе раскрываюць. Асабліва цікавыя знаходкі сустракаюцца ў альбомах нямецкіх салдат часоў Першай сусветнай вайны. Здымкі стогадовай даўніны адлюстроўваюць тагачасны стан краёвых помнікаў дойлідства, нагадваюць пра неіснуючыя аб’екты, відарысы якіх дагэтуль былі невядомыя даследчыкам. Пра адну такую знаходку, звязаную з Астравецкім краем, гэты матэрыял.
Вядомы сталічны калекцыянер і даследчык падзей той далёкай вайны Уладзімір Багданаў даслаў для азнаямлення серыю фотаздымкаў 123-й нямецкай пяхотнай дывізіі. Са жніўня 1916 года па лістапад 1917 года гэтае вайсковае фарміраванне знаходзілася на пазіцыях паблізу Вішнеўскага возера, а дакладней – ад вёскі Лешчаняты да мястэчка Вішнева на Смаргоншчыне. Сярод здымкаў, якія былі прывязаны да мясцін узгаданага прамежку фронту, зацікавіла падборка фота з мясцовасці Sheldjas. Асабліва прыцягвалі ўвагу некалькі здымкаў мураванай рэлігійнай святыні. На смаргонскім участку фронту не існавала паселішча з падобным гучаннем, як і храма з такой выразнай архітэктурай, якую можна было ўбачыць на фота. Таму пачаў пошук месцазнаходжання аб’екта і высвятленне ўсіх іншых акалічнасцей, звязаных з мінуўшчынай храма.
На тагачасных нямецкіх вайсковых картах сустрэлася падобная назва Sheljads, якой была пазначана Жэлядзь. Далейшае знаёмства з гісторыяй святыні на гэтым месцы пацвердзіла здагадку, што гэта менавіта той самы храм з фотаздымка.
Як вядома з пісьмовых крыніц, у 1866 годзе парафіяльны Жалядскі касцёл Св. Войцеха з-за рэвалюцыйных прамоў мясцовага пробашча быў зачынены па распараджэнню Віленскага генерал-губернатара. Будынак драўлянага касцёла па хадайніцтву праваслаўнага епіскапа перадалі ў праваслаўнае духоўнае ведамства і ў 1876 годзе ён быў пераўтвораны ў праваслаўную Свята-Увядзенскую царкву. Па некаторых звестках, у гэты час Жалядская царква з’яўлялася прыпісной да Свянцянскага Пятра-Паўлаўскага храма. Напрыканцы 19 стагоддзя ў сувязі з дрэнным станам будынка па хадайніцтву свянцянскага епархіяльнага начальства было выдзелена 14 530 рублёў 71 капейка на пабудову новага мураванага храма.
У 1902 годзе былы Жалядскі касцёл згарэў, а на яго месцы ў кастрычніку 1905 года адбылася закладка праваслаўнай царквы. Пагардлівыя адносіны да месца, дзе спачывалі продкі каталіцкага насельніцтва, знявага пры гэтым рэлігійных пачуццяў вернікаў выклікалі хваляванні сярод мясцовых жыхароў – і ў наступным годзе будаўнічыя работы былі прыпынены. Як адзначаў «Обзор Виленской губерніи» за 1906 год, гэтае рашэнне было прынята ў сувязі «з узбуджаным цывільным начальствам пытання аб мэтазгоднасці пабудовы тут царквы з-за таго, што амаль ўсе прыхажане гэтай царквы перайшлі ў каталіцтва». Аднак у далейшым будаўніцтва было прадоўжана: у 1910 годзе на ўзвядзенне царквы выдзелена 6 607 рублёў 48 капеек – сума больш чым удвая меншая за першапачатковую. З 1907 па 1913 год месца настаяцеля Жалядскай царквы заставалася вакантным. Толькі ў 1914 годзе прыход узначаліў святар айцец Павел Аноп, таму можна меркаваць, што да гэтага часу храм быў пабудаваны.
Архітэктурнае аблічча помніка мела рэтраспектыўна-рускі стыль. Асноўны кубападобны аб’ём святыні быў пакрыты шатровым дахам і завершаны цыбулепадобным купалам на васьмігранным барабане. З заходняга боку далучаўся прытвор, над фасаднай часткай якога ўзвышалася званіца ў выглядзе сцяны са скразным праёмам для званоў. Званіца завяршалася двухсхільным дашкам з цыбулепадобнай вежачкай і сваімі абрысамі нагадвала архітэктуру пскоўскіх цэркваў. Аркатурныя фрызы, прафіляваны карніз, ліштвы арачных аконных праёмаў надавалі ёй своеасаблівы каларыт. Нязменным да нашых дзён захаваўся прыгожы падмурак, выкладзены з часанага каменя, як і прыступкі сходаў ранейшага прытвору.
Імклівае набліжэнне фронту ў 1915 годзе змусіла мясцовага святара пакінуць жалядскі прыход. Пра гісторыю храма ў перадваенны і ваенны часы некаторую інфармацыю можна знайсці на саміх фотаздымках. Адсутнасць званоў сведчыць пра тое, што яны па загаду генерала Туманава ад 1(14) жніўня 1915 года былі зняты са званіцы і эвакуіраваны на ўсход. Па захаваўшыхся слядах ад іх умацаванняў можна меркаваць, што званоў было тры. На купалах можна заўважыць крыжы без нахіленых перакрыжаванняў – такія змены маглі адбыцца ў тым выпадку, калі святыня была перададзена вернікам каталіцкага веравызнання.
Наступныя кардынальныя змены ў абліччы храма звязаны з пасляваенным часам. З вопісу Жалядскага касцёла пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя стала вядома, што пры ксяндзу Ксаверыю Баброўскім у 1918-1920 гадах выканана пераарыентацыя алтара з усходу на захад. Памяшканне былой царквы стала прэсбітэрыем касцёла, а прытвор пераўтвораны ў захрыстыю. У гэты час прыбудоўваецца асноўны зруб-трысценак, дах якога абапіраўся на 6 слупоў.
Іншыя змены адбыліся ў 1926-1929 гадах пры ксяндзу Яну Тамашэвічу, калі касцёл з трохнефавага стаў аднанефавым, дах быў пакрыты цынкавай бляхай. Тады ж была пастаўлена вежачка і порцік на 4 слупах.
У гісторыі рэлігійнай святыні яшчэ дастаткова прызабытых старонак, якія патрабуюць свайго ўзнаўлення. Неабходна выявіць усе абставіны яе ўзвядзення і існавання, удакладніць даты некаторых падзей, прасачыць лёс святароў, якія служылі ў Жэлядзі.
А значыць, трэба чакаць новых адкрыццяў.
Уладзімір ПРЫХАЧ.