Як стваралася газета 30 гадоў таму

10:44 / 08.05.2018
61.jpgСтаражытны філосаф меў рацыю: усё цячэ, усё мяняецца. Напачатку маёй журналісцкай кар’еры рабочымі інструментамі былі аўтаручка і блакнот (часта яго замяняла палавінка разрэзанага ўпоперак агульнага сшытка), стос  газетнай паперы, звычайна крыху папсаванай, прымятай ці надарванай, і таму непрыгоднай для друкароў, парэзанай нам на чарнавікі. Раскошай лічылася персанальная друкавальная машынка, якая была толькі ў вопытных калег, а пачаткоўцы насілі свае «опусы» рэдакцыйнай машыністцы.

Фотакарэспандэнты  здымалі  плёнач­нымі «Зенітамі» або «Кіевамі», праяўлялі плёнкі і друкавалі здымкі ў фоталабараторыях рознага ўзроўню абсталяванасці – з водаправодам і праточнай вадой або прынесенай з калодзежа ці калонкі. Вады патрабавалася шмат.  Растворы пасля  праяўкі плёнак і фота збіраліся, адстойваліся, фільтраваліся, каб сабраць асадак каштоўнага серабра – яго трэба было здаваць… Фатаграфіі апрацоўвалі­ся на грувасткай, бы металічны «бегемот», электрагравіравальнай машыне – ЭГА. Нават здымак выключнай выразнасці і кантраснасці на паласе выглядаў шэрым, пакрэсленым ледзь бачнымі палосамі. Героі публікацый часам не пазнавалі сябе ў газеце… Калі трыццаць гадоў таму я прыйшла працаваць у «Астравецкую праўду», здымкі вырабляліся ўжо метадам цынкаграфіі ў Вільнюсе на паліграфкамбінаце. Але калі «падціскалі» тэрміны здачы матэрыялаў у газету,   «кланяліся» бабульцы-ЭГА («Яга» – так мы яе жартам называлі).
Газетныя макеты маляваліся на  адмыслова расчэрчаных на калонкі аркушах памерам А3. Адказны сакратар размяркоўваў, дзе які матэрыял павінен стаяць, радкамерам вымяраў займаемую плошчу, чарціў на макеце, затым разам з арыгіналамі матэрыялаў адносіў у друкарню.

Цяпер колішні радкамер можна ўбачыць толькі ў  імправізаванай музейнай вітрыне ў рэдакцыі «Астравецкай праўды». Маладыя  калегі здзіўляліся, калі старэйшыя расказалі ім пра  другое яго прызначэнне – наразаць закусь на неспадзеўных рэдакцыйных «пасядзелках»: тонкая металічная лінейка цудоўна для гэтага падыходзіла. Што было, тое было. 

Заходзячы часам у раённую бібліятэку, дзе месціліся некалі рэдакцыя і друкарня нашай  раёнкі, спыняюся, прыслухоўваю­ся ў цішыні і нібыта чую пошчак працуючых лінатыпаў – радкаадліўных машын, цяжкае вухканне друкавальнага станка. Адчуваю цяпло і спецыфічныя пахі…

Рэспубліканскія і саюзныя навіны перадаваліся БелТА ў вызначаны час па радыё. Машыністка павінна была выдатна валодаць беларускай мовай і віртуёзна перабіраць пальчыкамі па клавіятуры, каб паспяваць запісваць за дыктарам тэкст.

 Сёння ўсё гэта  здаецца экзотыкай. А на самой справе – не такое ўжо і далёкае мінулае.
Заходжу зараз у рэдакцыйны «штаб» – сакратарыят і наборны «цэх» у адным «флаконе» – і часам губляюся: столькі вытворчых працэсаў тут адбываецца адначасова: вярстаюцца на сучаснейшых  камп’ютарах газетныя старонкі і рэкла­ма, чытаюцца гранкі матэрыялаў і чарна­вікі палос… Фотаздымкі скідваюцца на камп’ютар, навіны бяруцца з інтэрнэту і прыходзяць па электроннай пошце. Нават пазаштатныя аўтары і сябры «Астравецкай праўды» ўжо не загружаюць паштальёнаў пісьмамі ў канвертах, а выкарыстоўваюць электронку. На асобным камп’ютары (а ўсіх іх у кабінеце пяць) папаўняецца сайт «Астравецкай праўды», куды трапляюць, апроч іншых, матэрыялы, якім не хапіла месца ў газеце. Усе працуюць у неверагодным тэмпе! Час таго патрабуе.

Многія прадстаўнікі «камп’ютарнага пакалення»  сцвярджаюць, што электронныя сродкі масавай інфармацыі – інтэрнэт, тэлебачанне – непазбежна выціснуць з інфармацыйнай прасторы «папяровыя» СМІ. Мне здаецца, што наўрад: інтэрнэт падае інфармацыю павярхоўна, паспешліва, на жаль, часам недакланую. «Фэйкавыя» навіны, нярэдка разлічаныя на неразважлівых «спажыўцоў». Урэшце гэта надакучвае. Людзям хочацца глыбокага асэнсавання падзей і жыццёвых калізій. Хочацца ведаць, што адбываецца побач,  а не дзесьці ў свеце, што хвалюе  суседзяў, калег, родзічаў.  Людзі  прывыклі чытаць пра гэта  ў добра знаёмай газеце, з якой сябруюць шмат гадоў. Таму газеты  заўсёды будуць запатрабаваныя. Тым больш што яны таксама мяняюцца – зместам, аб’ёмам, якасцю паліграфічнага выканання. Параўнаем «Астравецкую праўду»  80-х гадоў мінулага стагоддзя і сучасную – дзве вялікія розніцы, як кажуць у Адэсе. 
Так што, упэўнена, друкаваным нось­бітам інфармацыі наканавана жыць і развівацца.

Са святам, сябры і калегі!


Текст: