Айцец Георгій: "З малітвай – усё атрымаецца"

14:16 / 22.04.2011

Амаль год таму была створана Благачынная акруга цэркваў Астравецкага раёна. Тады ж у новай для сябе якасці – Благачыннага і настаяцеля храма Святых апосталаў Пятра і Паўла – прыступіў да пастырскага служэння іерэй Георгій Савіцкі. Напярэдадні галоўнага хрысціянскага свята – Светлага Хрыстовага Уваскрэсення “Астравецкая праўда” вырашыла пазнаёміць сваіх чытачоў з айцом Георгіем і пагутарыць з ім аб справах Благачыння.


—Айцец Георгій, давайце прадставім Вас чытачам “Астравецкай праўды”. Адкуль Вы родам?
—Родам я з Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці, з вёскі Быцень. Гэта ў сямнаццаці кіламетрах ад Жыровіцаў. Таксама гістарычнае месца – некалі тут знаходзілася Жыровіцкая ікона Маці Божай, стаяў вялікі манастыр, а самі Жыровіцы ўваходзілі ў Быценьскае Благачынне. Зараз ад колішняга манастыра засталася толькі цэркаўка. Вялікі сабор быў узарваны ў 1939 годзе. Людзі працавалі ў полі і раптам пачулі моцны выбух. Падняўшы галовы ад барознаў, яны ўбачылі чыстае неба – сабора больш не было… Вось такі незагойны боль маёй малой радзімы. Сабор той быў велічны і прыгожы. Старажылы тутэйшых месцаў успаміналі, што ў яснае надвор’е з яго быў бачны горад Баранавічы, да якога адсюль 60 кіламетраў. Грыбнікі ці ягаднікі не маглі заблудзіцца ў лесе – варта было выйсці на паляну, убачыць купалы сабора – і дарога дадому знойдзена. Сабор відаўся з усіх бакоў.
—Дзе Вы вучыліся, якую свецкую прафесію атрымалі? Дзе набывалі багаслоўскую адукацыю?
—Спачатку скончыў сярэднюю школу і музычную – па класе трубы. Затым – Ляхавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці заатэхнік-ветэрынар. Удзячны Богу за такі накірунак майго лёсу, бо ў тэхнікуме набыў пэўныя пазнанні і навыкі, блізкія да медыцыны: магу рабіць ін’екцыі, арыентуюся ў дазіроўцы лякарстваў. Пры неабходнасці аказаць першую медыцынскую дапамогу здолею.
Потым была служба ў войску. А пасля яе я амаль год пражыў у Жыровіцкім манастыры труднікам – разам з іншымі людзьмі працаваў у манастырскай гаспадарцы ў славу Божыю. Затым паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, дзе правучыўся пяць гадоў і быў рэкамендаваны вучоным саветам для працягу вучобы ў Духоўнай акадэміі. У семінарыі напісаў на “выдатна” працу аб Літургіі для абароны ступені бакалаўра, а ў акадэміі — аб Таямніцы Пакаяння і быў удастоены навуковай ступені кандыдата багаслоўя.
Матушка Таццяна родам з гарадскога пасёлка Юрацішкі Іўеўскага раёна. Скончыла Слонімскае духоўнае вучылішча, Маладзечанскі політэхнічны каледж і Маскоўскі завочны юрыдычны інстытут.
Зноў-такі, я вельмі ўдзячны Госпаду, што спадобіў атрымаць акадэмічную адукацыю. Калі потым служыў у прыходзе, выкладаў у нядзельнай школе, часам не ставала часу грунтоўна падрыхтавацца да пропаведзі ці да ўрока. Выручаў запас атрыманых ведаў. Бакалаўрскае сачыненне дапамагло лепш разумець Літургію, бо, каб напісаць яго, спатрэбілася прачытаць масу літаратуры, у тым ліку даўнейшых бясцэнных крыніц – агульнай колькасцю каля 70. А для кандыдацкай дысертацыі давялося прапрацаваць больш за 100 твораў – першахрысціянскія тэксты, тэксты святых айцоў. Часам проста не хапала сутак на чытанне, спаць клаўся пасля трох гадзін ночы – гэта быў для мяне яшчэ “дзіцячы” час. Так атрымалася, што да заканчэння трэцяга курса акадэміі ў мяне было напісана толькі працэнтаў дзесяць дысертацыі. Астатняе пісалася летам. І на пачатак восені збеглася ўсё: заканчэнне акадэміі, комплексны экзамен за ўвесь курс, вянчанне, абарона дысертацыі... Выпускны экзамен быў якраз 9 верасня, у дзень майго нараджэння, на наступны дзень – хіратонія ў дзіякана, яшчэ праз два тыдні – хіратонія ў свяшчэнніка. Усё здзяйснялася настолькі хутка, што не заўважаў бегу часу.
Але гэта не важна. Галоўнае, што адбылося глыбокае спасціжэнне Таямніцы Пакаяння як асновы духоўнага жыцця і Літургіі – як галоўнага Богаслужэння.
—Айцец Георгій, што спадзвігла Вас выбраць для сябе шлях духоўнага служэння? Нечый прыклад?
—У школе быў у мяне аднакласнік Вова Юзва. Зараз ён служыць дыяканам у Каложскай царкве ў Гродне. Ён часта запрашаў мяне зайсці у храм. Хадзіў. Падабалася, хаця не змог бы адказаць на пытанне: што менавіта. Проста самаадчуванне было нейкае незвычайнае. Дапамагаў святару, панамарыў… Потым Валодзя паступіў у духоўную семінарыю, а я яшчэ вагаўся, раздумваў... Вера мая была слабая – і паступіў у тэхнікум. Затым адслужыў у арміі, умацаваўся духоўна і вырашыў паступаць у семінарыю. Гасподзь цярпліва вёў мяне па маім шляху, накіроўваючы і падтрымліваючы. А потым, пасля заканчэння акадэміі, прыйшло канчатковае рашэнне прыняць свяшчэнніцкі сан. Хаця і ведаў, якая вялікая адказнасць ляжа на плечы. Але з Божай дапамогай усё будзе як належыць быць.




— Вы гаварылі, што нейкі час пражылі ў манастыры. Якім быў для Вас гэты год? Што змяніў у Вашай душы, светапоглядзе, характары?
—Як я гаварыў, спачатку быў труднікам – адным з многіх. Паслушанне мне прызначылі на ферме – па свецкай спецыяльнасці. Працаваць даводзілася многа – ферма забяспечвала семінарыю неабходнымі прадуктамі харчавання. Часу на падрыхтоўку да паступлення практычна не заставалася. Браўся за кнігу і тут жа засынаў ад стомы. Але на ўступных экзаменах Гасподзь мяне пашкадаваў: трапіўся лёгкі білет і я апынуўся ў ліку студэнтаў.
Пасля паступлення застаўся жыць у манастыры. Быў там запатрабаваны, а пасля другога курса мяне афіцыйна паставілі быць кялейнікам (памочнікам) у знакамітага свяшчэнніка архімандрыта Мітрафана.
Хоць мне, семінарысту, можна было хадзіць не на ўсе ранішнія малітвы манахаў, усё роўна часу катастрафічна не хапала, асабліва калі здароўе айца Мітрафана рэзка пагоршылася пасля другога інсульту. Здаралася, засынаў падчас лекцый, каб не адстаць у вучобе, многае зубрыў напамяць. Калі айцец Мітрафан адышоў да Госпада, я змог больш засяродзіцца на вучобе.




—Дзе пасля заканчэння вучобы Вам давялося несці пастырскую службу?
—Адразу мяне накіравалі ў Ліду, у храм Усіх Святых. Там як бы два храмы ў адным – ніжні асвечаны ў гонар святога Панцеляімона Лекара, верхні – Усіх Святых. Там я праслужыў некалькі гадоў. Быў дырэктарам нядзельнай школы, кіраўніком брацтва, дарэчы, даволі моцнага, згуртаванага. Працаваць даводзілася многа, усё гэта развіваць, умацоўваць. Вядома, хапала і цяжкасцей: няхватка кніг для нядзельнай школы, многага іншага. Але паступова праблемы вырашаліся. Зараз там моцная Нядзельная школа, дзе навучаецца больш за сто дзяцей. З многімі прыхаджанамі і зараз падтрымліваем сувязі, сустакаемся, калі бываю ў Лідзе, яны прыходзяць на споведзь.
Потым два месяцы служыў у храме вёскі Трабы ў Іўеўскім раёне, бо яго настаяцель моцна хварэў, а потым памёр. Таксама паспеў здружыцца з людзьмі. Царква тая ніколі не зачынялася, таму ў прыходзе выпрацаваліся і захаваліся строгія традыцыі, у храме – дысцыпліна. Галоўная цяжкасць – храм не ацяпляўся, давялося нават валёнкі сабе купіць, але нічога, шчырай малітве гэтая нязручнасць не перашкаджала.
Спадзяваўся, што вярнуся на ранейшае месца служэння, аднак Уладыка Гурый адправіў мяне ў Смаргонь у сабор, з разлікам пакінуць надалей. Ды праз дзесяць дзён вярнуў назад у Ліду, толькі ўжо ў храм святога велікамучаніка Георгія, а другога святара, айца Дзімітрыя, накіраваў у Астравец. Там я праслужыў крыху менш, чым год, але са святарамі і прыхаджанамі падтрымліваем адносіны і зараз, гэта духоўныя сувязі і яны не павінны рвацца. Там таксама стварылі маладзёжнае брацтва, якое развіваецца і ўмацоўваецца. Пачынаем гэтую працу і ў Астраўцы. Варта толькі пачаць, а Гасподзь паможа. Храм павінен быць цэнтрам жыцця. Каб чалавек, падымаючыся па паперці, адчуваў, што ўздымаецца духоўна, умацоўваецца душой і духам. Бо сёння многа бед адбываецца ад бездухоўнасці. Я на пропаведзі часта гавару, што трэшчыны на сценах храма з’яўляюцца не столькі ад таго, што падмурак яго прасядае, а ад нашай бездухоўнасці. Чаму старадаўнія храмы стаяць цвёрда і непарушна? Тады ж не было ні цяперашніх будаўнічых тэхналогій, ні магутных кранаў. Затое была моцная вера і вялікая духоўнасць людзей. З 12-га стагоддзя стаіць царква ў Полацку, таму што там жыла прападобная Еўфрасіння Полацкая, чые мошчы да гэтай пары нятленныя і вылучаюць незямны пах. Яе нябачная прысутнасць мацуе нашу веру і дух.
—Айцец Георгій, раскажыце, з якой мэтай у нашым раёне, дзе ўсяго два праваслаўныя храмы, створана Благачынная акруга? Якія перспектывы развіцця праваслаўных прыходаў на Астравеччыне?
—Благачынне было створана з улікам будучага развіцця Астраўца як горада энергетыкаў. Будзе ўзводзіцца беларуская АЭС, прыедуць будаўнікі, многія – праваслаўнага веравызнання. Царква павінна ўзяць іх пад сваё крыло, задавальняць іх духоўныя патрэбы. Думаецца, і колькасць святароў з часам павялічыцца, і храмы новыя з’явяцца. А пакуль іх пабудуюць, у дзеючых будзе праводзіцца больш богаслужэнняў, у тым ліку і ў будні, каб людзі ў вольны ад рабочай змены час маглі памаліцца Госпаду, папрасіць Яго блаславення на працоўны тыдзень і на ўсялякую патрэбу.
З часам будзе арганізоўвацца праваслаўная абшчына ў Гудагаі, праходзіць працэс рэгістрацыі абшчына ў Варнянах. Такія перспектывы развіцця Астравецкай Благачыннай акругі.
—За апошні час храм святых апосталаў Пятра і Паўла прыкметна абнавіўся дзякуючы Вашым сумесна з прыхаджанамі старанням. Якія яшчэ пераўтварэнні чакаюцца ў галоўным храме Благачыння?
—Пакуль што па шчырай малітве і пры Божай дапамозе ацяплілі храм – замянілі вокны і дзверы, устанавілі абагравальныя печкі. Людзям стала камфортна знаходзіцца ў храме і засяроджвацца на малітве. Перад Пасхай зроблены неабходны касметычны рамонт. З’явіўся новы аналой, некалькі новых абразоў. Рыхтуюцца вітражы на вокны. Але галоўнае, што яшчэ прадстаіць здзейсніць і на што катастрафічна не хапае сродкаў, — замена іканастаса. Для яго ўжо напісаны чатыры іконы, пішуцца пятая і шостая, вялікая, для ніжняга раду. Калі ўсе абразы для яго будуць напісаны, можна будзе ставіць іканастас. Плануецца паставіць яго да прастольнага свята ў памяць святых апосталаў Пятра і Паўла.
Напісанне ікон – складаны, адказны і працяглы працэс. Трэба выбраць кананічныя ўзоры абразоў, падабраць, як у даўніну, ліпавыя дошкі для ікон, належным чынам іх апрацаваць, прапітаць, адмыслова падрыхтаваць фарбы. Калі іконы напісаны па старадаўніх тэхналогіях, яны – вечныя.
—Хто піша іконы для нашага храма?
—Выпускніца аддзялення іканапісу Слонімскага духоўнага вучылішча раба Божая Вольга Марцішка. Жыве яна ў Лідзе.
Дошкі ўсе на іконы мы ўжо забралі і аплацілі. Засталіся толькі кіоты, але на іх пакуль няма сродкаў. Калі паступяць ахвяраванні, будзем вельмі ўдзячныя.
У будучым трэба і фасад уцяпліць, і званы ўстанавіць, спачатку перабудаваўшы званіцу. У існуючай – глухія сцены, а трэба, каб гук выходзіў на прастору, расплываўся ў паветры. Ды і купалы варта паправіць. А яшчэ – наладзіць агучванне богаслужэнняў. З малітвай нашай і Божым блаславеннем усё атрымаецца. Раней, калі будаваліся храмы, кожную цаглінку закладвалі з малітвай. Таму і стаялі цэрквы стагоддзямі.
—Адна справа – рэканструкцыя храма. Другая – духоўнае ўдасканаленне. Якой Вам бачыцца развіццё духоўнага жыцця ў прыходзе?
—Сапраўды, храмы трэба падтрымліваць у парадку, рамантаваць і добраўпарадкаваць. Але нашмат больш важнае іх духоўнае напаўненне. Здаўна храмы былі цэнтрамі духоўнага, культурнага жыцця, вакол іх гуртавалася ўсё лепшае, высокамаральнае. Таму стараемся прыцягнуць людзей у храм, каб чалавек выконваў сваю духоўную праграму-мінімум: у кожны з чатырох пастоў – Споведзь і Прычасце, кожная нядзеля – наведванне богаслужэння. Бо Гасподзь тысячагоддзі таму запавядаў: шэсць дзён – для сябе, сёмы аддаў Госпаду. А мы, грэшныя, пару разоў на год, па вялікіх святах, выбіраемся… І, ледзь дачакаўшыся заканчэння богаслужэння, спяшаемся дадому, нават не адчуўшы паўнаты Божай благадаці, якая зыходзіць на вернікаў у храме. Толькі тут чалавек адчувае нябачную сувязь з Госпадам. У храм праведзена цяпло, каб чалавек не спяшаўся хутчэй дадому, адляжацца ў цёплай ванне ці на печы, а застаўся пасля службы, пагаварыў са свяшчэннікам аб тым, што на душы ляжыць цяжарам. У нас праводзяцца гутаркі з веруючымі, выпускаецца “Петрапаўлаўскі лісток” з раскладам богаслужэнняў на кожны месяц, людзі могуць спланаваць свой прыход у храм хаця б раз на тыдзень.
І, канешне, аснова духоўнасці – пакаянне ў грахах. Гэта першая прыступка да нашага выратавання. Чалавек павінен прыходзіць на споведзь не толькі з намерам прыняць Святое Прычасце, але заўсёды, як саграшыў. Бо як пісалі святыя айцы, кінеш адзін вялікі камень у полі – і знойдзеш яго, а рассыплеш жменю дробных – і не збярэш усіх. Так і нашы грахі – нават за кароткі час іх, розных, набіраецца шмат. І яны кладуцца цяжкім грузам на нераскаяную душу.
—Наша гутарка праходзіць напярэдадні вялікага свята — Пасхі Гасподняй. Як павінны рыхтавацца да яго вернікі? Што б Вы хацелі пажадаць нашым чытачам – праваслаўным і католікам, якія сёлета радуюцца Светламу Хрыстоваму Уваскрэсенню разам?
—Светлае Хрыстова Уваскрэсенне – найвялікшае свята. Яно блізкае кожнаму хрысціяніну. У дзяцінстве я чакаў яго з нецярпеннем, хацелася ў храм, хаця тады яшчэ і не дазвалялі нам настаўнікі. Аднойчы мы з аднакласнікам прыйшлі на Усяночную, схаваліся на клірасе і заснулі – цяжка было пратрымацца цэлую ноч. А потым, у старэйшых класах, не прапускаў ніводнай Пасхальнай службы.
Рыхтавацца да Пасхі мы павінны найперш духоўна – не толькі парадкавацца ў доме, пячы святочныя пірагі, а прыбірацца ў сваёй душы: ачысціць яе пакаяннем, перад Пасхай наведваць усе богаслужэнні ў храме. Яны – самыя галоўныя, чаканыя на працягу ўсяго года, і чаканне не павінна быць марным. Чалавек – гэта душа і цела, цела некалі адыдзе ў небыццё, а душа вечная, яна прадстане перад Богам і будзе трымаць адказ за ўсе нашы зямныя грахі.
А пажадаць я хачу ўсім братам-хрысціянам узаемнай любоўю і дараваннем прымножыць радасць аб Хрысце Уваскрэслым, у Якім запарука нашага выратавання, прымірэння з Госпадам-Тварцом і з людзьмі.
Хрыстос Уваскрэсе!
—Сапраўды Уваскрэсе!





Гутарыла Таіса СЯМЁНАВА.