Абраз Мікалая Цудатворца з часцінкай яго мошчаў прыбудзе ў Астравец

12:02 / 05.04.2011

Свяціцель Мікалай, архіепіскап Мір Лікійскіх Цудатворац, праславіўся як вялікі ўгоднік Божы. Нарадзіўся ў горадзе Патары Лікійскай вобласці (тэрыторыя сучаснай Турцыі). Ён быў доўгачаканым сынам праведных бацькоў Феафана і Ноны, пасланы Госпадам ім за набожнае жыццё і шчырыя малітвы. Дзіця рана праявіла сваю адметнасць, адоранасць Божую. Нованароджанае немаўля пры хрышчэнні прастаяла ў купелі на нагах без нічыёй падтрымкі тры гадзіны, аддаючы пашану Прасвятой Троіцы. З самага нараджэння пачаў ён жыццё посніцкае, прымаў мацярынскае малако па серадах і пятніцах адзін раз на дзень, пасля вячэрняй малітвы бацькоў.


Многа слаўных цудаў здзейсніў на зямлі і на моры гэты вялікі ўгоднік Божы. Ён дапамагаў людзям у бедах, ратаваў ад патаплення і выносіў іх на сушу з глыбіняў марскіх, вызваляў з палону і цямніц. А яшчэ Святы Мікалай даваў многім збавенне ад хвароб: сляпым – відушчасць, кульгавым – лёгкую хаду, нямым – дар слова, бедным і галодным – ежу, заўсёды быў памочнікам, заступнікам і абаронцам для тых, хто заклікаў яго у малітвах. І зараз, як і раней, Мікалай Цудатворац дапамагае людзям і збаўляе ад бед, варта толькі шчыра маліцца яму і прасіць дапамогі.
Абраз Мікалая Цудатворца з часцінкай яго мошчаў будзе знаходзіцца ў храме на працягу двух дзён – суботы і нядзелі, 9 і 10 красавіка. Пакланіцца яму могуць усе жадаючыя і не толькі падчас ранішніх і вячэрніх богаслужэнняў, але і ў сярэдзіне дня – храм будзе адчынены.


Настаяцель храма іерэй Георгій САВІЦКІ.