Рыхтуемся да Вялікага посту

15:21 / 04.03.2011

Вось і настала каляндарная вясна. Для некага доўгачаканая, а нехта яшчэ не паспеў нацешыцца зімой з яе маразамі і снегам. Але час не спыніш, і на календары ўжо – першыя дні сакавіка.
Разам з каляндарнай вясной да нас наблізілася і вясна духоўная, а іменна – Вялікі пост. Вялікім ён названы таму, што ва ўсе часы, у тым ліку і наш, ён мае асаблівае значэнне. Устаноўлены гэты пост для таго, каб ачысціць душу ўстрыманнем і малітвай,  прабудзіць і адрадзіць яе перад вялікім святам Уваскрэсення Хрыстовага і зрабіць  здольнай  прыняць той водбліск сапраўднай вечнай радасці, якая падаецца хрысціянам на Пасху ў большай ступені, чым у іншыя святы.
Яшчэ Вялікі пост называецца духоўнай вясной. Вясна – гэта пачатак жыцця, момант, калі яно прабіваецца, набіраецца моцы. Тое ж адбываецца ў посце з чалавечай душой – яна ажывае, прабіваецца з-пад грахоўных напластаванняў і даходзіць да найвялікшай радасці ва Уваскрэсенні Хрыстовым.
Самае галоўнае ў посце – гэта навучыцца захоўваць пачуцці, сачыць за сваімі вачамі, вушамі і языком. Бо праз гэтыя органы пачуццяў, калі разабрацца, мы і здзяйсняем больш за ўсё грахоў. Як спяваецца ў адным з царкоўных песнапенняў: “Истинный пост – удаление от зла, воздержание языка, подавление в себе гнева, отлучение от похотей, от злословия, от лжи, от клятвопреступления”. І яшчэ: “Постящеся, братие, телесне, постимся и духовне, разрешим всякий союз неправды… Дадим алчущим хлеб и нищия бескровныя (бесприютных) введем в домы, да приимем от Христа Бога велию милость”.
Прасцей кажучы, у посце мы павінны палепшыць і змякчыць свой характар і нораў. Існуе расповед, як нейкі стары свяшчэннік усе павучанні выказаў у адной сапраўды афарыстычнай фразе. Аднойчы перад Вялікім постам да бацюшкі падышла пажылая жанчына, вядомая ў прыходзе праз свой занадта доўгі язык, і пачала распытваць яго, што ёй у посце есці. Ён паглядзеў на бабулю,  пастукаў пальцам ёй па ілбе і з усмешкай сказаў: “Ты лепш людзей не еш!”. Вось такое кароткае і цікавае настаўленне.
Хацелася б сказаць яшчэ некалькі  слоў  адносна вялікапосных богаслужэнняў. У Вялікім посце ў нядзелю служыцца Літургія свяціцеля Васілія Вялікага, у сераду і пятніцу –Літургія Ранейасвечаных Дароў, а ў суботу – Літургія свяціцеля Іаана Златавустага. У гэтыя дні хаця б адзін раз у посце кожны праваслаўны хрысціянін павінен прыйсці ў храм паспавядацца і прычасціцца.  Дзяцей да 7 гадоў можна прыносіць на Прычасце толькі ў суботу і нядзелю.
У першы тыдзень Вялікага посту ў храме на вячэрнім богаслужэнні будзе чытацца пакаянны канон прападобнага Андрэя Крыцкага. У ім  святы паказвае ўсю “паднаготную” нашай грэшнай душы і прыводзіць прыклады сапраўднага пакаяння. Таму ўсе, хто зацікаўлены ў сваім выпраўленні, прыходзьце, калі ласка, на богаслужэнні.
Апошні дзень перад Вялікім постам называецца Даравальная нядзеля (Прощеное воскресение). У гэты дзень у храме будзе праводзіцца вячэрняя служба з чынам даравання, на якой свяшчэннік  і ўсе прыхаджане будуць прасіць адзін у аднаго прабачэння. Хто не зможа прыйсці ў храм, няхай па тэлефоне або пры сустрэчы папросіць прабачэння ў  блізкіх і сяброў, а таксама ў тых, перад кім адчувае сваю віну.
Дай вам Бог сіл і моцы, каб годна пранесці пост дзеля славы Божай, прымірыцца з бліжнімі і з Богам і з радасцю сустрэць свята Уваскрэсення Хрыстовага.


Іерэй Георгій САВІЦКІ, настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла.