Маці Божая Гудагайская. А магла быць Астравецкая?

09:46 / 02.02.2011
Гэта яшчэ адзін матэрыял з куфэрка пані Галінкі. Дакладней, з карычневага сшытка, на першай старонцы якога  напісана (кім?): “Гістарычныя нататкі да касцельнай хронікі ў Астраўцы”.

Эўрэліуш Лапасіньскі на падставе дакументаў Віленскага дзяржаўнага архіва.
Прагучала на Віленскім радыё ў 1939 годзе.
Надрукавана ў газеце “Gazeta Codzienna” 18 лютага 1940 года.
У старажытным маёнтку ў Медніках ціха было і ўтульна ў панурую лютаўскую ноч 1735 года. А на двары шалела завіруха. Вецер скавытаў у коміне, як душа самагубцы. Наследніцу гэтага дома Людмілу з Сулістроўскіх Войніну, абозную полацкую, пераследавалі, кашмарныя сны. Выдавалася ёй, што чуе голас першага мужа свайго Міхала Козел-Паклеўскага, старасты ашмянскага. Нібы моліць ён аб выратаванні. А потым постаць Міхала агортвае полымя, і ён знікае. Толькі смяротны енк яшчэ доўга адбіваецца звонам у вушах беднай Людмілы.
Вось і сённяшняй ноччу сон паўтарыўся – жах агарнуў сонную жанчыну вільготнай прасцінай. Чыясьці неміласэрная рука схапіла яе за валасы і цягне да полымя – блізка-блізка. А чужы незнаёмы голас кажа гучна і адстаронена: “Ратуй мужа, што без апошняй споведзі адышоў з гэтага свету.”
Прачнулася яна ад уласнага крыку, ускочыла з ложка, а перад вачыма – карціна, забыць якую ніяк не ўдаецца:  раптоўны грукат  капытоў і на запененых конях урываюцца ў двор паплечнікі мужа. “Загінуў… Пана Міхала забілі… Напалі з засады…”
Пан Міхал вяртаўся з Варшаўскага сейма. Хто падняў на яго шаблю?
Мінула ўжо некалькі гадоў, а пані Людміла, хоць і была ўжо замужам за іншым, часта ахвяроўвала грошы на імшы за нябожчыка першага мужа. Відаць, гэтага было замала, калі кашмарныя сны яе не адпускалі. Ягамосць – пані Людміла гэта памятала добра – быў чалавекам гарачым – не з аднаго сярмяжніка скуру спусціў, не аднаго шляхціца засек…
Яна вырашыла разбудзіць мужа. Пан Война быў чалавекам флегматычным і не верыў у бабскія страхі і кашмарныя сны, а тым больш яму хацелася спаць… Жонцы ён параіў памаліцца за душу свайго папярэдніка і, перавярнуўшыся на другі бок, зноў заснуў. Але Войніну гэтая яго парада не задаволіла.
У галаве круціліся самыя розныя ідэі выратавання былога мужа. Першым яе праектам было будаўніцтва з размахам, вартым заможнай пані, касцёла дзе-небудзь у меднікаўскім лесе – там бы адпраўляліся імшы за супакой пакутуючай душы Міхала Козел-Паклеўскага. Але хто будзе наведваць касцёл сярод лесу? Не, гэта не падыходзіць. Трэба, каб касцёл быў слаўны, каб вернікі туды ішлі натоўпамі, каб і праз стагоддзі памяталі яе імя і яе ахвяру, каб людзі разам з духавенствам вымалілі дараванне для Міхала, а заадно і для яе самой.
Тут трэба шукаць нешта больш значнае. Трэба пабудаваць такі касцёл, які прыцягваў бы да сябе вернікаў, як магнітам – і з блізкіх, і з дальніх ваколіц. А каб мець такую святыню, трэба пастарацца здабыць цудатворны абраз.
Гэты праект адпавядаў неспакойнай душы Войніны найбольш. Трэба было толькі любой цаной здабыць такі абраз. Энергічная жанчына тут жа прыступіла да рэалізацыі свайго плана: у пошуках цудатворнасці разаслала ва ўсе бакі слуг і нават сыноў ад першага мужа. Пасля доўгіх пошукаў удалося дасягнуць мэты.
Адзін з дваровых да вялікай пацехі Войніны прывёз да яе дзвюх абяднелых шляхцянак – родных сясцёр Развадоўскіх: пані Бакшчанінову і пані Чаркаскую. Яны былі ўладальніцамі абразу Маці Божай Гудагайскай, які славіўся цудамі ўжо больш за сто гадоў. Абраз належаў іх роду Развадоўскіх, і сёстрам дастаўся ў спадчыну ад іх бацькі.
Пасля доўгіх і ўпартых таргоў Вайніна купіла цудатворны абраз. І вырашыла, што ён павінен вярнуцца туды, адкуль з’явіўся, – у Гудагайскія лясы.
На зарослым хмызняком папялішчы капліцы, спаленай у 1656 годзе падчас вайны шведамі, загадала Войніна за ўласны кошт пабудаваць касцёл невялікіх памераў у якасці часовай святыні, у якой можна было б змясціць цудоўны абраз – мэту мараў заможнай магнаткі.
Тым часам распачаліся таргі аб выкупе зямлі, у выніку якіх Бернацішкі, Паляны, Бабані і іншыя вёскі адышлі Войнам.
На жаль, нядоўга цешыліся Гудагаі і іх новыя ўладальнікі прысутнасцю ў храме цудоўнага абраза. Прадаючы абраз Войніне, Бакшчанінова і Чаркаская “забыліся”, што яго саўладальнікам з’яўляецца яшчэ і іх родны брат пан Развадоўскі. Даведаўшыся, што без яго ведама, на свае страх і рызыку, сёстры прадалі сямейную рэліквію, Развадоўскі ім у піку вырашыў падарыць абраз айцам-дамініканцам у Астраўцы.
А астравецкім дамініканцам, трэба сказаць, гэты абраз быў вельмі патрэбен, бо на месцы драўлянага касцёла яны сабраліся выбудаваць новы – мураваны. Развадоўскі звяртаецца да Войніны з патрабаваннем аддаць яму прададзенае сёстрамі. Але не для таго тая купляла, каб вяртаць назад.
Разнерваваны шляхціц, не маючы грошай на вырашэнне гэтай справы праз суд, збірае невялікі атрад з “фаміліятаў”, прыяцеляў, а таксама з рознай масці авантурыстаў і знянацку нападае на безабаронную капліцу – разганяе касцельную службу, раніць некалькі слуг Войніны, якія, пачуўшы шум, прыбеглі на дапамогу. Потым забірае абраз і з трыумфам перадае яго айцам дамініканцам.
Войніны – заможныя магнаты, якім належаць землі не толькі ў Ашмянскім, Вількамірскім, Вілейскім  паветах, але таксама ў ваяводствах Полацкім і Віцебскім, не могуць дараваць такую знявагу. Яны падаюць у суд на Развадоўскага, але судовая валакіта цягнецца доўга, і нервы Войніны не вытрымліваюць. Не дачакаўшыся прысуду, яна ўзброіла сваіх дваровых, службу, паклікала “калігатаў”, прыбыло таксама з зямель Войніных нямала так званых “шышоў” – наёмнікаў-партызанаў.
Напалі яны на кляштарчык астравецкіх дамініканцаў і пасля непрацяглай барацьбы, параніўшы аднаго з братоў-законнікаў, забралі цудатворны абраз Маці Божай Гудагайскай і вярнулі яго на месца – у Гудагайскую святыню.
Так скончылася барацьба за цудоўны абраз паміж Астраўцом і Гудагаямі.


Пераклала з польскай мовы Ганна ЧАКУР.