Такі цудоўны летнік...

13:47 / 24.08.2010

Па блаславенні і з дапамогай настаяцеля Астравецкага храма Святых апосталаў Пятра і Паўла айца Георгія Савіцкага мне пашчасціла сёлета пабываць у праваслаўным духоўна-аздараўленчым летніку “Наследнікі”, які размяшчаўся ў вёсцы Ніз паблізу Слоніма. Як і дзве папярэднія, наша трэцяя змена жыла ва ўтульных, цёплых доміках. Нас было каля сарака чалавек – хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 11 да 16 гадоў, у асноўным – выхаванцаў нядзельных школ пры праваслаўных храмах Навагрудскай епархіі.



Фіззарадка, рухомыя гульні і смачныя сняданкі-абеды-вячэры на працягу дня ўмацоўвалі фізічнае здароўе, а духоўныя сілы прымнажалі штодзённыя ранішняя і вячэрняя малітвы, гутаркі на духоўныя тэмы, якія праводзілі з намі загадчыца аддзела катэхізацыі Валянціна Антонаўна Клімаш і святары Навагрудскай епархіі, дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча Вячаслаў Дзмітрыевіч Ізотаў.
Мы пабывалі на богаслужэннях у праваслаўных храмах горада Слоніма, наведалі Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, акунуліся ў святую крыніцу. Не забудуцца пасядзелкі ля кастра, спевы пад гітару... У лагеры панавала атмасфера цеплыні, сардэчнасці, узаемападтрымкі і вялікая благадаць Божая напаўняла нашы душы.


Даша ХАРЫТОНАВА.