Экспедиция "Дарога да святынь" пройдет через Островец
Духоўна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якая традыцыйна напярэдадні Дня беларускага пісьменства і друку праходзіць па розных гарадах і вёсках Беларусі, сёлета завітае і ў наш Астравец. У рамках падрыхтоўкі да гэтага мерапрыемства горад наведалі арганізатары і ўдзельнікі экспедыцыі, каб пазнаёміцца з Астраўцом і ўдакладніць некаторыя арганізацыйныя моманты.
Сёлетняя экспедыцыя – 24-ая па ліку. У яе складзе – духоўныя асобы, вядомыя навукоўцы, літаратары, журналісты, якія нясуць людзям Благадатны Агонь ад Гроба Гасподняга і асветніцкае слова. Экспедыцыя пройдзе па трох абласцях – Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай, яе ўдзельнікі наведаюць дзясяткі гарадоў і вёсак і па традыцыі завершаць свой шлях у сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства – Полацку.
У 2006 годзе духоўна-асветніцкая экспедыцыя ўжо наведвала наш раён. Сёлета, па словах аднаго з яе нязменных арганізатараў Аляксандра Мікалаевіча Лапаты-Загорскага, былі прапановы выключыць Астравец з маршруту: Благадатны Агонь і асветнікі ўжо наведвалі наш горад, а графік вельмі напружаны і распісаны літаральна па хвілінах. Але па настаянні Мітрапаліта Паўла наш горад, з улікам яго адметнасці і асаблівасці, застаўся адной з кропак прыпынку.
Плануецца, што ў Астравец члены экспедыцыі завітаюць 31 жніўня. У гэты дзень адбудзецца ўрачыстая сустрэча, крыжовы шлях з Благадатным Агнём, спецыяльная служба ў царкве, раздача Агню на свечкі вернікаў, сустрэчы ў школах і іншых культурна-асветніцкіх установах.
Рабочая група з удзельнікаў экспедыцыі падчас наведвання Астраўца сустрэлася з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Збігневічам Свілам, чытачамі і супрацоўнікамі раённай бібліятэкі і калектывам «Астравецкай праўды».
Алесь Лапата-Загорскі расказаў пра гісторыю экспедыцыі, асаблівыя моманты вандровак з Благадатным Агнём. Фотакарэспандэнт газеты «Звязда» Яўген Пясецкі, які ўсе гэтыя 24 гады з’яўляецца фоталетапісцам экспедыцыі, прывёз з сабой здымкі, на якіх яго фотакамера адлюстравала адмецінкі святога горада Іерусаліма. Кожны год на Вялікдзень у храме Гроба Гасподняга там сыходзіць Благадатны Агонь, які затым развозіцца па ўсёй планеце – у тым ліку і ў Мінскі Свята-Духаў Кафедральны сабор. Адтуль падчас экспедыцыі «Дарога да святыняў» ён дастаўляецца ў беларускія гарады і вёсачкі. Яўген таксама прадэманстраваў своеасаблівую фотавыставу, на якой адлюстраваны яркія моманты экспедыцыйных вандровак розных гадоў.
Айцец Аляксандр Пачопка таксама гаварыў аб таямніцы сыходжання Благадатнага Агню. Алесь Лапата-Загорскі распавёў пра яшчэ адну святыню, якая суправаджае экспедыцыю, – Загор’е-Сталавіцкую цудадзейную ікону Маці Божай. А выступленне супрацоўніка інстытута літаратуры Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь Ігара Шаладонава было прысвечана беларускай літаратуры, якая сёлета адзначае асаблівы юбілей: 500 гадоў назад знакаміты палачанін Францыск Скарына першым ва Усходняй Еўропе надрукаваў духоўную кніжку «Псалтыр» – і гэта дало пачатак развіццю навукі, культуры, асветніцтва, і ў тым ліку – беларускай літаратуры.
Малады паэт і журналіст Зміцер Арцюк пачытаў свае шчырыя, пранікнёныя, светлыя вершы – і гэта было цудоўным аздабленнем сустрэчы.
Двуадзіны духоўна-асветніцкі пачатак экспедыцыі, на думку Алеся Лапаты-Загорскага, невыпадковы: рэлігія дала пачатак асветніцтву і развіццю культуры, а культура, па словах Аляксандра Пачопкі, – неад’емная частка сапраўднай веры.
І ў гэтым адзінстве веры, культуры, асветніцтва, цудадзейнай сілы Благадатнага Агню да нас напрыканцы жніўня завітае «Дарога да святыняў».
Будзем чакаць і рыхтавацца.
Ніна Рыбік.