Фэст в Гудогае приурочили к 10-летию коронации иконы Матери Божией Гудогайской (Обновлено)
У гудагайскіх шкаплерных фэстаў асаблівая энергетыка, якая захоплівае ў палон магутнай, адчувальнай нават на скуры, гармоніяй – і больш не адпускае. Той, хто аднойчы пабываў на ўрачыстасцях Маці Божай Шкаплернай, будзе імкнуцца трапіць у мястэчка Гудагай ізноў, каб пакланіцца Маці Божай, адчуць невымоўную радасць, ачысціцца праз споведзь ад грахоў, праз Крыжовы шлях наблізіцца да Бога.
Не хапае слоў, каб перадаць атмасферу еднасці і братэрства, якая на працягу двух дзён лунала ў паветры ля гудагайскага санктуарыя.
Побач з драўлянымі, здаецца, сатканымі з самога сонца, сценамі прасцей думаецца, з кожным зробленым па Кальварыі крокам лягчэй дыхаецца; калі стаіш плячо ў плячо з іншымі вернікамі, твары якіх у вечаровай цемры асвятляюць агеньчыкі запаленых свечак, мацней верыцца…
Штогод рознымі шляхамі я, як і іншыя вернікі Астравеччыны, ды якое там – усёй Беларусі, спяшаюся ў мястэчка. Пазалетась здзейсніла першую за сваё жыццё веласіпедную пілігрымку з Варнянаў у Гудагай – і пашкадавала, што побач са мной не было маіх родных і блізкіх, таму што ціхай радасцю, якая пакрысе запаўняла існасць, хацелася дзяліцца.
Сёлета на шкаплернай урачыстасці са мной была дачка.
Драўляны касцёл купаўся ў вечаровым сонцы, ля гандлёвых палатак круглымі бачкамі ззялі салодкія пеўнікі і грыбкі, упрыгожаны да свята алтар патанаў у жывых кветках, і паўсюль – людзі, людзі…
Першы дзень
пачаўся з прыміцыйнай імшы айца Генрыха Валэйкі, які некалькі месяцаў назад склаў перад Богам манаскія абяцанні. У дзяцінстве будучы кармеліт з маці і сястрой часта бываў у Гудагайскім касцёле, пільна ўглядаўся ў цудадзейны абраз Маці Божай. І яна падказала айцу Генрыху яго шлях – і ўзяла пад апеку свайго цудадзейнага плашча.
Глыбокае і адначасова простае, зразумелае кожнаму верніку казанне прамовіў айцец Аркадзь Куляха, які некалькі гадоў працаваў у гудагайскай парафіі і напісаў кнігу пра Маці Божую Гудагайскую.
Сёлета споўнілася дзесяць гадоў, як на цудадзейны абраз усклалі Папскія кароны, асвечаныя самім благаславёным Янам Паўлам ІІ. У сваім разважанні айцец Аркадзь прыгадаў урачыстую каранацыю абраза і яшчэ раз нагадаў, што Маці Божая – маці кожнага з нас.
І Маці павяла нас – маладых і пажылых, хворых і здаровых, шчаслівых і засмучаных – шляхам свайго сына. Гудагайская Кальварыя… Плячо ў плячо, нага ў нагу побач крочылі біскуп, вернікі і тыя, хто, магчыма, пахіснуўся ў сваёй веры ці толькі шукае дарогу да яе. Замыкалі жывы ручаёк святары – яны спавядалі. Шчырае, прамоўленае паўшэптам, а галоўнае – ад душы «Прашу прабачыць мае грахі» напрасткі ляцела ў неба – а за спінай вырасталі крылы. Шаснаццаць стацый – шаснаццаць прыпынкаў-разважанняў пра цярпенне Езуса на крыжы.
Нешпары спявалі ўсім касцёлам пасля Крыжовай дарогі. Урачыстую святую імшу апоўначы адправілі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Юрый Касабуцкі і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. А кульмінацыйным завяршэннем дня стала марыйная працэсія са свечкамі вакол касцёла і могілак. У вечаровай цемры здавалася, што свецяцца не агеньчыкі, а людскія сэрцы.
Да самай раніцы побач з цудадзейным абразам Маці Божай Гудагайскай «варту» несла моладзь.
Другі дзень
Нядзеля пачалася з Гадзінкаў і імшы на польскай мове. З кожнай хвілінай вернікаў большала. Апоўдні пачалася святая адпустовая імша, якую праводзілі біскупы Юрый Касабуцкі і Алег Буткевіч.
Напрыканцы ўрачыстасці ўсіх прысутных з юбілейнымі датамі – 110-годдзем вяртання славутага абраза ў Гудагай, 10-годдзя яго каранацыі Папскімі каронамі і 100-годдзем фацімскіх аб’яўленняў – павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла.
…Праз асаблівую пабожнасць мясцовых людзей цудадзейны абраз вярнуўся ў мястэчка – і ўпрыгожыў галоўны алтар. Праз шчырае і самаадданае служэнне Богу і людзям братоў-кармелітаў выяву Маці Божай упрыгожылі Папскія кароны, а касцёл стаў санктуарыем, які штогод збірае безліч вернікаў на шкаплерную ўрачыстасць.
– Як тут прыгожа! – заўважыла дачка ў першы дзень урачыстасцяў. – Будзем яшчэ сюды прыязджаць?
…І сапраўды тут пануе тая сапраўдная прыгажосць, якая не мае яркіх знешніх праяў, але якая, магчыма, выратуе свет.
Так, дачушка, мы будзем сюды прыязджаць, каб надыхацца гаючым паветрам і стаць адной з мноства пацерак ружанчыка Маці Божай.
Словы святара
– У апошнiя хвiлiны зямнога жыцця Езуса разам з ім была толькі яго мацi. З-за страху за сваё жыццё нават апосталы ўцяклi, толькі адзін – Ян, самы малодшы з усiх, застаўся пад крыжам, – расказаў біскуп Юрый Касабуцкі. – Як мацi, якая зiмой стараецца цяплей апрануць маленькiх дзетак пры выхадзе на вулiцу, каб не захварэлi, так i Марыя «апранае» нас у шкаплер, – «адзенне», якое ўратуе ад пекла.
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота аўтара і Івана ПЕТРЫКА.