Фатимские явления Девы Марии

11:33 / 22.06.2017

lady_o_fatima.jpgСто гадоў назад непадалёк ад маленькай партугальскай  вёскі Фаціма тром маленькім пастушкам Люцыі, Жасінце і Францішку явілася Маці Божая. Падчас аб’яўленняў, якія працягваліся з 13 мая па 13 кастрычніка 1917 года, яна прадказала гісторыю чалавецтва ў ХХ стагоддзі, пераслед касцёла і яго адраджэнне.

Першая сустрэча дзяцей і Маці Божай адбылася 13 мая. Яны пайшлі пасвіць авечак – і раптоўна неба азарылася яркай успышкай святла. Люцыя, як старэйшая, падумала, што пачынаецца навальніца. Дзеці вырашылі вярнуцца дадому. Ззянне паўтарылася. Спускаючыся з гары, у кроне невялікага дуба дзеці заўважылі жанчыну ў бялюткай адзежы.

Панна першая пачала размову: «Не бойцеся, я не пакрыўджу вас». Люцыя спытала: «Адкуль вы?» Атрымаўшы адказ, што панна з неба, дзяўчынка прадоўжыла: «І што вы хочаце ад нас?»

Жанчына адкрыла дзецям сваю просьбу: прыходзіць на гэтае месца ў наступныя сем месяцаў, абавязкова трынаццатага чысла і ў адзін і той жа час – і тады яна адкрые ім усе таямніцы. 

Ізноў заззяла моцнае святло, а Маці Божая на развітанне сказала пастушкам: «Маліцеся на ружанцы кожны дзень, каб выпрасіць спакой для свету і канец вайны».

Кожнага 13-га чысла сустрэчы Маці Божай Фацімскай і дзяцей працягваліся. Вестка пра незвычайную падзею абляцела ўсю краіну: Маці Божая ў сваіх  аб’яўленнях абяцала сказаць, хто Яна, і зрабіць цуд.

Калі надышоў час апошняй сустрэчы – 13 кастрычніка, – на месцы аб’яўленняў, нягледзячы на праліўны дождж, сабралася каля паўсотні тысяч чалавек – яны  маліліся на ружанцы. 

Раптоўна дождж скончыўся і хмары расступіліся. А на небе з’явілася падобнае да вясёлкі сонца, якое пачало паварочвацца і афарбоўваць прастору ў розныя колеры.

gkONmW7rkrM.jpg

Незвычайнае відовішча працягвалася некалькі хвілін. Калі цуд скончыўся, усе заўважылі, што за кароткі час прамоклае пад праліўным дажджом адзенне цалкам высахла.

Біскуп Лейрыі ў сваім пастырскім лісце пісаў: «Свед­камі гэтае з’явы, якая не была зафіксавана ніводнай астра­намічнай лабараторыяй, бо не з’яўлялася прыроднаю, былі людзі розных класаў – вернікі і атэісты, журналісты галоўных партугальскіх вы­данняў, а таксама людзі з аддаленых месцаў. Усё гэта выключае магчымасць агульнай галюцынацыі».

Праз трох пастушкоў Маці Божая гаварыла з усім светам і імкнулася данесці да людзей вестку аб тым, што, калі людзі не зменяцца, «прыйдзе надзвычайнае пакаранне, якое прывядзе да знікнення многіх народаў».

...Кожны з нас можа адчуць сябе адным з трох маленькіх пастушкоў, якія сто гадоў назад без роздумаў адкрылі сваё сэрца Маці Божай Фацімскай, якая аздараўляе, дапамагае і творыць цуды. 

Цікава ведаць

Фацімскія аб’яўленні складаюцца з трох частак, так званых трох фацімскіх таямніц. Першая і другая прадстаўляюць жахі пекла, заканчэнне Першай сусветнай вайны і пачатак Другой. Трэцяя таямніца, якая была абнародавана толькі ў 2000 годзе, прадказвае наступствы ваенных ліхалеццяў мінулага стагоддзя, ганенні на веру і іх наступствы, якія мы бачым сёння, – крызіс духоўнасці, панаванне матэрыяльных каштоўнасцей.

LgMNGFqF9m0.jpgРасклад перэгрынацыі

З нагоды 100-годдзя фа­цімскіх аб’яўленняў распа­чалася перэгрынацыя фігу­ры Маці Божай Фацімскай, якую мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч блаславіў у Фаціме. Вернікі Астравеччыны будуць вітаць у сваіх парафіях Маці Божую Фацімскую з 26 чэрвеня па 9 ліпеня. Пачатак урачыстай імшы – у 18 га­дзін.

26.06 – мястэчка Гудагай

27.06 – Градаўшчына

28.06 – Астравец, касцёл Узвышэння Святога Крыжа

29.06 – Варняны

30.06 – Быстрыца

01.07 – Кямелішкі

02.07 – Свіранкі

03.07 – Клюшчаны

04.07 - Жукойні-Жаляцкія

05.07 – Міхалішкі

06.07 – Гервяты

07.07 – Дайлідкі

08.07 – Астравец, касцёл святых Космы і Даміяна.

9 ліпеня ў 16.00 адбу­дзецца развітальная імша. Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай працягнецца ў Смаргонскім дэканаце. 


Текст: