Прошел традиционный "круглый стол" представителей органов власти и священнослужителей всех конфессий Островецкого района.

10:44 / 30.05.2017

На мінулым тыдні прайшоў традыцыйны “круглы стол” прадстаўнікоў органаў раённай улады і святароў усіх канфесій, цэрквы якіх дзейнічаюць на тэрыторыі Астравецкага раёна. Удзел у размове прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыні усіх сельвыканкамаў раёна, і святары –дэкан Астравецкага дэканату, Вікарый Біскупій Паўночнай акругі ксёндз Юзаф Багдзевіч, Благачынны цэркваў Астравецкай благачынніцкай акругі, пратаіерэй Герогій Савіцкі, ксяндзы-пробашчы практычна усіх касцёлаў, што дзейнічаюць на тэрыторыі раёна.

stol1.jpg

-Падобныя “круглыя сталы” сталі ўжо традыцыйнымі, -- сказаў, адкрываючы сустрэчу, Віктар Збігневіч Свіла. – Сённяшні не выкліканы нейкай асаблівай сітуацыяй – па шчасцю, у выканаўчай улады і прадстаўнікоў усіх касцёлаў і цэркваў, што сабраліся тут, добрыя адносіны, і ўсе пытанні мы вырашаем, што называецца, у рабочым парадку. Сёння ж хацелася б, як кажуць, “зверыць гадзіннікі”,  у шчырай размове абмеркаваць бягучыя справы, абмяняцца навінамі дзейнасці раённай улады і жыцця нашых канфесій.

Ксёндз Юзаф Багдзевіч напачатку размовы ўзгадаў тую вялікую страту, якую панёс не толькі касцёл і ўсе католікі, але і ўсе жыхары раёны – заўчасную смерць ксяндза-пробашча Гервяцкага касцёла Леаніда Несцюка. Сёлетняе парафіяльнае свята Святой Тройцы, на словах айца Юзафа, вернікі гервяцкай парафіі, хутчэй за ўсё, сустрэнуць з новым духоўным айцом, а прысутныя напрыканцы пасяджэння “круглага стала” памаліліся ўсе разам за спачын душы ксяндза Леаніда.

-Яшчэ я хачу падзякаваць усім нашым прыхаджанам за тое, што захоўваюць сваю веру і храмы, -- сказаў ксёндз Юзаф.

Дарэчы сказаць, амаль што ўсе касцёлы на тэрыторыі раёна з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі – гэта значыць, што яны ахоўваюцца дзяржавай і існуюць пэўныя правілы іх утрымання. Якія гэта правілы – пра гэта расказала метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вікторыя Федасеенка.

Айцец Георгій Савіцкі паведаміў, што сёлета напрыканцы жніўня ў нашым раёне чакаецца вялікая падзея, якая тычыцца не толькі праваслаўных вернікаў, а ўсіх жыхароў: з благадатным агнём ад Гроба Гасподняга яго наведае духоўна-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”.  Падрыхтавацца і дастойна сустрэць яе – агульная задача свецкай улады і царквы.

-Мы ўсе жывём у адной дзяржаве, і наша агульная справа – зрабіць прыгожымі і добраўпарадкаванымі свой раён, горад, вёску, і тым самым прынесці карысць нашай агульнай Радзіме – Беларусі, -- выказала сваё меркаванне Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Гэта тычыцца ўсіх тэрыторый і будынкаў, у тым ліку і храмаў. У святароў вялікія магчымасці ў выхаванні насельніцтва, і мы спадзяемся, што агульнымі намаганнямі мы зможам зарабіць многае.

Пра выхаванне людзей, найперш – моладзі, гаварыў падчас размовы за круглым сталом і старшыня касцельнага камітэта Дайлідскай парафіі Казімір Станіслававіч Варановіч.

-Людзі мала каму вераць больш, чым святару, -- выказаў думку Казімір Станіслававіч. – І трэба, каб святыя айцы мелі магчымасць часцей сустракацца з дзецьмі, з маладымі людзьмі, каб яны вучылі іх жыць па Божых запаветах, за законах маралі, любові, павагі адзін да аднаго. Гэта дапаможа ўсяму грамадству стаць больш духоўным.

А вось у ксяндза-пробашча Кямелішкаўскага касцёла Паўла Гардзейчыка была канкрэтная просьба да раённых улад. Пасля таго, як  2007 годзе разбурыўся мясцовы клуб, у якасці часовага прыстанішча установа культуры размясцілася ва ўласнасці касцёла – доме людовым. Але нездарма кажуць, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае: гэта кватараванне, не самае шумнае, а часам і не вельмі прыстойнае суседства  дому культуры і касцёла працягваецца да гэтага часу. Павел Гардзейчык прасіў раённыя ўлады нарэшце вырашыць гэтую праблему.

Сустрэча за “круглым сталом” прадстаўнікоў раённай улады і святароў прайшла ў канструктыўным рэчышчы і дазволіла абмеркаваць пытанні і праблемы, актуальныя для ўсіх жыхароў раёна, і намеціць шляхі іх вырашэння.   

Текст: Нина Рыбик