Молитва, цветы и свечи – в память о погибших

16:25 / 01.11.2019

Пачатак новай добрай традыцыі залажылі члены раённай ветэранскай арганізацыі. Першага лістапада, калі ўсе збіраюцца на могілкі, каб успомніць сваіх родных і блізкіх, яны з кветкамі і лампадкамі прыйшлі да помніка загінуўшым землякам.

IMG_2379.jpg

У гэты дзень вернікі каталіцкай канфесіі ўспамінаюць Усіх Святых, у праваслаўнай царкве рыхтуюцца да Усяленскай бацькоўскай суботы, каб памаліцца за хрысціян, ад веку спачыўшых. А члены прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі на чале з яе былым і сённяшнім старшынямі Расціславам Гертам і Ірынай Шляхтун сабраліся ля помніка воінам-вызваліцелям у лесапарку, каб не толькі аддаць даніну памяці і павагі землякам, што змагаліся з фашыстамі, але і памаліцца за душы герояў.

IMG_2401.jpg

– Нашы землякі, што вызвалялі родны край ад нямецка-фашыскіх захопнікаў, знайшлі спачын у розных месцах – і не заўсёды родныя і блізкія могуць наведаць іх магілкі, здараецца, што нават не ведаюць, дзе яны пахаваны,  сказала падчас імправізаванага мітынгу Ірына Баляславаўна. – Дык няхай наша сённяшняя супольная малітва, кветкі і агеньчыкі лампадак будуць сведчаннем таго, што мы, нашчадкі, іх помнім, дзякуем за неўміручы подзвіг і просім Бога, каб быў літасцівы да іх. Бо для нас усе яны – святыя.

…Гадавалы Андрэйка Волк-Леановіч пакуль не ведае, што яго прадзед Уладзімір Рыбчак быў партызанам і не шкадаваў сябе, каб унукі і праўнукі жылі пад мірным небам. Калі ён падрасце, тата і бабуля яму абавязкова пра гэта раскажуць. І помнік воінам-вызваліцелям, куды ён у гэты дзень прыйшоў з бабуляй Наталляй, стане для хлопчыка гэткім жа святым месцам, як і для яго родных.

IMG_2431.jpg

Хочацца верыць, што ў традыцыі, якая распачалася сёлета, будзе працяг. Бо гэта трэба і мёртвым, і жывым.

Текст: Нина Рыбик