У Баранях успаміналі Казіміра Сваяка

09:01 / 26.05.2019

Бог адмераў яму на зямлі крыху больш, чым свайму сыну, – толькі 36 гадоў. Але за гэты кароткі, напоўнены выпрабаваннямі і цяжкасцямі час Казімір Сваяк паспеў зрабіць столькі, колькі б хапіла не на аднаго чалавека...

Ён дбаў пра простых людзей, Беларусь, родную мову, а яго паслядоўнікі трапятліва зберагаюць памяць пра паэта-святара, драматурга, філосафа і Чалавека з вялікай літары. У чарговы раз у доме-музеі братоў Стэповічаў у Баранях адбылася імпрэза ў гонар Казіміра Сваяка.

IMG_4868.jpg

Для ўсіх – сваяк…

Пасля сябе Канстанцін Стэповіч пакінуў багатую духоўную і асветніцкую спадчыну: ён адкрываў беларускія школы і настаўніцкія курсы, арганізаваў “Хаўрус Сваякоў”, упершыню ў гісторыі развіцця Касцёла на Беларусі прамовіў казанні на зразумелай простым людзе мове – беларускай, пісаў шчымліва-лірычныя і філасофскія вершы – на ўсё і на ўсіх у яго хапала часу. Ён атуляў людзей сваёй жыццядайнай энергіяй і шчырым непадробным клопатам, але, на жаль, як свечка, хутка згарэў…

Блізкі сябар Казіміра Сваяка ксёндз Адам Станкевіч у апошнія хвіліны жыцця паэта-святара быў побач з ім. Канаючы, Кастусь узгадваў Беларусь, свой народ і прасіў апекавацца яго творамі і рукапісамі: “Можа, і будзе з гэтай маёй усёй пісаніны якая карысць для народа”.

Так і сталася… Хоць Канстанцін Стэповіч жыў і тварыў амаль сто гадоў назад, але матывы яго творчасці актуальныя і сёння:

“Не рань свайго сэрца: не бойся нікога,

Усё праміне – усё, апроч Бога…”

Хаўрус “сваякоўцаў”

Штогод у Камаях і Клюшчанах адбываюцца сваякоўскія сустрэчы. Некалькі гадоў назад касцёл Святога Яўхіма ў Клюшчанах, дзе сваю першую прыміцыйную імшу меў ксёндз Канстанцін Стэповіч, загінуў у агні – але не загінула памяць пра слыннага сына Астравеччыны.

Сёлета было вырашана правесці імпрэзу ў гонар Сваяка ў доме-музеі братоў Стэповічаў у Баранях. Меліся быць госці з Беларусі і блізкага замежжа, на жаль, многія не змаглі прыехаць у Барані. Але ад гэтага імпрэза нічога не страціла, наадварот, прайшла камерна, было па-сямейнаму ўтульна і душэўна.

IMG_4864.jpg

Разам з пробашчам Міхалішкаўскай, Клюшчанскай, Жукойне-Жэлядскай парафій ксяндзом Анатолем Захарэўскім маліліся госці, мясцовыя жыхары і бабулі, якія спецыяльна прыехалі ў Барані з Белай Вады. Прывучаныя з дзяцінства маліцца па-польску, пакрысе падчас імшы яны пачалі адказваць па-беларуску – спачатку нясмела і баязліва, а потым, з кожным прамоўленым уголас “Маліся за нас” упэўнена і гучна…

Дзякуй вам, ксёндз Анатоль, што прадаўжаеце справу Казіміра Сваяка, які ў свой час не пабаяўся праследу і вучыў звяртацца простых людзей да Бога на роднай беларускай мове.

IMG_4841.jpg

IMG_4833.jpg

Нязменная вядучая сваякоўскіх сустрэч, іх пачынальніца і захавальніца Іаланта Валуевіч адзначыла, што ў чатырнаццаты раз на Астравеччыне праходзяць сваякоўскія сустрэчы.

– У апошнія дні многія запрошаныя госці паведамілі, што не змогуць прыехаць на свята ў Барані. Я вельмі засмуцілася. Але потым прыйшлі на розум словы з Евангелля: “Дзе двое ці трое сабраліся ў імя маё, там я ёсць сярод іх”, – сказала вядучая імпрэзы. – Запрошаных многа, абраных мала.

IMG_4832.jpg

Дзякуй вам, Іаланта Францаўна, што з года ў год ахвярна і самааддана згуртоўваеце людзей, арганізоўваеце сваякоўскія сустрэчы, па дробцы збіраеце звесткі пра жыццё Канстанціна Стэповіча і ў глыбокіх даследчых артыкулах дзеліцеся імі з жыхарамі Астравеччыны. Як казаў Казімір Сваяк, “не бойся болькі ты, абы ісці ледзь змог; бо, пэўна, нас калісь нямала сабярэцца: сапхнём тады карчы з усіх дарог.”

IMG_4861.jpg

Іаланта Францаўна прыгадала светлай памяці Яську Драўніцкага, які нямала зрабіў для таго, каб імя Казіміра Сваяка заззяла ў сузор’і слаўных сыноў і дачок беларускай зямлі. У свой час Іван Пятровіч адшукаў у Ленінскай бібліятэцы ў Мінску прыжыццёвы зборнічак Канстанціна Стэповіча “Мая ліра”. Паколькі выданне можна было толькі чытаць, Іван Пятровіч уручную перапісаў яго і гэты рукапіс некалькі гадоў назад перадаў дому-музею Казіміра Сваяка ў Баранях. Сімвалічна, што нарадзіўся Яська Драўніцкі – краязнаўца і нястомны даследчык жыцця Казіміра Сваяка, у дзень смерці ксяндза-паэта, 6 мая.

Добра вядомая на Астравеччыне настаўніца і паэтка Людміла Кухарэвіч стаяла ля вытокаў зараджэння сваякоўскіх сустрэч – было гэта напачатку 90-х гадоў.

– У сэрцы кожнага з нас павінна быць адчуванне святасці, а дакрануцца да яе можна праз паэзію Канстанціна Стэповіча, – адзначыла жанчына. – Галоўнае не тое, хто прыехаў ў Барані, а што мы сабраліся разам у бацькоўскім доме Канстанціна Стэповіча, сцены якога памятаюць дотык босых ножак маленькага Кастуся, яго гуллівае шчабятанне.

IMG_4844.jpg

Людміла Іванаўна паклала на музыку верш Канстанціна Стэповіча “Спавіў мне сэрца жаль” – і пракнінёна яго выканала.

Сваякі Канстанціна Стэповіча праспявалі “Зялёны дубочак” – гэту песню маленькаму Кастусю спявала маці.

IMG_4851.jpg

Вядомы паэт Аляксандр Марозаў прачытаў некалькі сваіх вершаў.

IMG_4856.jpg

…У наступным годзе споўніцца 130 гадоў з дня нараджэння Казіміра Сваяка. Яшчэ пры жыцці Кастанцін Стэповіч задаваўся пытаннем, ці прыдзецца жаць яму тое, што сееў? І толькі ад нас, нашчадкаў, залежыць, памрэ гэта зерне ці закалосіцца і дасць плён…

Текст:
Фото: Алёна Ганулич