Уражанні астраўчан ад сустрэчы з Папам Рымскім

09:41 / 27.09.2018

У мінулыя выхадныя Папа Рымскі Францішак наведаў Літву. У Вільнюсе і Каўнасе Святога Айца віталі тысячы вернікаў з розных куточкаў краіны і бліжэйшага замежжа – у тым ліку Беларусі і Астравеччыны.

2018-09-23-kaunas-010.jpg

Удзельнікі сустрэчы з Пантыфікам падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Вайнілка.jpg

Ганна Вітольдаўна Вайнілка, касцёл Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках:

– Яшчэ вясной даведалася, што Святы Айцец плануе наведаць краіны Балтыі, і адразу загарэлася ідэяй трапіць на сустрэчу, тым больш, што віза ў мяне была. Шанс убачыць Папу Рымскага, мажліва, выпадае раз у жыцці: я б не даравала сабе, калі б не скарысталася гэтай магчымасцю.

Разам з сяброўкай – якая, да слова, аб’ехала шмат святых месцаў – мы паехалі ў Каўнас на сустрэчу з Папам Францішкам. У нас былі загадзя набытыя білеты, таму мы без праблем трапілі ў свой сектар і добра бачылі і чулі Святога Айца, які вітаў прысутных. Цяжка падабраць словы, каб перадаць свае адчуванні. Неабдымная радасць панавала ў гэтыя хвіліны, твары людзей свяціліся шчасцем… Цяжка ўявіць, што ў парку Сантакос было 100 тысяч вернікаў.

Святая імша ішла на лацінскай мове, аднак кожны маліўся на сваё мове: па-літоўску, па-беларуску, па-ўкраінску. Камунію прынялі больш за 30 тысяч чалавек. Напрыканцы імшы Папа Францішак блаславіў прысутных – і ў гэты момант пачаўся дождж, які, скончыўся праз некалькі хвілін – гэта было падобна на цуд.


Тумашчык.jpg

Ганна Тумашчык, вучаніца 9 “А” класа СШ №1 г. Астраўца:

– Столькі людзей, як было на сустрэчы з Папам Рымскім, я не бачыла ніколі ў жыцці. Я нават змагла зрабіць некалькі фотаздымкаў і запісаць відэа, калі Айцец Францішак ехаў на папамабілі. Уражанні неперадавальныя – не кожнаму ў 14 гадоў пашчасціць бачыць і чуць Папу Рымскага.


Стурлис.jpg

Кірыл Стурліс, вучань 10 “Б” класа СШ №1 г. Астраўца:

– На сустрэчу з Папам Рымскім мы трапілі дзякуючы нашаму настаўніку Паўлу Яўгенавічу Маркуну, які арганізаваў экскурсію для вучняў нашай школы. Святога Айца бачыў толькі здалёк – але і гэтым задаволены.


Маркун.jpg

Зоя Антонаўна Маркун, касцёл Святых Космы і Даміяна ў Астраўцы:

– Аднойчы на імшы ксёндз Юзаф Багдзевіч паведаміў, што будзе арганізавана паездка вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі ў Вільнюс на сустрэчу са Святым Айцом і кожны жадаючы можа далучыцца да групы. На жаль, паехаць разам з гродзенскай дэлегацыяй не атрымалася і, шчыра сказаць, да апошняга дня не ведала, на чым і з кім паеду ў Вільнюс. Але, відаць, на тое была Божая воля – разам са сваццяю паехалі ў Літву на рэйсавым аўтобусе.

Каля Вострай Брамы прастаялі каля трох гадзін. Марасіў дробны дождж, але калі пачаў пад’язджаць папскі картэж – засвяціла сонейка. Ці ж гэта не цуд? Людзі віталі Святога Айца на розных мовах, а я жагналася і прасіла блаславення для маіх родных, блізкіх, сяброў і ўсіх, каго ведаю, а таксама здароўя і міру.


Текст:
Фото: аўтара і з архіва герояў