Памолімся – і, магчыма, памоляцца дзеці за нас...

16:11 / 01.11.2017
– Дзякуй, што прыйшлі памаліцца за сваіх спачылых родзічаў і блізкіх вам людзей. І дай Бог, каб і за вас некалі нехта папрасіў ва Усявышняга. Бо вельмі страшна, калі за чалавека няма каму маліцца, – гэтыя словы бацюшкі на пропаведзі падчас бацькоўскай Дзімітраўскай суботы заселі нават не ў галаве – у душы, і не даюць спакою каторы дзень…

…Могілкі рыхтуюцца да восеньскіх Дзядоў: людзі наводзяць парадак на месцы спачыну родных і блізкіх, нясуць свежыя кветкі, запальваюць свечкі.

977660733fotolia715.jpg

Але нават у гэтыя стылыя восеньскія дні, калі яркімі краскамі гараць толькі магільныя грудкі, ля некаторых з іх – панылае запусценне: буяе пажоўклая трава, спрабуючы схаваць аблупленую фарбу на крыжах ці парослыя мохам помнікі. І сумныя вочы на партрэтах: нават у гэтыя святочныя дні яны – адны: за іх няма каму памаліцца, няма каму прыбраць месца іх апошняга прыстанішча, запаліць лампадку, якая сваім дрыготкім святлом сагрэе душу і таго, хто яе запаліў, і тых, для каго трапечацца гэты кволы агеньчык, спрабуючы перадаць на той свет цяпло роднай душы.

Я нікога не бяруся асу­джаць – не маю на гэта права. Дый не ведаю, чаму так адбываецца, чаму не да ўсіх магілак нават у гэтыя лістападаўскія дні прыйшлі на спатканне. Магчыма, чалавек жыў адзін, можа, родзічы яго далёка, мо яны захварэлі ці занятыя пільнай справай. І ўсё ж, калі бачу такія закінутыя магілкі, асабліва тых, каго доб­ра ведала, з дзецьмі-зяцямі-нявесткамі-унукамі якіх штодня вітаюся і ведаю, што ім ёсць пра што помніць і за што дзякаваць сваім бацькам-дзядам-прадзедам, сэрца сціскаецца: і гэтых забылі… І за іх няма каму памаліцца…

А нядаўна, тыдні з два таму, адбылася зусім іншая сустрэча. Чалавек шукаў свайго бацьку, які некалі жыў і працаваў у Астраўцы. Я ведала яго, у свой час мы былі калегамі, знаёмая з яго жонкай і крыху – з дзецьмі, але пра існаванне яшчэ аднаго сына нават не падазравала. Аказваецца, і сын да нядаўняга часу нічога не ведаў пра бацьку: пакуль ён рос, у сям’і было табу на гэтае слова і падобныя пытанні – мабыць, маці было за што крыўдзіцца на былога мужа. Наколькі я зразумела, бацька таксама не хацеў нічога ведаць пра пакінутага маленькім сына: як кажуць, з вачэй далоў – і з сэрца вон!

image_562006132001045621272.jpg


І вось зараз гэты прыгожы паспяховы мужчына, які займае салідную пасаду ў сур’ёзнай установе, не пашкадаваў часу і грошай – прыехаў з Расіі, каб хоць нешта даведацца пра чалавека, з якім яго яднае не толькі прозвішча і імя па бацьку.

– На нейкім этапе свайго жыцця я зразумеў, што мне гэта патрэбна – ведаць, хто быў мой бацька. І тое, якім ён быў, – гаворыць Ігар ціхім голасам – а яго пазнаю ў яго рухах, міміцы свайго даўняга знаёмага, які, на жаль, не дачакаўся спаткання з сынам. Ды, па праўдзе кажучы, не вельмі яго чакаў і шукаў…

І тое, што звесткі пра бацьку былі не самыя прыемныя, не адбілі ў сына жадання прагна распытваць пра яго жыццё, пільна разглядваць і фатаграфаваць плён яго працы, занесці кветкі на яго магілу і дрыготкімі ад хвалявання пальцамі запальваць лампадку…

DSC_7783.jpg


Дзіўна, праўда? Бацька кінуў малога, калі таму было ўсяго два гадкі: пагадзіцеся, развод з жонкай яшчэ не нагода выракацца свайго дзіцяці – а ён выкрасліў сына з жыцця… Сын мог пранесці праз усё жыццё крыўду на бацьку, якога не ведаў – здавалася б, яму няма за што гаварыць яму доб­рыя словы. А ён шукае людзей, якія яго ведалі, і магілу – каб падзякаваць. За жыццё. За творчыя здольнасці, якімі сын распарадзіўся больш памяркоўна, чым не менш таленавіты бацька. І папрасіць прабачэння за тое, што знайшоў яго занадта позна, калі пагаварыць можна толькі з партрэтам на помніку.

За гэтага не вельмі ўдалага і не самага прыстойнага чалавека, тым не менш, ёсць каму памаліцца.

А хто памоліцца за вас? За нас? За іх?..

Текст: Нина Рыбик