Научная экспедиция “Дорога к святыням” заглянет в Островец 31 августа

09:30 / 29.08.2017

бл2.jpg

Навуковая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, якая завітае ў Астравец 31 жніўня, мае два узаемадапаўняльныя пачаткі – духоўны і асветніцкі. І адна з галоўных святыняў, якая ідзе з экспедыцыяй і затым шчодра перадаецца ўсім, хто сустракаецца на яе шляху, -- Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга.

Напярэдадні гэтай важнай для горада падзеі мы сустрэліся з благачынным Астравецкага благачыння айцом Георгіем Савіцкім і папрасілі расказаць: што гэта такое – Благадатны агонь, чым ён адрозніваецца ад звычайнага полымя царкоўнай свечкі і адказаць на іншыя пытанні.

DSC_0008.jpg

--Многія пра гэта ведаюць, нехта недзе чуў, нехта, як кажуць, “не ў тэме” – бацюшка, раскажыце, чаму агонь ад Гроба Гасподняга завецца Благадатным, як ён узнікае і ідзе па свеце, навошта ён патрэбен у доме?

--Гэты цуд адбываецца з незапамятных часоў, кожную Вялікую суботу напярэдадні праваслаўнага Вялікадня. У Іерусаліме, у Храме Гроба Гасподняга, які з’яўляецца агульнахрысціянскай святыняй, збіраюцца тысячы людзей. Кувуклію, у якой знаходзіцца Гроб Гасподзень, напапярэдадні абшукваюць паліцэйскія, каб там не было ніякіх гаручых рэчываў, затым – апячатваюць. У храме тушаць усе свечкі і лампадкі.

Калі заходзіць Іерусалімскі праваслаўны патрыярх. ён разаблачаецца да падрасніка, яго абшукваюць, каб не было нічога, ад чаго мог бы запаліцца агонь. А потым усе моляцца: патрыярх – у Кувукліі, іншыя – у храме і каля яго. Часам ад моманту пачатку малітвы праходзіць некалькі хвілін, часам -- гадзіны. І потым па сценах, столі Кувукліі пачынаюць прабягаць быццам сполахі, разрады маланкі, якія, тым не менш, нікому не шкодзяць, -- і раптам да агульнай радасці ўсіх, успыхвае агонь, ад якога запальваюцца свечкі і лампады. У Благадатнага агню ёсць адна цудоўная ўласцівасць: першыя хвіліны пасля сыходжання ён не абпальвае: людзі умываюцца гэтай з неба сышоўшай благадаццю, падносяць агонь да валасоў, да барод – яны не загараюцца.

Звычайна ў той жа дзень спецыяльным самалётам з Іерусаліма Благадатны агонь дастаўляюць ва ўсе гарады – вось ужо некалькі гадоў запар падчас Велікоднай Усяночнай яго прывозяць і ў наш храм, і людзі могуць яго ўзяць дахаты.

бл1_4295.jpg

Увогуле, Благадатны агонь – гэты звычайны жывы цуд, які адбываецца кожны год. І мы павінны радавацца, што ў нас ёсць магчымасць мець у сваім доме часцінку гэтага цуду – як напамін пра напоўненае цудамі жыццё Хрыста.

Я раю ўсім жыхарам горада і раёна, незалежна ад таго, да якой хрысціянскай канфесіі яны адносяцца, сустрэць 31 жніўня духоўна-асветнікую экспедыцыю “Дарога да святыняў” і пасля хрэснага ходу і малебна ў царкве запаліць ад Благадатнага агню свае свечкі ці лампадкі і, вярнуўшыся дахаты, памаліцца каля гэтай свечкі ў цішыні, пачытаць Евангелле, адчуць на сабе благадаць, якую нясе яе маленькі агеньчык, у якім схавана вялікая сіла Іерусалімскага Благдатнага агню ад Гроба Гасподняга. І няхай гэты жывы цуд заўсёды будзе ў вашым доме і беражэ вас ад усялякіх бед.

Праграма знаходжання навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” на тэрыторыі Астравецкага раёна.

31 жніўня 2017 года

12.00 – сустрэча экспедыцыі каля адміністрацыйнага будынка лясгаса

12.30 – хрэсны ход аб будынка лясгаса да храма Святых апосталаў Пятра і Паўла

12.55 – малебен у храме Святых апосталаў Пятра і Паўла. Перадача Благадатнага агню на свечкі прыхажан

13.10 – пасадка “Саду малітвы” каля храма

13.30 – навукова-асветніцкая канферэнцыя “Дарога да святыняў” у кінаканцэртнай зале “Астравец”

Бл.jpg

Гутарыла Ніна Палеская

Фота Яўгеня Пясецкага  

 

Текст: Нина Рыбик