Очередной день информирования прошёл на базе ПУ "Островецрайгаз"

12:00 / 26.09.2014
Чарговы дзень інфармавання насельніцтва, арганізаваны пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама, прайшоў на базе ВУ «Астравецрайгаз».

Абмяркоўвалася некалькі пытанняў: сацыяльная абарона насельніцтва і механізм яе рэалізацыі ў Гродзенскай вобласці і Астравецкім раёне, неабходнасць дыялогу паміж спецыялістамі ў вобласці ядзернай энергетыкі і грамадскімі экалагічнымі арганізацыямі і тое, як праходзіць Год гасціннасці.
У першага намесніка начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Аляксеевіча Карповіча, акрамя ўдзелу ў дні інфармавання, была яшчэ адна пачэсная місія.
Наша газета ўжо паведамляла, што горад Астравец стаў пераможцам штогадовага рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання сярод населеных пунктаў чацвёртай катэгорыі. Менавіта ў гэты дзень А.А. Карповіч уручыў старшыні Астравецкага райвыканкама А.Д. Кавальку адпаведны Дыплом і вымпел за перамогу нашага горада ў гэтым конкурсе.
Акрамя таго, падчас сустрэчы з працаўнікамі «Астравецрайгазу» Аляксандр Аляксеевіч расказаў прысутным аб дэмаграфічнай сітуацыі ў Гродзенскай вобласці, сістэме пенсіённага забеспячэння і дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама Валерый Вацлававіч Барташэвіч дапоўніў Аляксандра Аляксеевіча Карповіча і паведаміў пра сістэму сацыяльнай абароны насельніцтва ў Астравецкім раёне.
Кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце і сувязях з грамадскасцю РУП «Беларуская атамная станцыя» Эдуард Іванавіч Свірыд спыніўся на пытаннях узаемадзеяння дзяржавы і грамадскіх аб'яднанняў у галіне ядзернай энергетыкі.
У прыватнасці, ён паведаміў, што грамадскае аб'яднанне «Экалагічная ініцыятыва» рэалізуе праект «Грамадскі маніторынг уздзеяння Беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе». У рамках праекта быў заключаны дагавор з вядучай навуковай арганізацыяй Беларусі – Рэспубліканскім цэнтрам радыяцыйнага кантролю і маніторынгу на ажыццяўленне радыяцыйнага абследавання аб'ектаў навакольнага асяроддзя на тэрыторыі будаўніцтва Беларускай АЭС. Згодна з умовамі гэтага дагавору, супрацоўнікі цэнтра сумесна з валанцёрамі беларускіх экалагічных недзяржаўных арганізацый у кастрычніку мінулага года правялі адбор проб глебы, паветра, грунтовых і паверхневых вод і іншых. За час існавання праекта праведзена шэраг мерапрыемстваў – менавіта пра іх і расказаў у сваім выступленні Эдуард Іванавіч.
Вынікі дня інфармавання падвяла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Букель.


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.