У островецких боксёров появился настоящий ринг

16:00 / 22.09.2014
Нарэшце! Адбылося тое, што павінна было быць даўно. Пра што ўсе марылі і чаго жадалі, хоць, магчыма, хтосьці ўжо страціў веру і надзею. Але спадзяванні і намаганні тых, хто быў гатовы змагацца да канца, не былі марнымі. І зараз спартыўная зала Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы перакваліфікавалася ў сапраўдную залу для бокса. Тут, у самым цэнтры залы, наведвальнікаў сустракае велічны і непахісны, цвёрды і магутны, як дакладны ўдар прафесіянала, сапраўдны баксёрскі рынг!

Прызнаюся шчыра, калі ішла на “знаёмства” з абноўленай спартыўнай залай для бокса, лічыла, што нечаканасцяў не будзе і я ведаю, што ўбачу: прывычныя “грушы” розных памераў, скураныя пальчаткі, спецыяльны рынг, які звычайна ўстанаўлівалі на спаборніцтвах, што праводзіліся ў Астраўцы. Аднак пераступіла парог залы – і дух захапіла. Гэта было так неспадзявана, захопліваюча, нечакана, эфектна... Што называецца, удар “пад дых” – і поўны накаўт.
Пасярэдзіне залы размяшчаецца САПРАЎДНЫ баксёрскі рынг! Які з першых секунд заварожвае, бярэ ў палон і прыцягвае магнітам. Амаль з мяне ростам, таму падымацца на яго трэба па лесвіцы. Тут адчуваеш усю магутнасць і магію бокса. Успомнілася, з якім гонарам трэнер і гуру астравецкіх баксёраў Аляксей
Зянонавіч Маргуж пра яго расказваў – зараз стала зразумела, чаму: раўнадушна глядзець на гэтае спалучэнне сілы і моцы духу, мужнасці і трываласці проста немагчыма.
Праўда, не рынгам адзіным… Акрамя яго, у новай баксёрскай зале гарманічна суіснуюць вялікія і малыя “грушы”, асобныя люстэркі, спецыяльны трос для адпрацоўкі ўдараў і яшчэ шмат прыстасаванняў, у назве якіх баюся памыліцца.
А яшчэ ўражвае эстэтычны выгляд залы! Чаго толькі каштуе малюнак двух баксёраў на рынгу і выява сціснутых у напружаным чаканні кулакоў у пальчатках – у жывасці эмоцый, сапраўднасці фарбаў, ва ўменні ў дэталях перадаць характар бачна аўтарства таленавітага мастака Дзяніса Ходаса. А партрэты вядомых прафесіяналаў бокса над рынгам натхняюць на перамогу.
– Баксёрскі рынг нам выдзеліла Беларуская федэрацыя бокса, – расказвае Аляксей Зянонавіч. – Праўда, пакуль у нас не было залы, ён некаторы час быў незапатрабаваны. Што тычыцца ўсяго астатняга, то матэрыяльна дапамагаюць былыя выхаванцы, за што ім дзякуй. Работа Дзяніса Ходаса, думаю, у прадстаўленні не мае патрэбы. Астатняе мы з рабятамі самі размяшчалі, развешвалі, упрыгожвалі. Канешне, гэта яшчэ не ўсё, і ўдасканальванне залы працягваецца, але для трэніровак яна гатовая.
Пакуль мы размаўлялі з Аляксеем Зянонавічам, на рынгу ва ўсю разміналіся яго выхаванцы. І калі я спытала, як трэніруецца на новым рынгу і ці падабаецца ім, адказы пасыпаліся з розных бакоў – хорам і наперабой:
– Канешне, падабаецца! Проста супер! Ды наш новы рынг – самы лепшы! Зараз усе перамогі будуць у нас!
Трэніравацца на такім рынгу – адно задавальненне…
Рабяты не проста задаволены – яны ганарацца, што ў нас нарэшце з’явілася асобная зала і рынг, – дадае іх трэнер. –Трэба чуць, як яны пра гэта расказваюць сваім сябрам, аднакласнікам, бацькам… Канешне, зала яшчэ не поўнасцю падрыхтаваная, але, спадзяюся, пры падтрымцы і дапамозе нераўнадушных людзей, усё хутка будзе завершана. Плануем афіцыйнае адкрыццё з усімі ўрачыстасцямі, на якое абавязкова запросім бацькоў юных баксёраў, былых выхаванцаў, вядомых землякоў і ўсіх жадаючых. Людзі павінны бачыць, чым тут займаюцца, і ведаць, што бокс – не пусты гук. Бокс – гэта жыццё.


-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.