Во взаимодействии Михалишковского лесничества и ольховского школьного лесничества есть результат

13:00 / 22.09.2014
Чалавек быў створаны не толькі, каб панаваць над прыродай, выкарыстоўваючы яе багацце, але і для таго, каб клапаціцца пра яе, ахоўваючы і памнажаючы. Лес – гэта сэрца нашай планеты, і яго патрэбна берагчы і ахоўваць так, як гэта робяць нястомныя работнікі лясніцтваў. Яны даюць нам, жыхарам Зямлі, магчымасць дыхаць чыстым паветрам, любавацца хараством прыроды роднага краю, бескарысна выкарыстоўваць дары лесу.

Напярэдадні прафесійнага свята людзей, якія сваёй працай падтрымліваюць прыгажосць прыроды, спрыяюць рацыянальнаму выкарыстанню лясных рэсурсаў, хочацца падзяліцца сваімі ўражаннямі аб дзейнасці Міхалішкаўскага лясніцтва, якое ўзначальвае апантаны сваёй справай чалавек – ляснічы Яўген Сяргеевіч Волкаў.
На працягу некалькіх гадоў на базе Міхалішкаўскага лясніцтва актыўна дзейнічае альхоўскае школьнае лясніцтва “Жывіца”. Шмат карысных сумесных спраў на ўліку дзяцей і дарослых. Акрамя таго, кожны год вучні школы з задавальненнем і цікавасцю наведваюць Міхалішкаўскае лясніцтва, дзе экскурсію праводзіць сам ляснічы. Дзеці знаёмяцца з умовамі работы і прыладамі працы леснікоў. Яркія ўражанні застаюцца і пасля наведвання дэндрапарка. Вучні і настаўнікі ўдзячны работнікам лясніцтва за ўвагу і падтрымку.
Дзякуючы адказным адносінам да справы, пільнасці і ўвазе работнікаў лясніцтва, за ўвесь летні перыяд у нашай мясцовасці не адбылося ні аднаго ляснога пажару.
Чысціня і дагледжанасць берагоў ракі Страча заўсёды ўражваюць не толькі жыхароў Альхоўкі, але і гасцей, якія часта праводзяць свой адпачынак у нашых жывапісных мясцінах. А падтрымліваць парадак дапамагае школьнае лясніцтва “Жывіца”.
Кожны жыхар Альхоўкі з удзячнасцю ўспамінае работнікаў лесу, калі праходзіць па цэнтральнай вуліцы вёскі, дзе ўзвышаецца магутны драўляны крыж. Для жыхароў вёскі ён з’яўляецца не толькі сімвалам веры, але і знакам клопату і неабыякавасці з боку кіраўніка лясніцтва.
У дзень прафесійнага свята ўсім работнікам лясной гаспадаркі жадаем водару свежасці, задавальнення ад працы, натхнення і аптымізму! А яшчэ – адказных і выхаваных турыстаў, якія не проста ацэняць працу лесніка, а дапамогуць падтрымаць у лесе парадак і захаваць хараство прыроды!


-----------------------------------
Яніна Куцько, кіраўнік школьнага лясніцтва «Жывіца» Альхоўскай сярэдняй школы.