Долгожданная осенняя ярмарка прошла в субботу в Островце

10:00 / 17.10.2013
Ну хіба восень можна было б перавесці ў разрад “выканана”, калі б не грымнуў восеньскі кірмаш?! Вось і я кажу: не залічылася б… Традыцыйнага кірмашу чакаюць з нецярпеннем: адны – каб набыць на зіму бульбу-морквачку; другія – кааб прыкупіць ад непасрэднага вытворцы “парнога”, без папярэдняга замарожвання, мясца, рыбкі ды іншых здабыткаў; трэція – каб патрэбу ў шашлычку ды блінцах задаволіць на месцы; чацвёртыя – звонкімі прыпеўкамі мясцовых талентаў душу сагрэць; пятыя – на людзей падзівіцца ды сябе паказаць…

На сёлетнім кірмашы было ўсё. І бульбачка. І мяса. І шашлыкі. І песні. Першай “размялі” бульбачку. Падчыстую. Як ніколі раней. І яшчэ б бралі, ды попыт перавысіў прапанову. А вось мяса хапала – і свініны, і ялавічыны. Прычым розных разрубачных і адкормачных катэгорый. Нават у выглядзе тушонак, адна з якіх, самая вялікая, разгульваючы па кірмашы, сама вышуквала сабе пакупніка. І рыбы было – ночвамі: паўмятровыя шчупакі, таўсталобікі – з добрае палена, карпы – плаха-плахай! А карасікі атрымаліся больш элегантнымі – як у Карцава: хоць дробныя, затое па тры рублі. А тыя, першыя – ну сапраўдныя звяры! І яблыкі прадаваліся. І яблыні. Тон тут задаваў галава гадавальніцкай гаспадаркі спадар Лабачэўскі. Хоць – нельга не адзначыць – без канкурэнтаў ён не застаўся: саджанцамі гандлявалі і іншыя. А мядоў было “да выбору-да калёру!” І мука прадавалася. І крупы. І збожжа, з якога яны вырабляюцца. А яшчэ вілы, гачкі, лапаты і чаранкі да іх. І вырабы з лазы  ды саломкі. І валёнкі. І шкарпэткі цёплыя. І… Словам, на сёлетнім кірмашы было, як у Грэцыі, – усё!
Але здзіўляла не багацце асартыменту – бянтэжылі цэны. Чамусьці сёлета прывычных кірмашовых зніжак не існавала: кошт рыбы, мяса, гародніны быў звычайны, “сярэднемагазінны”. Капуста, наогул, “скокнула” пад 3900 рублёў за кілаграм. І ўсё роўна за ёй стаялі чэргі. Не ўдарыла тварам у гразь спажывецкая кааперацыя: ад прысмакаў гнуліся шматлікія прылаўкі, таміўся на вугельчыках і шашлычок… Але напісаць пра яго “высокім штылем” пасля таго, як у дзвюх кропках паспытала яго на смак, прабачце, не магу – страўнік не дазволіць, яшчэ памятае наступствы.
Традыцыйныя “панадворкі” на сёлетнім кірмашы адсутнічалі – да вялікай палёгкі калгасных спецыялістаў і работнікаў сельскіх Дамоў культуры. Хаця народ таптаўся ў пошуках прывычнай забавы, пера- пытваючыся адзін у аднаго: “А дзе сёлета панадворкі?” Асабліва нерваваліся тыя, хто меў намер паўдзельнічаць у конкурсе “Злаві парася!”. Але без песень кірмаш не застаўся – сцэна амфітэатра іскрылася талентамі раённага і сельскіх Дамоў культуры. Праўда, гледачоў у работнікаўкультуры было – раз, два і аблічыўся: усе аддавалі перавагу гандлёвым радам. Думаецца, калі б падобны кірмашовы канцэрт ладзіўся ў цэнтры падзеі на спецыяльна зладжаным памосце – тады б недахопу ў гледачах не існавала.
Ну і пра самае набалелае... Шмат гаворыцца пра наша бескультур’е: маўляў, дзе жывём, там і смецім. Але куды, скажыце, было падзець фанцік, выкарыстаную талерку ці паперку ад марожанага, калі не было ніводнай сметніцы ў акрузе?
Кірмаш прайшоў. І было ў ім, напэўна, процьма добрага і патрэбнага людзям. Аднак і без лыжкі дзёгцю не абышлося…


-------------------
Ганна ЧАКУР.