Школьники Островецкого района приняли участие в акции "Час Земли"

13:00 / 05.04.2013
Настаўнікі і школьнікі Мальскага дзіцячага сада-базавай школы прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных акцыі “Гадзіна Зямлі”.

З раніцы 22 сакавіка ў школе распачала работу выстава фотаздымкаў і кніг. Навучэнцы і педагогі прадэманстравалі шэраг цікавых і незвычайных фотаздымкаў на экалагічную тэматыку. А самыя лепшыя з іх па выніках галасавання прынялі ўдзел у інтэрнэт-фотаконкурсе “Паляванне за зялёным кадрам”.
Экалагічныя мерапрыемствы прадоўжыліся на школьнай лінейцы. Удзельнікі экалагічнага гуртка “Ручаёк” пазнаёмілі з гісторыяй акцыі і яе неабходнасцю, а таксама заклікалі ўсіх прысутных да ўдзелу ў ёй.
Дзевяцікласнікі і педагогі змагаліся за перамогу ў гульні “Зялёнае “Што? Дзе? Калі?”, пытанні на якую даслаў рэспубліканскі эколага-біялагічны цэнтр ШПІРЭ. З адрывам у 1 бал з лікам 8:7 перамагла каманда настаўнікаў.
А самым цікавым удзельнікі гульні прызналі пытанне празялёнае святло святлафора: “У адным з нумароў часопіса «Cosmopolitan» на Украіне» зялёным колерам была надрукавана інфармацыя, што жыхары буйных гарадоў губляюць паўгода свайго жыцця на чаканне ЯГО. Назавіце ЯГО”.
Вучні пачатковых класаў адправіліся ў падарожжа ў Экаград. Яны пазнаёміліся з праблемамі экалогіі, прапанавалі свае шляхі іх вырашэння, праінсцэніравалі казку і ў гульнёвай форме даказалі неабходнасць правядзення акцыі “Гадзіна Зямлі”.
Дзякуючы цікавым мерапрыемствам, што прайшлі ў школе, у значнасці акцыі ўпэўніліся ўсе: і школьнікі, і педагогі, і бацькі, і жыхары аграгарадка.


-------------------------------------------------------------------------
Вікторыя СЯРГЕЙ, вучаніца 9 класа Мальскага НПК.


Фота з сайта grosfail.ru.