Папрацавалі плённа

11:08 / 10.01.2023

Раённая арганізацыя ветэранаў на чарговым пленуме падвяла вынікі дзейнасці за мінулы год. 

Як адзначыла яе старшыня Ірына Шляхтун, 2022-гі быў насычаны важнымі падзеямі. Ветэраны актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон дзяржавы: былі ў складзе раённай і ўчастковых камісій, выступалі ў якасці назіральнікаў. На працягу года ветэраны ўдзельнічалі ў адзіных днях інфармавання, у сустрэчах з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў В.З. Свілам, І.А.Марзалюком, з памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ю.Х.Караевым, кіраўніцтвам аблвыканкама. 
На дыялогавых пляцоўках абмяркоўвалі законапраекты «Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь», «Аб Усебеларускім народным сходзе».
Мінулы год быў юбілейным: у сакавіку наша суполка адзначыла 35-годдзе. Ва ўрачыстай абстаноўцы раённыя выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў, грамадскія арганізацыі «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын», прафсаюзныя камітэты, арганізацыі і ўстановы раёна ўручылі актыўным удзельнікам ветэранскага руху граматы, Падзячныя лісты і падарункі.
Раённая і пярвічныя арганізацыі дзейна далучаліся да мерапрыемстваў па святкаванні 77-годдзя Вялікай Перамогі і 78-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дня ўсенароднага адзінства. Увекавечанне памяці загінулых пры абароне Айчыны, догляд помнікаў, магіл воінаў і мірных жыхароў – таксама ветэранскі клопат.
Напрыканцы верасня – пачатку кастрычніка ў раёне прайшла 12-я абласная дэкада «Залаты ўзрост», вядома, пры ўдзеле нашых ветэранаў. 
Асаблівым клопатам і ўвагай акружаны ветэран Вялікай Айчын­най вайны В.Ц. Ярохіна і былыя вязні канцлагераў, што жывуць на Астравеччыне. Раённы савет ветэранаў разам з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, грамадскімі арганізацыямі да ўсіх свят і юбілейных датаў наведваў  пажылых людзей з віншаваннямі і падарункамі.
Арганізоўвалі ветэраны культурна-масавую і творчую дзейнасць людзей пажылога ўзросту: клубы па інтарэсах, гурткі прыкладнога мастацтва і камп’ютарнай граматнасці, фізкультурна-аздараўленчыя групы. Нашы ветэраны многа падарожнічалі па родным краі: наведалі сядзібу М.-К. Агінскага на Смаргоншчыне, выставачны комплекс Нацыянальнай біблія­тэкі, Батанічны сад у Мінску, былі на БелАЭС, у Ашмян­скім краязнаўчым музеі, у Нясвіжы і Міры.
У скарбонцы добрых спраў ветэранскай суполкі – паэтычны конкурс «Памяць сэрца», прысвечаны Году гістарычнай памяці і 80-годдзю Сталінградскай бітвы. Пераможцы яго атрымалі ўзнагароды. Галоўным напрамкам сваёй дзейнасці раённы савет лічыць выхаванне ў моладзі патрыятызму, інтэрнацыяналізму, калектывізму, свядомага стаўлення да працы, вучобы, воінскай службы, дысцыпліны. Дзеля поспеху гэтай справы ветэранская арганізацыя цесна супрацоўнічае з БРСМ.
Мацуюцца сяброўскія сувязі з калегамі суседніх раёнаў і абласцей з узаемна карысным абменам вопытам. 

Фота з архіва "АП".



Текст: