Некалькі гадзін з дня сацыяльнага работніка Ліліі Бурай

14:25 / 05.01.2023

IMG_9781.jpg

Хто такія сацыяльныя работнікі, ведаюць калі не ўсе, то большасць. Калі коратка: гэтыя людзі аказваюць пэўныя паслугі тым, хто мае ў іх патрэбу. Аднак за сухімі словамі хаваецца значна больш, чым проста дастаўка прадуктаў, уборка дома, прыгатаванне ежы. У гэтым карэспандэнт «раёнкі» ўпэўніўся, правёўшы з сацработнікам некалькі гадзін яго працоўнага дня.  

З сацыяльным работнікам Ліліяй Бурай мы сустрэліся ранкам на плошчы і накіраваліся на вуліцу Набярэжную – там жыве адна з яе падапечных, якая стаіць першай у графіку наведвання. Па дарозе распытваю жанчыну пра работу: як трапіла ў сацыяльную службу, з чаго пачынаецца дзень, колькі чалавек у яе на абслугоўванні. 
– Мой дзень пачынаецца ў 8 гадзін – як і ў работнікаў іншых арганізацый, – расказвае Лілія Уладзіміраўна. – Дарэчы, жанчына, да якой мы зараз накіроўваемся, вельмі ціка­вая, мы з ёй можам гадзінамі размаўляць за жыццё. Агульных тэм хапае, адна з іх – медыцына. Мая падапечная больш за 30 гадоў адпрацавала ў аптэцы, а я доўгі час была рэнтгенлабарантам у адной з паліклінік Мінска.
Лілія пераехала ў Астравец даглядаць цяжка хворага бацьку – і засталася на малой радзіме. Жанчына прызналася, што спачатку вельмі сумавала па сталіцы, але затым прывыкла. Настолькі, што, калі таты не стала, вырашыла не вяртацца ў буйны горад. Спачатку Лілія Уладзіміраўна працавала сядзелкай, але пачаліся праблемы са здароўем. У аддзеле сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра ёй прапанавалі альтэрнатыву – стаць сацыяльным ра­бот­нікам. І яна згадзілася.
– Не заўважыла, як уцягнулася, – адзначае жанчына. – Нават прывыкаць не давялося, адразу з’явілася адчуванне, што працую тут даўно. Магчыма, паўплывала тое, што да гэтага даглядала тату, бачыла боль і немач. Мае падапечныя – людзі сталага ўзросту, вартыя разумення і павагі. 
За размовай мы дайшлі да першага адрасата – 86-гадовай Ларысы Гаваноўскай. Пакуль сацыяльны работнік выконвала свае абавязкі: падмятала падлогу, рабіла вільготную ўборку, насіла ваду і іншае – я сакрэтнічала з гаспадыняй.
– Лілечка такі цудоўны чалавек, якіх яшчэ пашукаць трэба, – расказала Ларыса Дзмітрыеўна. – Яна ўжо больш за год дапамагае мне, і за гэты час я не магу нарадавацца і заўсёды з нецярпеннем чакаю яе прыходу. Лілія не толькі выдатна спраўляецца з работай, яна бачыць, калі і што патрэбна чалавеку, бо вельмі чулая і спагадлівая. Яна не шкадуе свайго часу, каб лішні раз зазірнуць і спытаць, як сябе адчуваю, ці не патрэбна чаго. Такіх людзей трэба шанаваць. 

IMG_9773.jpg

У падапечных, якія жывуць у прыватным доме, сацыяльны работнік праводзіць 2,40 гадзіны, у кватэры – 1,50. З Набярэжнай мы ідзём на вуліцу Пушкіна – гэта добры кавалак дарогі. А ўлічваючы, што на дварэ адліга і ісці цяжка, ужо пасля 15 хвілін дарогі адчуваеш сябе нібы ў спартыўнай зале. 
– Летам прасцей: можна на веласіпедзе ездзіць, а ў мяне электрасамакат – на ім наогул шыкоўна, – расказвае Лілія Ула­дзіміраўна. – Абслугоўваю 9 чалавек. Згодна з графікам двух я наведваю да абеда, аднаго – пасля. Але ж у кожнага свае патрэбы, таму разлічыць час складана, з-за гэтага часам працоўны дзень заканчваецца ў 20.00. 
У Веры Байко, да якой мы завіталі, у доме пячное ацяпленне – Лілія Уладзіміраўна тут жа адправілася за дровамі.
– Добрая яна жанчынка, рухавая – бы самалёт, – адзначае Вера Антонаўна. – Люблю я такіх, бо сама калісьці хуткая ды спраўная да работы была. Цяпер ужо зусім не тое – хутка 92 гады, якая тут жвавасць. Добра, што дачка побач і Ліля прыходзіць – яна і хату, калі трэба, прыбярэ, і малачка з раніцы запарыць, і навіну якую-небудзь раскажа. Лепшай памагатай і не трэба.

IMG_9783.jpg

Слухаючы Веру Антонаўну, разу­мею, што дапамагае не толькі добрая справа, але і спагад­лівае слова.  
На вуліцы Пушкіна мы  з Ліліяй Уладзіміраўнай развіталіся. Яе чакаў яшчэ адзін падапечны, а мне і двух наведванняў хапіла, каб упэўніцца, што праца сацыяльных работнікаў – складаная, для многіх нябачная, але неабходная для людзей.
Текст:
Фото: Марина Мацкевич