Пра саломапляценне пагутарылі з Аленай Малышавай

10:13 / 25.12.2022

IMG_9176.jpg

Здавён саламяныя вырабы суправаджалі чалавека на працягу жыцця: павук ахоўваў сям’ю ад бед і няшчасцяў, птушачкі засцерагалі немаўлятка ў калысцы ад злых вачэй… Напачатку снежня беларускае саломапляценне ўнеслі ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей ЮНЕСКА. Гэта пяты элемент нашай культуры, які трапіў у такі спіс. Раней туды «запісалі» лясное бортніцтва, Будслаўскі фэст, абрады «Юраўскі карагод» і «Калядныя цары». 

Пра традыцыю саломапляцення і яго сучасныя варыяцыі, значнасць гэтага рамяства для беларусаў карэспандэнт пагутарыў з майстрам народных промыслаў аддзела рамёстваў цэнтра культуры і народнай творчасці Аленай Малышавай. Напярэдадні калядных і навагодніх свят не абышлося і без майстар-класа па стварэнні ёлачнай цацкі.

– Вы самі нарыхтоўваеце матэрыял? Плесці можна з любога збожжа?
– Жыта сеем на прысядзібных участках, таксама з матэ­рыялам дапамагаюць гаспадаркі раёна. Салому нарых­тоўваем з чэрвеня па ліпень. Падыходзіць толькі жытняя. Пачынаем гэта рабіць пасля Купалля: продкі лічылі, што травы і зёлкі да гэтага часу нельга збіраць. Галоўная ўмова, каб у расліны быў недаспелы колас. Збіраем звычайна ў 2-3 этапы. Сушым на сонцы, пакуль салома цалкам не выгарыць і не знікне зялёны колер. Калі збожжавыя сцяблінкі сабраць пазней, то будуць больш грубыя і ломкія. Для надання эластычнасці і мяккасці салому, папярэдне падзяліўшы па каленцах, варым гадзіну. Верхняе выкарыстоўваем для пляцення дробных работ. Другое ідзе на больш вялікія вырабы, трэцяе – для стварэння павукоў. 

IMG_9126.jpg

– Сёлета зроблены вамі да абласных «Дажынак» сноп прызналі лепшым на Гродзеншчыне. Ці доўга яго рабілі і якія культуры выкарыстоўвалі?
– Ячмень, пшаніцу і жыта – яны найбольш характэрныя для Астравеччыны. Для ўпры­гожання выкарыстоўвалі лён. Для аздаблення – белыя і блакітныя стужкі і званочкі з саломкі. Сноп рабілі з невялікіх снапкоў тыдзень з майстрам па выцінанцы і мастацкай апрацоўцы скуры Ірынай Баршчэўскай і майстрам народных промыслаў Таццянай Былінскай. Каб звязаць усе снапочкі ў адзін і зрабіць яго трывалым, патрэбна вялікая сіла.

– Якія яшчэ нюансы ёсць у вашай рабоце?
– Калі ў расліны колас тонкі, мяккі – матэрыял для пляцення атрымаецца не лепшай якасці. Асноўны паказчык для саломкі – цвёрдасць і пруткасць. Выкарыстоўваем толькі вільготную саломку, каб не ламалася і не крышылася. У працэсе работы змочваем сцябліны. Фарбаваную саломку бяру толькі для дэкарыравання вырабаў, якія нічым не пакрываю. 

– Як успрынялі навіну пра занясенне саломапляцення ў спіс нематэрыяльных сусветных каштоўнасцей?
– Абрадаваліся! Беларускія майстры, у тым ліку астравецкія, ішлі да гэтага доўга. Мы ўдзельнічаем у выставах, фэстах, абменьваемся вопытам з калегамі з іншых рэгіёнаў краіны. У нашым аддзеле пляце з саломы яшчэ і Ганна Іосіфаўна Петрык. 

– Як даўно гэтым вы займаецеся і каго лічыце сваімі настаўнікамі?
– З саломкі пляту больш за 10 гадоў – з часу, калі прыйшла ў аддзел рамёстваў. Настаўнікамі лічу тагачасных загадчыка Тамару Іванаўну Гаваноўскую і вядучага спецыяліста па саломапляценні Валянціну Вільеўну Віннічак – яны не шкадавалі парад і дзяліліся сваім уменнем. Мы разам выконвалі заказы, афармлялі выстаўкі – гэта быў плённы час сумеснай работы. Тады ўвесь калектыў умеў плесці з саломкі. 

– Ці адрозніваецца тэхніка саломапляцення па рэгіёнах?
– Хоць ёсць агульнапрынятыя тэхнікі, напрыклад, «зубатка», вырабы майстроў адрозніваюцца. Свае кветкі я пазнаю з дзясятка іншых. У кожнага рамесніка ўнікальныя заломы, уклад саломкі, аздабленне – свой стыль. Раней, напрыклад, вялікія вырабы сшывалі льном, цяпер выкарыстоўваем клей, леску, капронавыя ніткі.

– Алена Ігнатаўна, саломапляценню жыць?
– Канешне! Да нас на майстар-класы прыходзяць дзеці малодшага школьнага ўзросту. З імі пляцём прос­тых плоскіх анёлкаў, птушачак, пацеркі. 

Цацка на ёлку 
Алена Ігнатаўна правяла майстар-клас па стварэнні аб’ёмнага анёлка з рознымі саламянымі ўпрыгожаннямі, але паўтарыць яго нашым чытачам без непасрэднага ўдзелу рамесніка будзе складана. А мы прапаноўваем зрабіць просценькага анёлка.
Вам спатрэбяцца: папярэдне змочаныя саломінкі, нажніцы, ніткі для аздаблення і пераплёту спаднічкі. 
Ад 5 да 8 саломінак перагінаем па цэнтры, на схіле фарміруючы галаву анёлка, і завязваем ніткай.Такія ж, але ўдвая карацейшыя саломінкі будуць крыламі. Саломінкі не загінаем, перавязваем пасярэдзіне ніткай. Нажніцамі прыдаём форму, па жаданні – пераплятаем ніткамі, стужкамі. Саломінкі першага пучка разбіраем напалову і прыкладваем крылы. Ад галавы анёлка адступаем некалькі сантыметраў і перавязваем ніткай, каб сфарміраваць тулава. Робім спаднічку, таксама яе ўпрыгожваем. Засталося павесіць цацку на ёлку!

Пытанне ў тэму: чым упрыгожана ваша ёлка?
– Штогод навагодняе дрэва ў мяне з рознымі цацкамі і аздабленнем. Ёсць скрыначка з саламянымі. Іх чапляю на галінкі, калі на святы чакаю асаблівых гасцей. Гэта не толькі прыгожа, 
але і каларытна – у нашым беларускім стылі. 

IMG_9149.jpg


Текст:
Фото: Алена Ганулич