Тры прыклады ідэальнай сям’і. Ведаеце больш? Падзяліцеся!

12:24 / 12.10.2022
Нядаўна расказалі гісторыю, якая напачатку падалася смешнай, а потым прымусіла задумацца…

…Знайшліся ў сацыяльных сетках былыя аднакласнікі: ён ужо 20 гадоў жыве ў Амерыцы, яна засталася ў іх родным горадзе. Пагутарылі, успомнілі сяброў дзяцінства і настаўнікаў, знаёмых…

– Ну добра, давай закругляцца, – стала развітвацца жанчына, калі традыцыйныя тэмы першай сустрэчы былі вычарпаны. – Пайду падлогу дамываць, ты сваімі ўспамінамі мяне ад справы адарваў.

– Ты што, сама кватэру прыбіраеш? – упаў у лёгкі ступар суразмоўца. – Але чаму? У цябе, ты ж казала, добрая работа, няўжо ты не можаш запрасіць клінінг-лэдзі?

– Ну пры ўсім тым з маёй не самай горшай зарплатай я сабе такую раскошу дазволіць не магу, – паціснула плячыма былая аднакласніца.

– Добра, я пастараюся прыслаць табе грошай, каб ты больш адпачывала, – сумеўся колішні сябар.

– Дзякуй, але не варта, – засмяялася жанчына. – Нават калі ў цябе будзе магчымасць пераслаць мне якую сотню долараў, то я знайду ім лепшае прымяненне, чым наймаць хатнюю гаспадыню. У нас гэта не прынята… 

– Але чаму? –  не мог зразумець сябар дзяцінства.

– Скажы, а калі ты з сям’ёй жыў у Беларусі, хто прыбіраў ваш дом? – зазлаваўшыся, нагадала аднакласніца не такія далёкія, каб пра гэта забыцца, рэаліі жыцця.

Мужчына колькі часу разгублена маўчаў, а потым шчыра прызнаўся:

– Не ведаю… Маёй справай было грошы зарабляць. У колькі б ні вярнуўся дахаты, дома заўсёды было чыста і мяне чакаў свежы і смачны абед.

– Ну, значыць, у вас была ідэальная сям’я, – усміхнулася жанчына. – Гэта калі жонка пераканана, што грошы бяруцца ў тумбачцы, а муж – што абед сам па сабе з’яўляецца на пліце…

…А вы як лічыце – такая сям’я ўзор для пераймання? 

Я, напрыклад, ведаю іншую, якую таксама лічу блізкай да ідэальнай: муж і жонка тут заўсёды ўсё робяць разам. Ён плот гародзіць – яна цвікі падае, яна кветкі перасаджвае – ён зямлю носіць, ён машыну рамантуе – яна чай гарачы з бутэрбродамі ў гараж дастаўляе, яна бялізну мые – ён развешвае... І ўсё дружна, з жартамі, з усмешкай… 

А даўні знаёмы неяк між іншым – проста да слова прыйшлося – расказаў, што ў іх доме няма падзелу на мужчынскую і жаночую работу.

– Хто першым вярнуўся дахаты, той і вячэру гатуе, хто менш стаміўся, той і посуд мые, – з непрыхаваным гонарам расказваў ён пра сямейны ўклад. – Я дапамагаю сыну з хатнімі заданнямі па фізіцы і матэматыцы, жончына прэрагатыва – літаратура, мова, гісторыя. А адпачынак, вандроўкі, вылазкі на прыроду – гэта толькі разам!

Дык якая ж сям’я – ідэальная? Пытанне рытарычнае, таму прымем за аксіёму, што такія ўсё ж бываюць.) Як трэба будаваць узаемаадносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, каб усім было добра? 

Як па мне, дык у такой далікатнай сферы, як сям’я, увогуле не існуе агульнапрынятых правілаў. Напэўна, толькі тое, што добра ўсім і задавальняе кожнага, мае права на жыццё. Жанчына можа касіць газон, а мужчына варыць боршч – і пры гэтым абое будуць шчаслівымі. А можна, дастаўшы талеркі і лыжкі з посудамыечнай машыны, жаліцца: «Я ў цябе рабыня!» Ці, апранаючы раніцай адпрасаваныя жонкай штаны, закаціць ёй скандал з-за двайной стрэлкі. 

…Неяк прачытала ў аднаго з сучасных аўтараў: «Два геніі вельмі добра могуць ужывацца пад адным дахам. Верагодна, што дах пры гэтым будзе працякаць і нават можа рухнуць – галоўнае, каб ніхто не прыносіў сябе ў ахвяру іншаму». Напэўна, ідэальная сям’я – менавіта тая, дзе ніхто не прыносіць сябе ў ахвяру. 

А вы як лічыце? Дзяліцеся сваімі меркаваннямі ў каментарыях у сацыяльных сетках ці ў пісьмах і тэлефанаваннях у рэдакцыю.


Текст: Нина Рыбик