Знаёмцеся: добры кіраўнік, вопытны настаўнік, няўрымслівы працаголік і абаяльная жанчына Марына Арлоўская

09:19 / 09.10.2022
Яна прайшла шлях ад вучаніцы музычнай школы да яе дырэктара, лічыць свой калектыў найлепшым, не ўмее працаваць напалову сіл – і пры гэтым застаецца абаяльнай жанчынай, клапатлівай жонкай і маці. Як удаецца ўсё і ўсюды паспяваць, калі ў яе жыцці з’явілася музыка і што робіць чалавека шчаслівым – пра гэта і не толькі ў інтэрв’ю расказала дырэктар Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Марына Арлоўская.

– Больш за тры гады вы ўзначальваеце школу мастацтваў. Як адчуваеце сябе ў ролі дырэктара, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся і ў чым сакрэт поспеху?

– Я прыйшла працаваць настаўнікам у тады яшчэ музычную школу ў 1999 годзе, з 2016-га з’яўлялася намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. За гэтыя гады назапасіўся дастаткова важкі вопыт, таму пасада дырэктара не выклікала шоку ці боязі. Так, гэта адказнасць, вялікі пласт работы, недахоп часу. Так, гэта складана, – але магчыма. Словам, дыскамфорту я не адчула і не адчуваю. Напэўна, мне пашанцавала, бо я вырасла ў гэтым калектыве і ведаю ўсіх не толькі як спецыялістаў, але і як людзей, вывучыла іх характары, таму адчуваю, які да каго патрэбен падыход. Наш калектыў такі розны, такі творчы і такі класны, што словамі не перадаць. Таму і сакрэт поспеху тоіцца менавіта ў гэтых людзях, бо для дасягнення добрых вынікаў галоўнае – здаровы мікраклімат у калектыве. 

– З чаго пачалося ваша знаёмства з чароўным светам музыкі?

– З баяна! (Усміхаецца.) Адзін мой дзядуля быў гарманістам-самавучкам, якога часта запрашалі музыкам на вяселлі, а другі, хоць і не ўмеў іграць, але ўсё роўна меў баян. Пра яго і ўспомнілі аднойчы мае бацькі, падрамантавалі і ненадакучліва так пацікавіліся: ці не хацела б я яго асвоіць? Сярод нашай радні шмат творчых людзей, якія прыгожа спяваюць, малююць, танцуюць, адпаведныя задаткі, напэўна, былі і ў мяне. Дадайце сюды дзіцячую цікаўнасць і багатую фантазію, якая хутка намалявала, як я па-заліхвацку расцягваю мяхі, – словам, на пытанне мамы і таты я адказала станоўча. А праз некаторы час паспяхова прайшла іспыты і была залічана ў тады яшчэ Астравецкую музычную школу ў клас баяна. 

– Малюнкі ўяўлення не разбіліся аб скалы рэчаіснасці? 

– Без бунтарства не абышлося. У 3-м класе мне надакучыла хадзіць у музычную школу, і заняткі я пачала прапускаць. Бацькі хутка пра гэта даведаліся, і ў нас адбылася вельмі сур’ёзная размова. Мама і тата знайшлі патрэбныя аргументы, падкрэсліўшы, што калі ты чалавек слова, трэба любую справу, за якую бярэшся, давесці да канца. Я прыслухалася да іх парады, якую, дарэчы, пасля неаднойчы ўзгадвала па жыцці, і больш не прагульвала. Займалася ў Галіны Іосіфаўны Антановіч і разам з ёй адкрывала для сябе цікавы свет музыкі, які паглынаў усё больш і больш. Бацькі аднойчы спыталі, ці не хацела б вучыць дзяцей іграць на баяне. Так я паступіла ў Лідскае музычнае вучылішча.

– Памятаеце першы працоўны дзень?

–  Не дасканала, але памятаю. (Усміхаецца.) Мяне накіравалі ў Гудагай – папярэдніца звольнілася па сямейных абставінах, пакі­нуўшы вучняў-старшакласнікаў. Большасць з іх былі высокімі, статнымі, і я, 19-гадовая, побач з імі выглядала зусім дзяўчынкай. Аднак мы хутка зразумелі адзін аднаго. Старшакласнікі ўспрымалі мяне як настаўніка, ставіліся з павагай, і ні ў першы дзень, ні пасля я ні разу не пачула ад іх абразлівай рэплікі ці насмешкі. 

– Калі ўпершыню адчулі гонар за вучняў і сябе як настаўніка?

– Выпусціўшы старэйшых, я набрала клас. Гэта былі ўжо мае дзеці, мае вучні, з якімі мы разам вучылі азы і якім я старалася прывіць любоў да мастацтва. Дзеці даволі паспяхова выступалі на акадэмічных канцэртах і экзаменах, і калі Генрых Францавіч Волчэк, які тады быў дырэктарам, на нарадзе сказаў, што надышоў час Марыне Іванаўне ўжо і майстар-класы даваць, – і ўпершыню адчула гонар за сваю працу.

– А здараліся моманты расчаравання, адчаю?

– Думаю, абсалютна ў любой рабоце бываюць цяжкасці. Я б не назвала гэта адчаем, але былі сітуацыі, калі апускаліся рукі. Я ідэаліст, па тэмпераменце халерык – стараюся працаваць на максімуме і прывыкла рабіць усё дасканала. Таму крытыку, калі нешта не атрымалася, успрымаю досыць балюча. Аднак, з іншага боку, гэта неверагодна матывуе і штурхае да новых дасягненняў. І праз некаторы час я ўсё роўна дакажу, што мы можам і мы ўмеем!

– Як зацікавіць дзіця займацца музыкай, спевамі, мастацтвам?

– Знайсці да яго падыход. Таму ў малышоў заняткі больш нагадваюць гульню, старэйшых стараемся чымсьці матываваць. Адным навука даецца лягчэй, іншым – складаней, таму і вынікі бываюць неаднолькавымі. У асноўным у школу мастацтваў запісваюцца дзеці з пачатковых класаў. Аднак ёсць бацькі, якія бачаць у 3-гадовых малышах творчы патэнцыял і прыводзяць іх да нас на вячэрнія падрыхтоўчыя курсы. У выніку ў 1-м класе некаторыя з іх ужо настолькі добра іграюць, што хутка становяцца лаўрэатамі міжнародных конкурсаў. Магчыма, хтосьці абурыцца, што для дзіцяці гэта вельмі рана. Аднак той жа Моцарт сачыняў творы ў 5 гадоў. (Усміхаецца.)

– На чым, акрамя баяна, яшчэ ўмееце іграць і які музычны інструмент хацелі б асвоіць? 

– Іграю на акардэоне і фартэпіяна – апошні быў абавязковым дадатковым інструментам у музвучылішчы. А хацелася б… (Задумваецца.) Заўсёды зайздросціла флейтыстам. Баян – грувасткі для жанчыны, насіць яго тое яшчэ задавальненне. А флейту паклаў у маленькі, як для акуляраў, футляр, сунуў у кішэню – і пайшоў, насвістваючы. На мой погляд, цудоўны інструмент! (Усміхаецца.)

– Кім вы сябе больш адчуваеце: настаў­нікам ці работнікам культуры?

– Мы настаўнікі ў сферы культуры, прос­та выкладаем не матэматыку, мову ці фізкультуру, а знаёмім дзяцей з неабсяжным і цудоўным светам мастацтва. У другую чаргу мы – артысты. Хоць асабіста для мяне выступленне на сцэне ў складзе «Скарбніцы» і «Кемяліны» – своеасаблівая аддушына, духоўны адпачынак ад што­дзённых спраў. 

– Чым займаецеся ў вольны час?

– Падчас навучальнага года яго вельмі мала. Але калі ён з’яўляецца, люблю чытаць, з задавальненнем еду да бабулі ў Філіпаны і корпаюся ў зямлі. Не люблю кветкі! А вось агарод – гэта цудоўная магчымасць разгрузіцца і перазагрузіцца фізічна і духоўна. (Усміхаецца.) Яшчэ вельмі люблю збіраць грыбы. На жаль, у гэтым годзе з імі не пашанцавала.

Некалькі пытанняў не па тэме

– З кім з вядомых людзей сустрэліся б за кубкам кавы?

– (Задумваецца.) Напэўна, з Альбертам Эйнштэйнам. Ён быў нестандартным і разнастайным. І хоць я гуманітарый, а ён займаўся дакладнымі навукамі, мяне заўсёды цікавіла, як ён разважаў і пазіцыяніраваў сябе. Упэўнена, я была б у захапленні.

– Што вы кажаце сабе ранкам і што – кладучыся спаць?

– Цікава, што новага прынясе мне гэты дзень і што я павінна буду зрабіць. А ўвечары, калі справілася з запланаваным: «Ты малайчына!» Калі нешта не паспела, абдумваю, як гэта зрабіць заўтра. А бывае і проста: «Нарэшце я буду спаць!»

– Калі б не настаўнік у школе мастацтваў, то…

– Настаўнік рускай мовы і літаратуры – у гэтай ролі мяне бачыла і класны кіраўнік Тарэса Зянонаўна Шмялькова. Мне заўсёды лёгка даваліся гэтыя прадметы. І цяпер з лёгкасцю напішу верш, калі гэта патрэбна.

– Прадоўжыце фразы: 
– Я не люблю…
– Прагнасць, зануднасць, ліслівасць.

– Я люблю…
– Усіх сваіх родных, жыццё, творчасць. 

– Апішыце сябе некалькімі словамі: які вы работнік?
– Старанны, дысцыплінаваны.

– Жонка?
– Верная, кахаючая.

– Мама? 
– Клапатлівая і неверагодна любячая.

– Жанчына?
– Думаю, цікавая. 
Текст: