Чым адзначыўся астравецкі дуэт баксёраў на алімпійскіх днях моладзі Беларусі

16:00 / 21.09.2022

З удалым дэбютам і бронзавым медалём вярнуліся з рэспубліканскіх спаборніцтваў юныя астравецкія баксёры Арсень Мялешка і Максім Лянкевіч.

Наша газета паведамляла, што юнакі, выхаванцы трэнера Астравецкай СДЮШАР Аляксея Маргужа, увайшлі ў лік лепшых на абласных алімпійскіх днях моладзі сярод удзельнікаў 2005-2006 гадоў нараджэння і такім чынам атрымалі права абараняць гонар раёна на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў.

Пазмагацца за званне лепшага ў Пінск прыехалі юныя баксёры з усёй Беларусі. Аднак шматлікая канкурэнцыя астраўчан не спалохала, наадварот, яшчэ больш падагрэла жаданне прадэманстраваць сябе падчас паядынкаў.

Арсень Мялешка выступаў у вагавой катэгорыі да 60 кілаграмаў, яго сапернікі былі на год старэйшымі. Тым не менш, астраўчанін годна паказаў сябе на рынгу. Першы бой ён выйграў у баксёра з Віцебска. У другім – праціўнікам аказаўся спартсмен з Магілёва. У першым раўндзе Арсень саступіў з мінімальным разрывам 2:3, другі завяршыў з такім жа вынікам, а вось у трэцім удача была на баку нашага земляка – раўнд завяршыўся 3:2 ужо на карысць Арсеня. Аднак гэтага было недастаткова для перамогі, бой астраўчанін прайграў – і стаў бронзавым прызёрам. Гэта было першае выступленне Арсеня на рэспубліканскіх алімпійскіх днях моладзі.

Дэбютаваў у спаборніцтве і Максім Лянкевіч, вагавая катэгорыя да 63,5 кілаграма. Юнак правёў добры ўпарты бой з сапернікам з Магілёва, у якім дакладна не выглядаў слабейшым. Роўную барацьбу доўгі час адзначалі і суддзі, але ў выніку астраўчан усё ж такі саступіў. Тым не менш віншуем Максіма з добрым пачаткам і верым, што яго перамогі не за гарамі.





Текст: