Как и чем живут наши земляки и что их объединяет

16:04 / 17.09.2022

У чым розныя і ў чым падобныя жыхары Астравеччыны, што аб’ядноўвае людзей, чытайце ў матэрыяле.

Адна сям’я

Напярэдадні самых чароўных святаў – Каляд і Новага года – выпадак звёў лёсы дагэтуль чужых адзін аднаму людзей, двух хлопчыкаў і жанчыны. З таго часу яны не расстаюцца, бо сталі адной сям’ёй. 

Ігар Шчучко, прыёмны сын:

– З мамай Валяй і татам Жэнем я жыву даўно і шчаслівы, што яны мяне знайшлі. А яшчэ ў мяне 2 брацікі – Лёша і Ярык і 2 сястрычкі – Віка і Агата. Мы дружныя. Бывае, праўда, пасварымся, але хутка мірымся, – бацькі вучаць, каб не крыўдзілі адзін аднаго, а шкадавалі!

Асабліва люблю, калі мы ўсе разам: выходзім сям’ёй прагуляцца па горадзе ці едзем на дачу ў Філіпаны – там у агародзе ці на панадворку і бацькам дапаможам папрацаваць, і на пікніку пасядзім. І Лёшка, хоць і вучыцца ў Смаргоні, але кожныя выхадныя дамоў прыязджае.



Дарэчы, мая мама добрая гаспадыня: такія смачныя булачкі і пірагі пячэ, і сасіскі ў цесце! І ўвогуле ўсё ўмее прыгатаваць. А яшчэ мама такая шыфравальшчыца: купіць з татам падарунак на дзень нараджэння, ды так схавае, што знайсці не магу! Толькі ў само свята дастае – тады ўжо віншуюць. І заўсёды ўгадвае, пра што я марыў, – гэта так радасна. А вечарам прыходзяць госці – бабулі Іра і Моня і дзядзька Валодзя – і таксама дораць мне падарункі!

Я лічу, што мы сапраўдная сям’я, бо любім адзін аднаго, дапамагаем, клапоцімся.

Валянціна Пляско, прыёмная маці:

– Ігара і яго браціка Лёшу ўбачыла ў вашай газеце: пра хлопчыкаў з прытулку пісалася ў адным з артыкулаў – і сэрца проста зайшлося ад болю. Мы з мужам вырашылі ўзяць дзяцей да сябе на святы. Менавіта тады адбыўся, як хочаце называйце, а для мяне гэта цуд. Я доўга не магла зацяжарыць, а пасля Куцці даведалася, што ў мяне будзе дзіця! Ці ж можна было пасля такога божага блаславення пакінуць хлопчыкаў у прытулку! У лютым 2014-га Лёша і Ігар ужо былі членамі нашай сям’і. І самае прыемнае, што яны не лічылі мяне чужой цёткай – адразу назвалі мамай. 

Не скажу, што было лёгка – усё ж характары сфарміраваныя (Ігару тады было 7), звычкі, але пакрысе ўладкавалася, дзеці сталі разумець, як гэта – жыць сям’ёй, шкадаваць адзін аднаго, дапамагаць, адзначаць святы... Бачу, што з Ігара вырасце добры гаспадар. Ён працавіты і адказны хлопчык – пакуль пачатую справу не закончыць, не адступіцца.

Цешыць, што і Ігар, і яго брацік Лёша туляцца да нас, лічаць блізкімі людзьмі. 

Адна зямля

Некалі дзве дзяўчыны прыехалі працаваць у адну вёску, што знаходзілася непадалёк ад іх родных мясцін, – і засталіся. Ужо больш за 40 гадоў яны жыхаркі Завідзінентаў, якія душой прыкіпелі да гэтай зямлі.

Валянціна Касцечка, ураджэнка в. Хацілкі:

– Адразу пасля школы, у 16 гадоў, прыйшла працаваць у завідзіненцкую бібліятэку – і аддала ёй 40 гадоў. Тут і замуж выйшла за мясцовага хлопца, тады пераехала ў Завідзіненты – да свякроў. Тут, у бацькоўскай хаце, і жывём. Адно толькі: спярша вельмі сумавала па бацьках – прывыкла ра­зам, уяўляла сябе нібы здрадніцай. Але тата мой, хоць і без ног пасля хваробы застаўся, на велавазку да нас у госці прыязджаў!

Хоць Завідзіненты ўжо не такія вялікія, як былі, але гэта ўтульная вёсачка, хаты дагледжаныя… Сельсавет дрэвы і кустоўе абпіліў і паабяцаў вывезці іх – дзякуй за клопат. Удзячны яшчэ Ірыне Эдуардаўне Тальчук: звернешся з просьбай наконт добраўпарадкавання дарогі – заўсёды дапаможа. Не забываецца на нас і Альхоўскі дом культуры: канцэрты, святочныя праграмы прывозяць – прыемна! 



Нашы вяскоўцы дружна жывуць: ці дапамагчы, ці нагоду якую адзначыць – народзіны ўнучкоў ці юбілей, да прыкладу, – хуценька разам збяромся. (Усміхаецца.)

Любяць гасцяваць у нас дзеці, унукі і праўнукі. Гэтая вёсачка стала мне роднай – 46 гадоў тут жыву. А далей ехаць нікуды і не хацелася, хоць і была магчымасць!

Аля Куцька, ураджэнка в. Радзюшы:

– Трапіла ў Завідзіненты па размеркаванні ўпраўлення сельскай гаспадаркі – прыехала працаваць бухгалтарам у калгас «Зара». І засталася. 
Хоць вёска і недалёка ад родных Радзюшоў, але да размеркавання я ў ёй не бывала – спадабалася.



З мужам тут пазнаёмілася, ён у мяне, як і ў Валі, мясцовы хлопец, працаваў у калгасе шафёрам. Як ажаніліся, жылі з яго бацькамі, потым нам далі кватэрку, пазней уласны дом пабудавалі. Так і аселі, дзетак выгадавалі.

Канешне ж, па Радзюшах сумую – радзімая зямля, гэта маё дзяцінства, а бацькоўскай хаты ўжо няма. Ды сэрцам прыкіпела да Завідзінентаў – усё ж большая частка жыцця прайшла тут. Адно шкада, што пусцее наша вёсачка: з 60 дамоў 28 засталося… А некалі ж цэнтр калгаса быў. 
Але каб з’ехаць куды, то – не. Добра мне тут, усё і ўсе родныя, свае.
Адна справа

У гэтых маладых людзей хапае будзённых і асабістых спраў, а пасля працоўнага дня ці ў выхадны яны маглі б заняцца сабой альбо проста адпачыць ад напружанага дня, каб падназапасіць сіл. Але гэта не для іх, гатовых у любы момант адкласці свае справы і знайсці час, каб проста так, без усялякіх заахвочванняў, быць карыснымі іншым.

Анжаліка Ядзевіч, камандзір астравецкага валанцёрскага атрада хуткага рэагавання:

– З валанцёрскім рухам і дзейнасцю Чырвонага Крыжа пазнаёмілася некалькі гадоў таму, падчас вучобы ва ўніверсітэце, дзе была яшчэ і ў актыве прафкама.

Прыехаўшы ў родны Астравец, таксама не засталася ў баку ад грамадскай дзейнасці – знаёмы расказаў пра атрад хуткага рэагавання, створаны пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і прапанаваў далучыцца. Я была ўсімі рукамі «за»! (Смяецца.) Так прыйшла ў каманду. Зазначу, што валанцёрам можа быць кожны, вас навучаць аказваць першую дапамогу, псіхасацыяльную падтрымку. Да слова, мне ўдаецца спалучаць працу з валанцёрскай работай: графік 2/2.



Самы масштабны праект, у якім удзельнічала, – гэта дапамога бежанцам на пункце пропуску «Брузгі». Я там прабыла 2 тыдні. З іншымі валанцёрамі раздавала адзенне, сухпайкі, гарачае харчаванне, ездзіла за прадуктовымі наборамі ў Гродна – і вярталася ў лагістычны цэнтр. А жылі мы непадалёк – у матэлі.

Работа валанцёра неаплачваемая і нялёгкая, але калі табе падабаецца гэтым займацца, хочацца дапамагаць іншым – усё пераадолееш і знойдзеш час.

Канстанцін Буйко, валанцёр атрада хуткага рэагавання:

– Падчас працы ў РАНС даведаўся пра атрад хуткага рэагавання – зацікавіла. А потым скончыўся кантракт – вырашыў змяніць сферу дзейнасці, менавіта тады і далучыўся да добраахвотнікаў Чырвонага Крыжа. Чаму? Ды таму што зразумеў: хачу і далей працягваць быць карысным людзям, дапамагаць ім. Каля паўгода я ў камандзе. 

Што тычыцца вучобы для валанцёраў – як паводзіць у розных сітуацыях, – з гэтым праблем няма. Я заўсёды гатовы да выкліку – як колішні выратавальнік ведаю, як першую дапамогу аказваць і як чалавека, які згубіўся, шукаць... (Усміхаецца.) Сувязь адзін з адным трымаем праз суполку ў «Вайберы» альбо, калі тэрмінова, – па тэлефонным званку.

За невялікі тэрмін, што я ў атрадзе, у нейкіх асабліва сур’ёзных мерапрыемствах не ўдзельнічаў.  З апошняга – свята горада, дзе дапамагалі дзяжурыць медыкам. На выпадак, калі заўважалі, што камусьці дрэнна, у нас былі аптэчкі, укамплектаваныя неабходнымі сродкамі аказання даўрачэбнай дапамогі – іх выдае тэрытарыяльны цэнтр, да якога «прыкамандзіраваны» атрад хуткага рэагавання. Да слова, мы займаемся не толькі аказаннем дапамогі, але і праводзім дабрачынныя акцыі – напрыклад, збор рэчаў альбо прадуктаў.

Так і жывуць людзі адной краіны – на адной зямлі: падтрымліваючы бліжніх у горы, падзяляючы радасць, даючы сілы рухацца наперад і квітнець. Бо яны патрэбны адзін аднаму, бо гэта адзіны народ.




Текст:
Фото: Рита Дремо