Якім было надвор’е 14-20 верасня

08:31 / 14.09.2022
Другая палова верасня… Усё больш жоўтых стужак у зялёных чупрынах дрэў, яркімі бярозавымі залатнікамі і руда­ва­тымі ліпавымі пятакамі засцілаецца дол у скверах і парках. Нізка плывуць туманы над апусцелымі іржышчамі і гатовымі праклюнуцца кволымі іголачкамі азіміны. Брыльянтавыя пацеркі расы аздабляюць карункавыя накідкі з павуціння на дрэвах, травах і кустах. Адлятаюць гусі. Сумна курлычуць журавы, развітваючыся да вясны з родным краем. Восень — тая самая прыгожая, лепшая яе пара, якая «вачэй зачараванне».

Але такім прыгожым, як сведчаць дзённікі надвор’я Стэфана Рамэйкі і Ста­ніслава Памецькі, верасень бывае не заўсёды. Так, у 1989 годзе тэмпература паветра падымалася да +250С, а 20 верасня нават прагрымела навальніца. Цёпла, ад +200С і вышэй, было ў гэтыя дні ў 1991, 1994, 2003, 2004, 2006, 2015 гадах. 20 верасня 2018 года Станіслаў Памецька зафіксаваў дзённую тэмпературу +280С.

А вось у 1990,  1992, 1993, 1995, 1996, 1998, 2000, 2010, 2017, 2019, 2020, 2021 гадах было досыць холадна, днём – 10-150С, часта ішлі дажджы. Здаралася, што начная тэмпература апускалася да нуля.

Што ж – восень. Як казала адна бабулька, справа не да Вялікадня ідзе, а да Каляд.

Народныя прыкметы

14 верасня – дзень Сямёна Стоўпніка (Стаўбуна) – лічыўся апошнім днём сяўбы азімых: «Святы Сымон – сявец дамоў».

Калі 14 верасня ясна, то бабіна лета бу­дзе цёплым.

Увосень спраўляюць баль павукі – ткуць адмысловыя карункі дзе толькі можна. Многія баяцца гэтых прыродных майстроў і стараюцца як мага хутчэй вынішчыць іх. Між тым, з павукамі звязана мноства народных прыкмет – як правіла, добрых.   Людзі заўважалі: калі павук спускаецца па павуціне – значыць, чуе блізкага госця; а калі  ён апускаецца некаму на галаву, то гэты чалавек неўзабаве атрымае падарунак ці пісьмо. Калі ж павук спускаецца падчас абеду – у сям’і з’явіцца прыбытак ці пачатыя справы своечасова і паспяхова завершацца.

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.

Фота Алены Замара.