Маладыя спецыялісты Астравеччыны: пра сябе, першы працоўны дзень і шлях у прафесію

11:00 / 09.09.2022

Яны розныя па выбранай спецыяльнасці, характары, захапленнях… Але аб’ядноўвае іх тое, што сёлета яны робяць першыя самастойныя крокі ў прафесію.

Маладыя спецыялісты Астравеччыны расказалі пра сябе, вучобу, першы працоўны дзень і падзяліліся думкамі наконт абранага шляху.

Урач агульнай практыкі астравецкай ЦРКБ Дар’я Кірпа:

– Стаўшы ўрачом, я, напэўна, рэалізавала маміну мару. Яна працуе медыцынскай сястрой у Варнянскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Я бачыла, як мама дапамагае людзям. І работа для яе не заканчвалася пасля працоўнага дня. Яна ніколі не адмаўляла на просьбы аднавяскоўцаў паставіць укол ці кропельніцу. З дзяцінства я бачыла людскую ўдзячнасць – шчырую, непрыхаваную – мама свяцілася ад тых слоў. І я была вельмі за яе рада!

З маленства я лячыла сваіх лялек і мішак-зайчыкаў. Ставіла ўколы, перавязвала лапы. У старэйшых класах усур’ёз задумалася пра медыцыну. Гэта быў свядомы выбар: разумела і адчувала, што маё прызванне – лячыць людзей і дапамагаць ім. 

…Здача цэнтралізаванага тэсціравання, чаканне вынікаў – гэты час хваляванняў і напружвання помняць, напэўна, многія абітурыенты. Вагалася паміж двума медуніверсітэтамі – мінскім і віцебскім. У сталіцы бывала шмат разоў, у Віцебску – ніводнага. Але паступіла менавіта туды. Прывабіла, што ўсе навучальныя корпусы размешчаны побач. Гэта вельмі зручна для першакурснікаў – не трэба траціць шмат часу на пераезды. Прыехаў ва ўніверсітэт – і цэлы дзень праводзіш там. 

Першыя два курсы даліся мне цяжка: па-першае, складаная вучэбная праграма, па-другое – адаптацыя. Не хапала блізкіх, але потым прывыкла і ўцягнулася, з’явіліся знаёмыя і сябры. Пры выбары спецыяльнасці я адразу «адсекла» хірургію і анестэзіялогію – гэтыя медыцынскія галіны вельмі складаныя для жанчыны. Вузкія спецыялізацыі таксама не прываблівалі. Хацелася ведаць усе медыцынскія накірункі. Урач агульнай практыкі – своеасаблівы дыягност: на першасным прыёме варта зразумець, што не так з пацыентам, і своечасова, а галоўнае – правільна накіраваць яго да вузкага спецыяліста. 

Вучылася па накіраванні Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы. Ведала, што вярнуся на радзіму. Пасля тут праходзіла інтэрнатуру, з нядаўняга часу пачала працаваць як малады спецыяліст. 

Зразумела, ёсць пэўныя сумненні і перажы­ванні, але радуе, што ў любы час можна звярнуцца за парадай да старэйшых і больш вопытных калег. 

У канцы першага працоўнага дня быў сход для маладых спецыялістаў. Аказваецца, што для звыш 40 чалавек нашы бальніца і паліклініка сталі першым працоўным месцам! 

Інтэрнатура і работа ў якасці ўрача мала чым адрозніваюцца, таму мне складана ўзгадаць першы працоўны дзень. 

На маім участку звыш 1 200 чалавек. Хочацца абследаваць як мага больш людзей, каб прадухіліць развіццё хранічных захворванняў, каб не было анказапушчаных пацыентаў, своечасова праводзілася вакцынацыя.

Разумею, што ідэальна быць не можа, але буду імкнуцца па максімуму дапамагаць людзям.

Знаёмыя часам цікавяцца ў мяне: колькі праўды ў медыцынскіх серыялах і фільмах? (Усміхаецца.) Думаю, на 20-30%. Мне, напрыклад, спадабаліся «Ардынатары» – вельмі тонка і цікава паказана хірургія. Да слова сказаць, для застаўкі да гэтага серыяла збіралі фотаздымкі студэнтаў, навучальных устаноў медыцынскага профілю ўсяго свету – наш універсітэт таксама «засвяціўся».

Ведаю, што часам мне будзе складана, але ўпэўнена, што медыцына – маё прызванне.

Аграном па ахове раслін КСУП «Гудагай» Аляксандр Ярмак: 

– Я мясцовы. Астравец майго дзяцінства – невялікі пасёлак. Мы жывём у прыватным доме, таму паняцце пра агарод і сад у мяне ёсць.

Параіўшыся з бацькамі, выра­шыў што буду паступаць у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, тым больш ад нашай вобласці давалі накіраванне. Спыніўся на агра­наміі – лічу, што гэтая спецыялізацыя доўгі час будзе запатрабаванай і актуальнай. Як ні круці, без вырошчвання хлеба, бульбы і іншых культур чалавеку не абысціся. Гэтую думку падзяляюць і бацькі. 

У школе я быў сярэднячком. Ва ўніверсітэт паступіў без цяжкасцей, вучыцца было нескладана. Хадзіў на ўсе заняткі – за прапушчаныя пары трэба было плаціць.

Хацелася атрымаць размеркаванне на Астравеччыну, бліжэй да дому. Марыў пра КСУП «Гудагай» – гэта моцная і перспектыўная гаспадарка. Зоркі сышліся. (Усміхаецца.) На адным з апошніх курсаў прыехаў у Малі і сустрэўся з дырэктарам Эдуардам Іванавічам Садоўскім – сказаў, што хачу працаваць у іх. Кіраўнік лаканічна зазначыў: прыходзь – а там пабачым. Тэхналагічную практыку цягам месяца праходзіў у «Гудагаі». Вытворчая (4 месяцы) прыпала на ўборачную кампанію. Сказаць, што мне было складана, – нічога не сказаць! Фізічна я звыклы да нагру­зак – на аматарскім узроўні займаюся баскетболам – было няпрос­та эмацыйна. Падчас жніва працоўны дзень пачынаецца ў 7 гадзін раніцы і заканчваецца бліжэй да ночы.

Ліпень і жнівень – самыя напружаныя ў расліна­водстве. Цікавымі былі дзяжурствы на полі: пасля камбайнаў правяраў валкі, каб збожжа не прасыпалася. Галоўная задача для ўсіх задзейнічаных на жніве было як мага хутчэй і без страт сабраць саспелы хлеб. Работа кіпела не толькі на палях, але і на зернятоках, сушылках, больш таго, было арганізавана дзяжурства спецыялістаў. 

Пашчасціла, што падчас масавага жніва стаяла сонеч­нае і спякотнае надвор’е – збожжа не трэба было дасушваць, прагналі некалькі разоў, адбілі друз і іншыя прымесі… А цяпер дажджы вельмі патрэбныя: сяўбу азімых ніхто не адмяняў. Дарэчы, рапс у нашай гаспадарцы ўжо даўно прыгарнулі ў глебу.

Аграномам па ахове раслін працую з 21 ліпеня, якраз на свой дзень нараджэння, таму першы працоўны дзень запомню на ўсё жыццё. Работа падабаецца, калектыў таксама. У гаспадарцы буду адказваць за «хімію». Са спе­цыфікай пакуль да канца не разабраўся: фронт работ на дзень вельмі адрозніваецца. Нядаўна, напрыклад, мяне адпраўлялі ў сталіцу ў камандзіроўку. 

Паколькі вучыўся па накіраванні, у аграпрамысловым комплексе раёна мне трэба адпрацаваць 5 гадоў. Лічу, што мне пашчасціла трапіць на работу на такое паспяховае сельгаспрадпрыемства як КСУП «Гудагай». Як складзецца маё далейшае жыццё не загадваю, хочацца асвоіць усе нюансы работы агранома. Думаю, пяць гадоў – дастатковы тэрмін, калі, канешне, не забяруць у армію. (Усміхаецца.)

Якая мая любімая культура? Напэўна, як і ў кожнага сапраўднага беларуса, – бульба, наш другі хлеб.  

Настаўнік англійскай мовы Варнянскай СШ Валерыя Гаўрыловіч:

– У дзяцінстве выразнай мары, кім хачу стаць, не было. Сур’ёзна задумвацца пра будучую прафесію стала ў старэйшых класах Міхаліш­каўскай сярэдняй школы. Вагалася паміж медыцынай і педагогікай. Лічу, што прафесіі гэтых дзвюх галін – самыя адказныя і высакародныя. Любоў да моў аказалася мацнейшай за жаданне лячыць людзей. 

Па накіраванні паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Паглыблена вывучала англійскую і іспанскую мовы. Яны адрозніваюцца не толькі лексікай, граматыкай, але і вымаўленнем. Хацелася б асвоіць яшчэ французскую і італьянскую. 

Напэўна, магла б звязаць жыццё з перакладчыцкай дзейнасцю – але педагогіка мне па душы больш. Мабыць таму, што многія са сваякоў – настаўнікі. Напрыклад, бацька ўзначальвае Альхоўскую сярэднюю школу, бабуля, Ганна Іванаўна Гаўрыловіч, усё жыццё выкладала фізіку і матэматыку. Дарэчы, яна вучылася ў Варнянскай школе, якую скончыла з залатым медалём. Бабуля заўсёды была для мяне прыкладам Настаўніка з вялікай літары, яна ўмела прывіць любоў да сваіх прадметаў вучням. Па татавай лініі шмат сваякоў абралі педагагічную сцежку. 

Пасля ўніверсітэта мяне размеркавалі на Астравеччыну ў Варнянскую сярэднюю школу. Акрамя таго, што я настаўнік англійскай мовы, яшчэ і класны кіраўнік у 5 «Б». На Дзень ведаў пасля лінейкі пазнаёмілася з 17 цікаўнымі і крыху спалоханымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі і з іх бацькамі.

Першы працоўны дзень прайшоў хоць напружана, але цудоўна. Спачатку вельмі хвалявалася, ці ўсё атрымаецца, але па цікаўных вачах вучняў зразумела, што ўсё ў мяне будзе добра. Ад душы адлягло!

Ці радуе, што трапіла ў Варняны? Напэўна. Школа тут вялікая, сучасная, прыгожая, цікавы і сам аграгарадок. У інтэрнаце мне далі пакой, які дзелім з калегай. Разам абуладкоўваем быт, дзелімся навінамі са школьнага жыцця. Мне трэба адпрацаваць пяць гадоў, таму наперад нічога не загадваю. 

Як і раней, з трывогай і радасцю іду ў школу, але на гэты раз у новай для сябе ролі – настаўніка. Хваляванне адступае, калі пачынаецца ўрок. 


Текст:
Фото: Алёна Ганулич