Пра фронт восеньскіх работ раённых аграрыяў расказаў Міхаіл Шлыковіч

09:58 / 09.09.2022
На змену жніву заступілі не менш важныя сяўба азімых і ўборка іншых культур. Пра восеньскія клопаты аграрыяў карэс­пандэнт распытаў у загадчыка сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Шлыковіча. 



– Масавае жніво скончылася, хоць у раёне працягваецца абмалот грэчкі і проса. Як бы размеркавалі месцы на жніўным п’едэстале сярод гаспадарак раёна, ці якія адзнакі па 5-цібальнай шкале паставілі б ім?

– Ставіць адзнакі – не мая прэрагатыва. Хто лепш спрацаваў, той і сабраў большы ўраджай. Хоць для гэтага не ва ўсіх гас­падарках былі магчымасці: у тых жа «Варнянах», напрыклад, хлебаўборачную тэхніку не абнаўлялі больш за 10 гадоў і яны былі найменш пад патрэбу забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі. 

З большага станоўча ацэньваю правядзенне ўборачнай ва ўсіх КСУПах, ураджай убралі без асаб­лівых страт – хтосьці сам, камусьці дапамаглі суседзі. 

Найбольш паспяхова, на маю думку, на жніве спрацаваў КСУП «Гудагай»: збожжа на круг давала звыш 50 цэнтнераў пры сярэднераённых 38. Адзначу станоўчую работу агранамічнай і інжынернай службаў, механі­затараў гэтай гаспадаркі – усе камбайнерскія экіпажы нама­лацілі па тысячы і больш тон збожжа. 

У «Гудагаі» быў зроблены доб­ры задзел пад ураджай збожжавых: цалкам і своечасова праведзены праполкі, фунгіцыдныя апрацоўкі пасеваў і іншыя важныя агратэхнічныя мерапрыемст­вы – таму і вынік відавочны. 

На другую прыступку жніўнага п’едэстала пастаўлю, напэўна, КСУП «Гервяты». Яно крыху горш за «гудагайцаў» спрацавала на фунгіцыдных апрацоўках пасеваў, але тэхніку да ўборкі пад­рыхтавала на «выдатна». 

Трэцяе месца аддам РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Парадаваў на ўборцы КСУП «Міхалішкі» – справілася на жніве ўласным сіламі. 

Пралікі, якія паўплывалі на ўраджай гэтага года, заключаюцца ў агратэхналагічных момантах: дзесьці недапрацавалі з хімічнымі праполкамі, у КСУП «Варняны» і «Міхалішкі» схібілі на рапсе. 

– Якая першачарговая задача цяпер стаіць перад раслінаводчай галіной раёна? 

– Якасна правесці сяўбу азімых – гэта значыць, з унясеннем патрэбнай колькасці мінеральных угнаенняў, своечасовым правя­дзеннем усіх хімічных апрацовак, у першую чаргу – гербіцыдных. І зрабіць гэта варта ў аптымальныя тэрміны. Раней ідэальны для пасеву азімых збожжавых лічыўся перыяд з 25 жніўня па 25 верасня. Цяпер, на маю, думку яго можна смела працягнуць да 1 кастрычніка. 

На сёння (раніцу 6 верасня. – Заўв. аўт.) пад сяўбу азімых пад­рыхтавана амаль палавіна з запланаваных плошчаў. Найлепшыя тэмпы дэманструюць КСУП «Гудагай», «Гервяты» і РУП «Астра­вецкі саўгас «Падольскі», дзе заворана адпаведна 1 770 гектараў (54%), 1 748 (43%) і 1 330 (60%). 

Зазначу, што насенне крыжа­кветкавых прыгорнута ў глебу. Пасеяна 550 гектараў свірэпіцы і 3 020 рапсу – трэць плошчаў ён заняў у КСУП «Гервяты». 

Азімы клін з большага застаўся на ўзроўні мінулага года – каля 10 тысяч гектараў. Праўда, пабольшалі плошчы пад азімым ячменем – пад яго запланавалі адвесці 330 гектараў. Калі сёлета яго вырошчваў толькі КСУП «Гудагай», то на восень насенне гэтай культуры прыкрыюць у глебу ўсе гаспадаркі раёна. Азімы ячмень хутчэй даспявае, што дазволіць знізіць нагрузку на камбайн на масавай уборцы збожжавых і ў больш раннія тэрміны забяспечыць грамадскі статак уласным фуражом. 

Другая па важнасці задача – уборка кукурузы на сілас. На зерне думалі абмалаціць каля 1 200 гектараў гэтай цепла­любівіцы, але будзем арыентавацца па сітуацыі і, магчыма, скарэктуем план у бок паве­лічэння назапашвання сіласу.

– Неўзабаве, напэўна, падаспеюць і іншыя культуры… На вясковых падворках поўным ходам капаюць бульбу. 

– Вырошчваннем другога хлеба на Астравеччыне займаюцца толькі КСУП «Гудагай» і «Гервяты». Пад бульбу адведзена крыху больш за 120 гектараў. У раёне ўжо пачалося бульбакапанне.

На подступах збор ураджаю ў варнянскім садзе. Па ўсім бачна, што ў гэтым годзе яблыкі ўрадзілі лепш. Пачынаючы з наступнага тыдня працаўнікі гэтай гаспадаркі будуць спраўляцца ўласнымі сі­ламі, а праз тыдзень-два, спа­дзяюся, па традыцыі апош­ніх гадоў на дапамогу ім прый­дуць работнікі раённых прад­прыемстваў і арганізацый.

Бліжэй да пачатку трэцяй дэкады верасня распачнецца ўборка цукровых буракоў. Пад са­лодкія караняплоды адведзена 1 645 гектараў. Папярэднія вынікі ра­біць рана, але ўраджай будзе лепшым. Калі летась у КСУП «Варняны» з гектара накопвалі пад 200 цэнт­нераў, то ў гэтым годзе, думаю, 450, а то і больш. Адгружаць цукровікі гаспадаркі будуць на Жабінскі цукровы завод.

– Міхаіл Мечыслававіч, на Астра­веччыне даўно не было дажджоў. Ці паўплывае цяпе­рашні недахоп вільгаці ў глебе на будучы ўраджай?

– Пойдуць дажджы – хутчэй з’явяц­ца ўсходы. Адзіны мінус: уне­сеныя пад рапс гербіцыды (КСУП «Гудагай», «Гервяты», РУП «Астравецкі саўгас «Па­доль­скі») могуць дрэнна спрацаваць з-за недахопу вільгаці.

– А насеннага матэрыялу хопіць?

– На раён для сортазмены вы­дзе­лена 122 тоны эліты. 

На сёння гаспадаркі забяспечаны насеннем на 44%. Варта разу­мець, што гэтая лічба расце з кожным днём. Зараз шмат партый праходзіць праверку па розных параметрах (усходжасці, чысціні) у раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. У цэлым па Астравеччыне засыпана 143% насення на сяўбу. Усе гаспадаркі раёна будуць забяспечаны пад патрэбу кандыцыйным (годным для сяўбы) насенным матэрыялам.

– Што вас радуе і засмучае як галоўнага тэхнолага раённых палёў?

– Складана адказаць… (Задумваецца.) Жніво парадавала: валавы намалот у бункернай вазе склаў пад 60 тысяч тон, без уліку грачыхі і проса. Але гэта не мяжа, нам ёсць да чаго імкнуцца. На Астравеччыне былі больш ураджайныя гады: у 2015-м, напрыклад, сабралі пад 90 тысяч тон. Каб атрымаць такі ўраджай, трэба дакладна выконваць усе агратэхнічныя працэсы вырошчвання культур – да гэтага і будзем імкнуцца. 
- Больш за 120 га адведзена пад бульбу.

- 1 645 га адведзена пад цукровыя буракі.

- 122 т эліты насення вы­дзе­лена для сорта­змены.

- Пад 60 000 т склаў валавы намалот у бункернай вазе.




Текст: