На Астравеччыне распачалася дабрачынная акцыя Беларускага Чырвонага Крыжа “Збяром дзяцей у школу”

16:00 / 16.08.2022

Штогод напярэдадні новага навучальнага года валанцёры аб’яўляюць аб магчымасці дапамагчы сабраць у школу дзяцей, якія маюць у гэтым патрэбу. На жаль, не ўсе бацькі могуць купіць сынам ці дочкам усё неабходнае, вось тут і прыходзяць на дапамогу дабрачынцы.

– Акцыя працягнецца да 15 верасня, таму ва ўсіх жадаючых ёсць час далучыцца да добрай справы, – расказала старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Анастасія Ляховіч. – У Астраўцы збор канцылярскіх тавараў арганізаваны ў трох магазінах: “Три цены” у ZAMI, “Карандаш” у ГЦ “Талер”, і “А-формат” на вуліцы Караткевіча, 4 (будынак “Еўраопта”). Там устаноўлены спецыяльныя скрынкі, у якіх можна пакінуць ахвяраваныя для дзяцей фламастары, алоўкі, альбомы, ручкі і іншыя школьныя прыналежнасці. Пасля мы сабяром заплечнікі мары і адвязём іх адрасатам. Дастаткова аднойчы ўбачыць шчаслівыя вочы дзяцей, каб зразумець, што такія акцыі неабходны.

У першы дзень валанцёры Чырвонага Крыжа запрашалі паўдзельнічаць у акцыі наведвальнікаў магазіна “Три цены”. І большасць пакупнікоў з цікаўнасцю вывучалі інфармацыйную лістоўку, атрыманую на ўваходзе, некаторыя ўдакладнялі, што менавіта трэба купіць. Скрынка паціху запаўнялася канцылярыяй. Пачатак ёсць! Значыць, будзе і працяг.

Анжэла, астраўчанка:

– Не ведаю чаму, але захацелася паўдзельнічаць у добрай справе. Мабыць, парыў душы. (Усміхаецца.) Гэта ж дробязь, а камусьці прынясе карысць.

Святлана, астраўчанка:

– Такія акцыі патрэбныя! Людзі павінны дапамагаць адзін аднаму і жыць па законах чалавечнасці.







Текст:
Фото: Марина Мацкевич