Юбілейныя і памятныя даты 9-15 ліпеня

09:00 / 09.07.2022
СЁЛЕТА АДЗНАЧАЕЦЦА

65 гадоў (1957) з часу, калі ў Астраўцы адкрылі ўнівермаг – яго двухпавярховы будынак і сёння выконвае функцыю гандлёвага аб’екта.

55 гадоў (1967) з часу, калі астанкі камісара Трафіма Яўсеева, які геройскі загінуў у 1920 годзе і быў пахаваны паблізу вёскі Літвяны, перапахаваны ў Быстрыцы. На магіле ўстанавілі помнік, калгас «Беларусь» перайменавалі ў калгас імя Яўсеева. У Быстрыцкай школе быў створаны музей баявой славы на аснове матэрыялаў пра героя Грамадзянскай вайны Трафіма Якаўлевіча Яўсеева.

15 гадоў (2007) таму на Астравеччыне прайшоў міжнародны пленэр мастакоў Беларусі і Літвы, прысвечаны 100-гадоваму юбілею Льва Дабжынскага. У ім удзельнічалі вядомыя беларускія майст­ры Кастусь Качан, Алесь Суша, літоўскія мастакі, ураджэнцы Астравеччыны, Бірутэ Куцкайтэ, Ірэна Герасім і іншыя, Эдуард Мацюшонак з Вілейшчыны, Тарэса Варановіч з Астравеччыны і іншыя. Створаныя падчас пленэра работы аўтары перадалі ў дар астравецкаму музею. 

Падчас пленэра ў Лошы на месцы, дзе размяшчалася сядзіба Дабжынскіх, быў устаноўлены і асвечаны памятны камень.

СЁЛЕТА СПАЎНЯЕЦЦА

95 гадоў з дня нараджэння Георгія Васільевіча Штыхава, беларускага археолага і гісторыка. 

Георгій Васільевіч нарадзіўся 14 ліпеня 1927 года ў вёсцы Старая Беліца Гомельскага раёна. У 1950-1951 гадах працаваў дырэктарам і настаўнікам гісторыі Гудагайскай СШ. Вывучаў старажытныя гарады Полацкай зямлі, курганныя могільнікі ранняга сярэднявечча паўночнай і цэнтральнай Беларусі.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1990 год) за ўдзел у выданні «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Памёр у 2018 г.

Святы і памятныя даты

10 ліпеня
Дзень работнікаў падатковых органаў (прафесійнае свята)
Дзень рыбака (неафіцыйнае свята)

11 ліпеня
Сусветны дзень народанасельніцтва
Сусветны дзень шакаладу

12 ліпеня
Сусветны дзень бортправадніка

Падрыхтавалі  Ніна РЫБІК, Рыта ДРЭМА.