Якім было надвор’е 28 чэрвеня – 5 ліпеня

12:09 / 28.06.2022
Ну вось і прыйшло яно, доўгачаканае, сонечнае, спякотнае лета. 30+ гоняць дарослых і дзяцей у халадок, да вады (толькі будзьце асцярожныя, захоўвайце правілы бяспекі!), на пляж (таксама сцеражыцеся: сонца бывае не толькі лагодным, але і злым, калі карыстацца ім у неабмежаванай колькасці.) І вось ужо тыя, хто яшчэ нядаўна прасіў-маліў: «Цяплей! Яшчэ цяп­лей!», стогнуць: «Выключыце сонейка, хоць крышачку падкруціце нябесны тумблер!» Ну што ж, даўно вядома, што людзям з надвор’ем не дагадзіць, нам усё не так: то залішне холадна, то горача, то залівае, то засушвае. І як Бог нас трывае…

Вядома, самае камфортнае надвор’е ў гэты час – ад 22 да 25 градусаў цяпла з ціхімі цёплымі непрацяглымі дожджыкамі. І, як сведчаць запісы Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі, часцей за ўсё так і бывала. Але чэрвеньска-ліпеньскае памежжа бывала і спякотным, і халаднаватым. 

Гэтак жа горача, як сёлета, напрыканцы чэрвеня – напачатку ліпеня, да +300С і вышэй было ў 1989, 1999, 2001, 2015, 2016, 2021 гадах.

Але часта  дзённая тэмпература ледзь дацягвала, ды і то не кожны дзень, да +200С. Так, да прыкладу, было ў 2007-м, калі начныя тэмпературы складалі +8-100С, а днём слупок тэрмометра падымаўся толькі да +13-180С. Халодным выдаўся тыдзень паміж чэрвенем і ліпенем і ў 1996, 1998,  2000, 2004, 2005, 2011, 2014, 2017 гадах.

У 1992 годзе перапады тэмпературы ў гэты час складалі ад +200С да +330С. І не было дажджоў. «Дажджу как нет – так і нет, – пісаў напрыканцы чэрвеня Стэфан Рамэйка. – Трава ўся выгарэла. Ячмень гарыць. Нават няма дзе карову навязаць. Калгасныя травы згарэлі, няма дзе кароў пасвіць. Дзе скошана, усё чорна і гола». 

Такая ж тэмпературная свістапляска і засуха зафіксаваны ў 2002 годзе. «Вельмі суха, трава ўсюды выгарае», – запісаў 1 ліпеня Стэфан Рамэйка. 
Вядома ж, сонца ці дажджу селянін чакаў не для таго, каб пагрэцца на пляжы – турбаваўся, ці накорміць летні дзень цэлы год. Галоўным у гэты час быў клопат пра фураж. У 1993 годзе, паводле сведчання Рамэйкі, «асноўнае сена было ўбрана да 5 ліпеня». А ў 2007 – да 1 ліпеня, і пры гэтым селянін наракаў, што «ў мінулым годзе мала накасілі, а сёлета яшчэ менш: вясной было суха, а потым ночы халодныя, і цяпер, дзе скошана, атава не хоча расці.» А ў дажджлівым і халаднаватым 1996 го­дзе першы ўкос прыбралі толькі 25 ліпеня. Хоць тады Стэфан Рамэйка канстатаваў «Сена шмат сыраватага і падгніўшага – ніяк не давалі добра высушыць дажджы. Трэба касіць атаву. Атавы шмат, добрая, зялёная». 30 ліпеня 2000 года ён таксама жаліўся: «Дажджы не даюць касіць, што скошана, тое гніе». А ў 2004 годзе Стэфан Рамэйка 30 чэрвеня пісаў: «Вады ў ручаі больш, чым вясной. Вельмі мокра».


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.
Фота з архіва «АП» – аўтар Ганна Мілашэвіч.