Як у Астраўцы святкавалі Дзень моладзі

15:03 / 27.06.2022

“Што за свята сёння?” – здзіўлена пыталі тыя, хто надвячоркам у мінулую нядзелю выпадкова заблукаў у лесапарк і падзівіўся гульнявым атракцыёнам, міні-кафэ, палаткам з усялякай драбязой і смакатой – традыцыйным спадарожнікам народных гулянняў, што ладзяцца ў старым горадзе. А таксама гукам музыкі, што лілася з канцэртнай пляцоўкі. Пачуўшы ў адказ, што ў горадзе святкуецца Дзень моладзі, многія ўсміхаліся – хто весела, хто настальгічна, хто захоплена – і заставаліся...

Мяркуючы па тым, хто прыйшоў нядзельным вечарам у лесапарк, маладзёжны ўзрост у нашым горадзе вар’іруецца ад нуля – многія былі з дзіцячымі каляскамі – да 60+. І хто паспрачаецца? Даўно вядома, што чалавеку столькі гадоў, на колькі ён сябе адчувае. А ў душы нам усім, піянерам і пенсіянерам, -- 18!

І кожны, хто пасля спякотнага летняга дня выбраўся пад цяністую засень дрэў у лесапарк, знайшоў забаву па душы. Нехта шукаў прыгод у гульні “Лазертаг”, іншыя трэніравалі (ці выпрабоўвалі?) сілу і лоўкасць на спецыяльных батутах; адны дэманстравалі пільнасць і трапнасць у ціры, а другія шукалі шчасця ў бяспройгрышнай латарэі.

Вядома ж, нікога, нават тых, хто перш гаварыў: “Не маё!”, не пакінулі раўнадушнымі харызма, абаянне і прафесійнае майстэрства рок-гуртоў 4СПГ, SAMELI, STEEL RAIN.

І да позняй ночы ўсе, хто лічыць Дзень моладзі сваім святам, “адрываліся” на дыскатэцы пад жывую музыку гурта “Манака”.











Ніна АЛЯКСЕЕВА.

Фота аўтара і Мацвея САКАЛОЎСКАГА.