Што абмяркоўвалі на сельскім сходзе ў Варнянах

09:38 / 22.04.2022

Пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Тальчук у Варнянах на чарговым сельскім сходзе абмяркоўвалі актуальныя пытанні: палы і іх папярэджанне, пажарную, газа- і электрабяспеку, а таксама развіццё аграгарадка і праблемы вяскоўцаў.

Пакуль на Астравеччыне не выпалі ападкі, вельмі востра стаяла пытанне з выпальваннем сухой расліннасці. Выратавальнікі ў межах акцыі “За бяспеку – разам!” неаднойчы тлумачылі жыхарам раёна, як правільна спальваць сухія галінкі, лісце. Тым не менш, сёлета зафіксавана 22 палы – для параўнання, летась было толькі 5.

Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Рыбак агучыў статыстыку і прывёў прыклады, калі навядзенне парадку з дапамогай агню скончылася трагедыяй. Так, у вёсцы Панарка Смаргонскага раёна пазалетась згарэла 6 дамоў і некалькі гаспадарчых пабудоў – пашчасціла, што абышлося без людскіх ахвяр.

У Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе з-за выпальвання сухой расліннасці ўжо загінула 4 чалавекі.

– Выпальваць сухую траву ці расліннасць на корані забараняецца, – нагадаў Віталь Канстанцінавіч. – Смецце – можна, але толькі ў бязветранае надвор’е ў спецыяльна адведзеным, абавязкова акапаным месцы. Пры гэтым пад рукой трэба мець першыя сродкі тушэння: вядро вады, лапату. І абавязкова заставацца на месцы, каб назіраць за вогнішчам.

Віталь Рыбак параіў не адцягваць час і паклапаціцца пра печку: падрамантаваць, праверыць дымаход і іншае, а таксама ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які, як паказвае практыка, уратаваў не адно жыццё. Галоўны выратавальнік раёна даў прысутным майстар-клас па выкарыстанні вогнетушыцеля.

Тэму бяспекі працягнулі начальнік Астравецкага раёна газазабеспячэння Юрый Шоць і інспектар энерганагляду Андрэй Гіль.

Старшыня Варнянскага сельвыканкама Аляксандр Вярбовіч расказаў пра найбольш значныя і актуальныя работы, якія праводзяцца на тэрыторыі сельскага Савета.

– Дарогі ў аграгарадках перададзены на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Камунальнікі прыбіраюць і вуліцы нашага аграгарадка. Цяпер адбываецца перадача могілак на баланс ЖКГ, – расказаў Аляксандр Часлававіч.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук парадавала жыхароў вуліцы Маладзёжнай, якіх хвалявала воднае пытанне: водазабеспячэнне, напорная вежа і іншае абсталяванне з балансу КСУПа пераходзіць ЖКГ.

Другая частка сходу насіла дыялагічны характар. Вяскоўцы ўздымалі хвалюючыя іх пытанні і, да слова, на некаторыя адразу атрымлівалі адказ.

Пытанне ад жыхаркі Варнян: “Гэты год праходзіць пад знакам гістарычнай памяці. Які лёс чакае вежу-альтанку?”

Адказала Ірына Эдуардаўна:

– Старт аднаўленню гэтай гістарычна-архітэктурнай каштоўнасці дадзены падчас рэспубліканскага суботніка – шмат астраўчан папрацавала на варнянскім востраве. Вежа перададзена на баланс гімназіі, якую ўзначальвае ваша зямлячка Алена Севасцьян. Дзякуючы энергічнаму і творчаму дырэктару, на аднаўленне гістарычнага будынка, добраўпарадкаванне тэрыторыі ля яго і рэалізацыю творчых задум атрыманы грант ад Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Пытанне ад жыхара Вароны: “Што рабіць сельскім жыхарам з будаўнічым смеццем? Заказаць машыну ў ЖКГ у наш аграгарадок каштуе больш за 200 рублёў, а вывозіць той жа шыфер смеццевозамі камунальнікі адмаўляюцца.”

Ірына Эдуардаўна паабяцала ўзняць пытанне на раённай планёрцы, каб з адказнымі структурамі прадумаць рашэнне гэтай праблемы.

ЛІЧБА

На тэрыторыі Варнянскага сельвыканкама размешчаны 71 населены пункт, з якіх 10 – нежылыя. Закінутымі лічацца 205 дамоў.






Текст:
Фото: Алёна Ганулич