Цуд, які здарыўся ў жыцці Іаланты Валуевіч

09:32 / 16.04.2022
Кожны год напярэдадні Вялікага посту мне ўспамінаецца выпадак, які здарыўся ў 90-х і пра які доўгі час нікому не расказвала, хіба толькі блізкім па духу людзям. А цяпер стала сорамна за сваю нерашучасць, і я вырашыла: трэба, каб людзі ведалі, што цуды здараюцца, што Усявышні часам пасылае нам з неба знакі – пэўна ж, не для таго, каб мы іх сарамліва замоўчвалі. Бо сказана «Хто паўстыдаецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы паўстыдаецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айца, і святых анёлаў»  (Ев.ад Лукі  9.26.)

Дакладна не магу сказаць, які гэта быў год – 1997-мы ці 1998-мы. Патэлефанавала сяброўка і папрасіла дапамагчы падрыхтаваць на заўтрашні дзень абед для ганаровага госця – сцісла, посна і смачна. Было досыць позна, каля 21 гадзіны, калі мы выбраліся  з дому. У тым годзе ў лютым снегу не было зусім, імжэў дробны дождж. 

Калі выязджалі з вёскі, нейкая невядомая сіла прымусіла мяне глядзець не ўперад, на дарогу, якую выхопліваў з цемры сноп святла ад фараў, а праз бакавое шкло на неба. 

Раптам я заўважыла, як у цёмных свінцовых хмарах з’явілася светлая пляма, затым з яе сфарміраваўся правільнай формы круг – і тут жа ператварыўся ў дакладна акрэслены крыж. Я толькі і паспела прашаптаць: «Ты бачыш крыж на небе?»  «Бачу!», – таксама шэптам адказаў кіроўца – і крыж закрыла воблака, толькі акрайчык асновы бліснуў. Праз імгненне неба зноў зацягнулі свінцовыя  хмары. 

Далей мы ехалі, сцішыўшыся, раз-пораз паглядаючы на неба ў чаканні паўтарэння цудоўнага з’яўлення, але больш нічога не здарылася. 

Назаўтра, у Папяльцовую сераду, была на службе ў касцёле і, хоць вельмі хацелася расказаць пра ўбачанае, пабаялася: не зразумеюць, будуць круціць пальцам ля скроні. Не хацелася аддаваць на смех, на здзек тое таемнае і чыстае, што мне было дадзена ўбачыць.

Пазней расказала пра гэты нябесны знак свайму добраму сяб­ру, спеваку і музыканту. На дзіва, ён прызнаўся, што таксама меў шчасце сутыкнуцца з такім цудам. У 1986 годзе, калі ён быў у ЗША на гастролях, пасля заканчэння канцэрта, выйшаўшы на вуліцу, усе ўбачылі ў небе вялікі крыж, які падымаўся ад самага гарызонту і да сярэдзіны неба. Гэтая з’ява доўжылася з гадзіну і назіралі яе многія: артысты, гледачы, прахожыя.  

Зазірнула ў інтэрнэт – аказалася, што з’яўленне крыжа і іншых цудоўных знакаў здараецца час ад часу. Першым упамінаецца велізарны крыж, які назіралі ў Іерусаліме ў 351 годзе: ён узвышаўся ад Галгофы над Гефсіманскім садам і горадам. Людзі падалі ніц перад гэтым страшным і велічным відовішчам.
Ёсць фотаздымкі і сучасных цудоўных з’яў. У большасці выпадкаў іх аўтараў абвінавачваюць у фоташопе, тлумачаць цуд прыроднымі феноменамі. Але «мой» крыж ніяк не спішаш на аптычныя  з’явы: ён узнік не ў промнях сонца, а дажджлівым познім лютаўскім вечарам. Ён быў невялікі, шырыня папярэчыны не нашмат карацей даўжыні, і не ззяў, а проста блішчэў, як залатая рэч. 

Напярэдадні Вялікага посту ён, відаць, быў пасланы для ўмацавання веры – маёй і іншых людзей.

Текст:
Фото: из интернета