Як трэба ўшанаваць памяць Адама Мальдзіса, меркаваннем падзяліліся астраўчане

11:00 / 29.03.2022
Сёлета летам Адаму Мальдзісу споўнілася б 90 гадоў. Карэспандэнт пацікавіўся ў астраўчан, як варта ўшанаваць памяць нашага слыннага земляка.

Генадзь Бычко, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама:


– Як для Астравецкага раёна, так і для ўсёй Беларусі смерць Адама Восіпавіча стала вялікай стратай. Мы абмяркоўвалі, як ушанаваць памяць гэтага вялікага чалавека, які шмат зрабіў для нашага краю. 

На пасяджэнні тапанімічнай камісіі неабходна будзе вызначыць назвы новых вуліц. Цалкам слушная прапанова некаторых жыхароў нашага раёна назваць адну з іх у гонар сына зямлі астравецкай Адама Мальдзіса. 

Па дамоўленасці райвыканкама з інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі восенню на Астравеччыне пройдзе навукова-практычная канферэнцыя, па выніках якой будзе выдадзены зборнік работ. Кожны жадаючы – вучні школ, краязнаўцы, гісторыкі і проста людзі, якія цікавяцца сваім мінулым, – можа ў ёй паўдзельнічаць. Тым больш што адна з секцый будзе прысвечана жыццю і дзейнасці Адама Мальдзіса. 

Наталля Ачарэтава, намеснік дырэктара Астравецкай раённай бібліятэкі:


– Значнасць асобы Мальдзіса, яго чалавечыя якасці проста немагчыма пераацаніць. І я, і мае папярэднікі ў раённай бібліятэцы не проста падтрымлівалі стасункі з Адамам Восіпавічам, а сябравалі. Гэта быў чалавек незвычайных розуму і памяці, нездарма яго называлі чалавекам-энцыклапедыяй. Шмат унікальных кніг, часопісаў Мальдзіс аддаў у нашы фонды. У Астравецкі райвыканкам мы накіравалі хадайніцтва аб прысваенні раённай бібліятэцы імя Адама Мальдзіса. 



Людміла Кухарэвіч, паэтэса:


– Абавязак усіх жыхароў Астравеччыны і тых людзей, якія ведалі Адама Восіпавіча, – захаваць пра яго памяць – малітвай, словам, справай. Па ініцыятыве нашага знакамітага земляка ў раёне неаднойчы праходзілі Гашкевічаўскія і Сваякоўскія чытанні – добра было б правесці нешта падобнае ў гонар Адама Мальдзіса. Мне падаецца, былі б цікавымі, як для дзяцей, так і для дарослых, літаратурныя вечары з аглядам твораў і работ Мальдзіса – у навуковым, культурным і гістарычным кантэкстах. Спадабалася ініцыятыва Ніны Рыбік, калі ў раённай газеце ўспамінамі пра знаёмства і сяброўства з нашым выбітным земляком дзяліліся розныя людзі. Добра было б потым выдаць кнігу. Адам Восіпавіч стараўся, каб наша роднае слова жыло, вяртаў нам гісторыю – яму абавязкова трэба паставіць помнік у Астраўцы. 

Таццяна Кучэўская, 
намеснік дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Астравецкім раёне: 

– Па-першае, адну з гарадскіх вуліц варта назваць імем Адама Мальдзіса. Па-другое, зладзіць шэраг культурна-адукацыйных сустрэч ці мерапрыемстваў (форма можа быць любая), каб нагадаць старэйшым жыхарам і расказаць школьнікам пра жыццё, лёс і ўнёсак нашага земляка ў культурна-гістарычнае развіццё раёна і Беларусі. Неаднойчы бывала на розных імпрэзах у гонар Казіміра Сваяка ў доме-музеі братоў Стэповічаў у Баранях, лічу, што варта было б адкрыць такі ў Расолах, на радзіме Мальдзіса. 



Марыя Васілёнак, стваральнік і былы кіраўнік музея «Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае»:

– Назваць вуліцу імем Адама Мальдзіса было прапанавана на яго пахаванні. Прысвоіць імя раённай бібліятэцы – ён жа перш за ўсё свае навуковыя здабыткі адрасаваў менавіта ёй. Будзе праведзена навуковая канферэнцыя – цудоўна. Але нейкі азарт у людзей з'яўляецца, калі яны прымаюць удзел у конкурсах. А ў нас жа столькі разумных, таленавітых людзей!

 Магчыма, паэтычна-літаратурны конкурс дазволіў бы нашым землякам выказаць свае пачуцці і скласці раённую кнігу памяці пра літаратурна-гістарычнага першапраходцу Астравеччыны. Яна, мне здаецца, таксама была б добрай памяццю пра Адама Восіпавіча Мальдзіса.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич