Пра свой шлях да бога расказвае Галіна Ступенька

15:06 / 22.03.2022
Кажуць: усе ведаюць, як трэба рабіць. Але не кожны можа зрабіць, як трэба. Кожны год святары, у тым ліку і са старонак «Астравецкай праўды», расказваюць, як варта пражыць час Вялікага посту, каб сустрэць Вялікдзень з чыстай душой і радасцю ў сэрцы. Сёння мы вырашылі распытаць вернікаў каталіцкай і праваслаўнай канфесій, як яны рыхтуюцца да светлага Хрыстовага Уваскрэсення.

«Пост сілы прыбаўляе» –  сцвярджае Галіна Ступенька, прыхаджанка храма Святых апосталаў Пятра і Паўла.

– Вырасла я ў праваслаўнай сям'і ў Дзятлаўскім раёне. Родная вёсачка стаіць, лічы, на мяжы чатырох раёнаў – Дзятлаўскага, Шчучынскага, Мастоўскага і Лідскага. Наш прыхадскі храм далекавата знаходзіўся, больш чым за 10 кіламетраў, а ў Шчучынскім раёне бліжэй, дык мы калі ў адну царкву сходзім, калі ў другую – як атрымлівалася. Адзін з самых яскравых і цёплых успамінаў дзяцінства – першае прычасце і адчуванне шчасця пасля яго.

У нашай сям'і заўсёды захоўвалі строгі пост. Рыхтаваліся да яго з лета: да зімы на печы віселі даўжэнныя нізкі сушаных грыбоў, выключна белых. Стаялі торбачкі з сушанымі чарніцамі, яблыкамі, грушамі. У склепе – бочкі квашанай капусты, агуркоў. Клопатам малых было нанасіць летам і насушыць вялізны мех арэхаў. Дарослыя пасціліся строга: ні мяса, ні рыбы, ні яйка, ні алею – нічога з жывёльных прадуктаў. Дзецям давалі малако – калі карова ў гэты час у каго-небудзь ацеліцца, тады ўсіх малых частуюць –  і сваіх, і чужых. А так варылі саладуху: крупяны суп, засмачаны сухімі яблыкамі ці ягадамі.

У Астравец я прыехала ў 1976 годзе па накіраванні пасля Жалудоцкага медыцынскага вучылішча. У 1979 годзе выйшла замуж. Дзяўчаткі нарадзіліся: першую назвала ў гонар Багародзіцы Марыяй, другую – Наташай.



У царкву хадзіла, калі прыязджала дахаты – на Астравеччыне праваслаўнага храма ў той час не было. У 90-х нам аддалі драўляную хацінку на Ленінскай, каля моста. А колькі радасці было, як царкву пабудавалі! Старалася ніводнай службы не прапускаць, хіба што пасля цяжкага начнога дзяжурства з ног валілася. Я ж 40 гадоў медыцынскай сястрой працавала, 36 з іх – у гінекалагічным аддзяленні нашай бальніцы.

У 60 гадоў пайшла на пенсію. Тады бацюшка і блаславіў мяне працаваць у царкве: свечкі, іконы прадаваць, запіскі прымаць… Перш не згаджалася, лічыла, што не ўмею я з грашыма. Але ж атрымалася – вось ужо амаль 6 гадоў тут. Больш як год увогуле кожны дзень у царкве дзяжурыла. Цяпер дапамагаю ўнучку гадаваць, і «выхадныя» ў мяне – субота і нядзеля, тады іду ў храм. Я ў царкву, здаецца б, на крылах ляцела, дзень і ноч тут была! Так мне тут добра, так лёгка… Калі на «ковід» хварэла, у бальніцы ляжала, то плакала, так хацела ў храм. Тут і дыхаецца, здаецца, лягчэй.

Цяпер я па-іншаму на свет гляджу, раз­у­мею тое, што раней здавалася невытлумачальным. Больш разважлівай стала – перш падумаю, чым сказаць. Менш злуюся, раздражняюся. Ды і тое праўда, што жыццё стала спакайнейшым… І хваробы многія адступілі, а тыя, што засталіся, лячу народнымі сродкамі. 
 
А пост, калі яго захоўваць, сілу не забірае, а наадварот, прыбаўляе, духоўную і фізічную, – хоць нехта лічыць, што так не бывае. Цяпер, праўда, бяру ў бацюшкі блаславенне на паслабленне. Але першы, апошні і Крыжыпаклонны тыдзень пашчуся па ўсіх правілах: толькі гародніна, фрукты, хлеб, чай, арэхі… У астатнія дні дазваляю сабе заправіць салату алеем, выпіць бульён, калі-нікалі – малако. Мяса – ні-ні! На Дабравешчанне і ў Вербную нядзелю дазваляецца рыба.

Для падтрымання душэўных сіл штодня адкрываю кнігу «Чытанне на кожны дзень Вялікага посту» – там тлумачэнні, малітвы, правілы паводзін, парады. Вельмі мудрая кніга. Калі дзень па нейкай прычыне прапушчу ці ведаю, што назаўтра не змагу пачытаць , – чытаю двайную «норму». Безумоўна ж, Псалцір і Евангелле – без свяшчэннага пісання аніяк. Бацюшка заўсёды раіць, што варта пачытаць. 

А галоўнае – споведзь і святое прычасце, якое дае сілы вытрымаць усе выпрабаванні, справіцца з любой спакусай. Як правіла, раз у месяц іду да споведзі. І без блаславення ніякай важнай справы не пачынаю, бо не раз праверыла: не атрымаецца без Божай дапамогі нічога.

…Дзякую Бога за ўсё: за дачок, за ўнукаў – іх у мяне пяцёра, і нават праўнучак ужо ёсць, за ўсё добрае і дрэннае, што было ў жыцці. 

Аб адным шкадую: што па-сапраўднаму, усвядомлена прыйшла да Бога пазней, чым магла б…
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

Текст: Нина Рыбик