Пра Вялікі пост і яго значэнне для людзей разважае Тарэса Прыбыльская

13:00 / 22.03.2022

Вялікі пост для кагосьці праходзіць інтэнсіўна ў духоўным плане, для іншага застаецца незаўважаным… Развагамі пра гэты перыяд і яго значэнне для чалавека дзеліцца гаспадыня кляштара кармелітаў босых у мястэчку Гудагай Тарэса Прыбыльская.

– Колькі сябе памятаю, вера заўсёды прысутнічае ў маім жыцці.  Апошнія гады я – за гаспадыню ў айцоў кармелітаў. Дарэчы, і мая прабабуля Анастазія працавала тут кухаркай пры ксяндзы Сінкевічы.  Айцоў кармелітаў, якія на ўсё жыццё абралі сабе хабіт, я называю салдатамі Хрыстусовымі. Гледзячы на іх і перажываючы Вялікі пост, яшчэ больш упэўніваюся, што ў гэты перыяд у некалькі разоў узрастае адказнасць – перад Богам, людзьмі, сабой. Нездарма асноўныя сімвалы гэтага часу: пост, малітва, міласціна. 


Мне здаецца, што пост – гэта не столькі абмежаванні ў ежы, колькі магчымасць перагледзець сваё жыццё. Але цягам трох дзён у Вялікія чацвер, пятніцу і суботу пасціцца трэба абавязкова. Так рабілі мае прадзеды, так раблю я, гэтаму навучыла сваіх дзяцей. Вялікі пост, як тонкая, але трывалая стужка, праз дзесяцігоддзі злучае з продкамі, у многім дзякуючы яму ў нашых сем’ях захоўваюцца традыцыі. 

У нядзелю з удзелам дзяцей у нашым касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі адбываецца Крыжовы шлях. Хоць да мястэчка Гудагай з розных бакоў туляцца вёсачкі, але прыхаджан няшмат. «Крыжовы шлях – наша жыццё», – казала бабуля. Нашым дзецям пашчасціла нашмат больш, чым нам у свой час, калі ў касцёлы і цэрквы забаранялася хадзіць. Цяпер храмы адчынены, там моляцца на зразумелай беларускай мове… Але чамусьці далёка не ўсе імкнуцца да Хрыс­та. У маім дзяцінстве не было друкаваных спеўнікаў, касцёльныя песні перапісваліся ад рукі і перадавалі з рук у рукі, не было кніг і часопісаў пра жыццё святых і касцёльную навуку. Мы шмат не ведалі, але шчыра, нават па-дзіцячы наіўна, верылі. Дзесяць запаведзяў, «Ойча наш», «Вітай, Марыя» – малітвы, з якімі мы даходзілі да споведзі. Першая камунія ў нас адбывалася ў 5 гадзін – так рана, бо нельга было хадзіць у касцёл, больш таго,  бацька быў камуністам… Мы жылі ў Труханах і пешшу ішлі ў мястэчка. Памятаю, у той дзень быў густы-густы, бы белы кісель, туман. Крок за крокам падыходзіш бліжэй – і пачынае вымалёўвацца драўляны касцёл. Ад хвалявання і прадчування чагосьці таемнага па скуры беглі мурашы. Мама апранула мне сукенку ў дробныя кветачкі – белай не было.  Гэты дзень я запомніла на ўсё жыццё: ксёндз Адам Вайцяхоўскі ўдзяляў нам, семярым дзеткам, першую камунію… 

У Вялікі пост варта задумацца пра тое, што, пераадольваючы перашкоды, абмежаванні, мы дасягаем значна большага. 

Калі ў велікапосны перыяд у касцёле спяваюць песні жальбы пра мукі Езуса, у мяне заходзіцца душа. Як маці чатырох дзяцей, мне нават складана ўявіць, што адчувала Марыя, аддаючы адзінага сына на пакутніцкую смерць. Цяжка падумаць, як крывавілі яе сэрца і душа, калі яна бачыла, як жалезныя цвікі ўпіваюцца ў жывое цела, але яна з пакорай прыняла Божую волю. У велікапосны перыяд, куды б ні ехала, у дарозе заўсёды малюся за сваіх дзяцей. Прашу святых Пятра, Марыю, Казіміра, каб далі ім здароўя і збераглі ад дрэнных людзей і вачэй. 

У Вялікі пост варта больш часу праводзіць са сваімі блізкімі, не шкадаваць добрых слоў і памятаць, што  ўсе мы не вечныя…

Гледзячы на стацыі, перажываю муку Хрыста і задумваюся над жыццём. Мы людзі – са сваімі звычкамі, заганамі, у нас можа быць дрэнны настрой, але менавіта ў гэты перыяд варта прыпыніцца і задаць сабе толькі адно пытанне: што я раблю не так? Некалі Сымон Кірынеец не ад любові і клопату за Сына Божага, а па прымусе дапамог яму несці крыж. Так і мы, павінны адкрыць вочы і дапамагчы, хоць бы малітвай, тым, каму значна горш за нас…

Малітва – самае галоўнае, але яна павінна быць шчырай, ад душы, а не прамоўленай аўтаматычна, бяздумна. Я лічу, што шмат маліцца не трэба, хоць крыху – і будуць змены да лепшага. Калі б была магчымасць сустрэць укрыжаванага Езуса, я папрасіла б у яго прабачэння. У складаныя хвіліны, якія бываюць у кожнага, калі, здаецца, выйсця няма – суцяшаю сябе думкай: што Хрысту было нашмат цяжэй. 

У нядзелю на Вялікдзень будзе паўнюткі касцёл людзей. На святочнай імшы будуць дзеткі. Прыедуць прыхаджане са станцыі Гудагай, з Ліпак… У такія моманты душа напаўняецца праз край ціхай радасцю, якой хочацца дзяліцца з кожным стрэчным, вітаць людзей «Хрыстос уваскрос!», чуць у адказ шчырае «Сапраўды ўваскрос!», і дзяліцца чырвоным яйкам… Сімвалам уваскрослага Хрыста, пераўзыходжаннем святла над цемрай, жыцця над смерцю. 


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич