Якім было надвор’е ў першай палове сакавіка ў розныя гады

09:05 / 02.03.2022
1-14 сакавіка

«Восень едзе на рабым кані» – гаварыла некалі маці пра надвор’е, якое ў гэтую пару года мяняецца па некалькі разоў на дзень. Такая прыказка як нельга лепш падыходзіць і да сёлетняй вясны, калі снегапад пераходзіць у дождж, затым змяняецца марозам – і ўсё гэта суправаджаецца шквалістымі вятрамі. Мэтэаадчувальным людзям у такое надвор’е вельмі складана. Але з прыродай не паспрачаешся, і адно, што застаецца, як раіць вядомая песня, – усё прымаць з удзячнасцю.

Да таго ж ёсць і прыемная навіна: Станіслаў Памецька паведаміў, што 24 лютага чуў крык журавоў. Так што вясна – вось яна, блізка, на падыходзе!

А якім быў пачатак вясны ў іншыя гады? Пра гэта сведчаць дзённікі назі­ранняў за надвор’ем Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі. Паколькі ў наступны аўторак, які прыпадае на свята, 8 Сакавіка, «Астравецкая праўда» не вы­­йдзе, то мы прааналізавалі запісы варонскіх натуралістаў за першыя 2 тыдні сакавіка.

За перыяд з назіранняў з 1990 года і па сённяшні час самым халодным пачатак вясны быў у 2005 годзе: сярэдняя тэмпература першага тыдня склала -8,30С, другога – -4,80С, а 2 сакавіка слупок тэрмометра ўвогуле апускаўся да 27 градусаў марозу, 11 сакавіка – да 11.

Прыказку «Марац адмарозіць палец» успаміналі і ў 1993 годзе, калі начныя маразы дасягалі 22 градусаў – так было 5 сакавіка. А сярэдняя тэмпература першага тыдня ў гэтым годзе складала -7,20С. Хоць да сярэдзіны месяца ўсё ж пацяплела – і сярэдняя тэмпература другога тыдня склала -2,40С.
 
Мінусавыя тэмпературы ў першы ты­дзень сакавіка трымаліся ў 1991, 1994, 1996 («Мароз, снег, завея» – з 2 па 4 сакавіка такое надвор’е фіксаваў Стэфан Рамэйка), у 2003-м і 2004-м гадах. 

А вось у другім тыдні месяца маразы трымаліся, акрамя ўжо згаданага 1993-га года, у 1996-м, прычым у тым годзе ён нават узмацніўся ў параўнанні з першым ты­днем: з 8 па 14 сакавіка сярэдняя тэмпература склала -5,40С, а 8 сакавіка «падарункам» для жанчын стаў 20-градусны мароз. 

Прыкладна такім жа было надвор’е ў 1998 годзе: пасля адносна цёплага першага тыдня сакавіка другі прымусіў зноў даставаць кажухі: сярэдняя тэмпература склала -4,10С. 

Больш халодным, чым пачатак першага веснавога месяца, стаў яго працяг і ў 1999 годзе, да таго яшчэ і снежным («10 сакавіка ноччу выпала 10 сантыметраў снегу» – пісаў Стэфан Рамэйка), а таксама ў 2004 і 2005 гадах. А ў 1990 годзе тэмпература вагалася ад 10 градусаў цяпла 8 сакавіка да 7 градусаў марозу 14 сакавіка – і амаль увесь тыдзень натураліст адзначаў моцныя вятры («Дождж, снег, бязбожна вялікі вецер» – пазначыў Стэфан Рамэйка 10 сакавіка). У 1994 годзе ў сярэдзіне сакавіка ляжала да 12 сантыметраў снегу. 

Затое ў 1992-м, 1995-м, 1997-м, 1999-м, 2002-м, 2007-м, 2017-м 2019-м, 2021-м вясна ішла шырокім крокам! 

Праўда, часам усё ж «накульгвала»: у 1995-м, 1996-м, 1998-м, 1999-м, 2000-м, 2013-м другі тыдзень сакавіка быў нашмат халаднейшы, чым першы. 
Рэкордна цёплым у аналізуемым перыя­дзе аказаўся пачатак сакавіка ў 2020 годзе: у першы тыдзень сярэдняя тэмпература склала +70С, у другі – +6,80С. Цёплым выдаўся другі тыдзень сакавіка ў 2017-м – +4,60С, 2019-м – +5,50С, 2017-м – +70С, 2014-м – +8,50С, 2011-м – + 4,70С, 2007-м – +5,90С. 

У 2002 годзе 12 сакавіка слупок тэрмометра падымаўся да +160С, у 2007-м 13 сакавіка было 14 градусаў цяпла.

Станіслаў Памецька штогод фіксаваў даты прылёту птушак. Бадай што раней за ўсё пярнатыя вярнуліся з выраю ў мінулым годзе: 1 сакавіка арнітолаг бачыў шпакоў, 2-га – чуў спеў жаўранка, у той жа дзень ён налічыў 23 журавы ў небе над Варонай. Звычайна ў гэты час, на працягу сакавіка, ляцелі да сваіх звыклых гняздоўяў чароды гусей – натураліст налічваў да двухсот асобін адначасова.

Народныя прыкметы

2 сакавіка па надвор’і прыкмячалі, якім будзе лета. 

14 сакавіка па праваслаўным календары – Аўдокі, Еўдакеі. Калі гэты дзень выдаваўся цёплым – чакалі такую ж вясну і лета і асабліва ўдалы год на сенакос. Дождж на Аўдокі абяцаў добры ўраджай жыта. Калі ж у гэты дзень здараліся мароз і завіруха, то халодным абяцаў быць і ўвесь год.


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.
Фота Ірыны Шляхтун.


Текст: Главный администратор