Датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па Канстытуцыі стартавала на Астравеччыне

12:44 / 22.02.2022

Першы выбаршчык пераступіў парог выбарчага ўчастка №5 у Астраўцы ў 10 гадзін – як толькі пачалося датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па Канстытуцыі.

Трэба адзначыць, што жадаючых зрабіць свой выбар у першую гадзіну галасавання было шмат. Камісія спраўлялася. А за тым, як яна працуе, сочаць назіральнікі.

Шмат увагі падчас рэферэндуму надаецца прафілактыцы каронавіруса: на ўваходзе ў зал галасавання для выбаршчыкаў падрыхтаваны антысэптыкі і аднаразовыя маскі.

З першых вуснаў


Марэк Лаўрыновіч, выбаршчык:

– Калі ішоў галасаваць, думаў, што буду адным з першых, – а быў самым першым. Асноўны дзень правядзення рэферэндуму – нядзелю – ужо распланаваў, таму вельмі добра, што ёсць датэрміновае галасаванне. Хто хоча, той абавязкова знойдзе хвілінку, каб забегчы на ўчастак зарання.

Я прымаю ўдзел ва ўсіх грамадскіх справах, маю сваю пазіцыю як асоба і як грамадзянін сваёй краіны. Яе і прытрымліваюся. Таму ўдзельнічаю ва ўсіх выбарах.


Ірына Шляхтун, выбаршчык:

– Галасую, таму што маю на гэта права. А зарання – даўно ўжо гатова падтрымаць змяненні ў Канстытуцыі – добра іх вывучыла і прааналізавала. Акрамя таго, на нядзелю запланавала паездку – таму добра, што ёсць магчымасць прагаласаваць датэрмінова. Ды і ва ўмовах пандэміі не хочацца лішні раз рызыкаваць здароўем: менш людзей – большая засцярога ад хваробы.


Андрэй Мхітаран, выбаршчык:

– Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Таму прагаласаваў. Чаму датэрмінова? А чаму і не! Чаго цягнуць.





#конституция #референдум


Текст:
Фото: Ольга Хотянович