У Рытанскім доме культуры збіраюць старадаўнія рэчы

10:33 / 06.12.2021
– Адгадайце загадку, – прапануе наведвальнікам Рытанскага дома культуры яго загадчык Аляксандр Юргелянец. – Чатыры чатыркі, дзве растапыркі, адзін баўтун, два перавёртышы. Што гэта?

І тут жа дае падказку:

– Адгадка тут, побач з вамі, яе лёгка знайсці.

…Ды не так і лёгка, бо экспанатаў у невялікім фае Дома культуры, дзе нядаўна стаялі більярдны і тэнісны сталы, – не адзін дзясятак. Старадаўнія рэчы, якімі карысталіся ў паўсядзённых справах нашы дзяды і пра­дзеды, запоўнілі невялікае памяшканне.

– Во гэтаму школьнаму пеналу – не паверыце! – 100 га­доў, – паказвае Аляксандр Ме­чыслававіч даўнейшую школь­­ную прыладу. – Вось бязмен, каб важыць воркі са збож­жам. Бачыце, які вялізны? Гэтыя вілы з загнутымі зубамі я цудоўна памятаю: імі гной добра з воза сцягваць. Ну і ў хляве ён, зляжалы, лёгка падымаецца.

Няша – так проста і зразумела мясцовыя называлі каромысел, на якім насілі вёдры. З дзясятак гэблікаў розных памераў і прызначэння. Калекцыя драўляных лыжак. «Вось гэтай, вялікай, я ў дзяцінстве еў, таму і вырас такі вялікі, а брат вунь той, маленькай, зацірку сёрбаў – таму такі дробненькі», – жартуе Юргелянец. 

Драўляная калыска пад столлю. Саматканыя дываны і ручнікі. З пяток маслабоек. Вялікія саламяныя і лазовыя кашы, кошыкі і кошычкі. А яшчэ даўнейшыя радыёлы, радыёпрыёмнікі, патэфоны, тэлевізары.

І так, вядома ж, адгадка на загадку – добра вядомы ўсім калаўрот!

Экспанатаў у музейнай экспазіцыі Рытанскага дома культуры ўжо больш за сотню, а людзі ўсё нясуць і нясуць! Як даведаліся, што Алік збірае старадаўнія рэчы для музея, так і панеслі хто што.

– Задум мноства, – дзеліцца Аляксандр Мечыслававіч. – Калёсы мне абяцалі аддаць, без адзінага цвіка зробленыя (калёсы – гэта воз па-руску, а не колы, як нехта падумаў, – Н.Р.). І зімовыя сані. Куды толькі паставіць? Мог бы бацькоўскую хату ахвяраваць для музея. Ды хто на мой хутар паедзе? А тут ці на канцэрт людзі прыйдуць, ці ў бібліятэку – кожны, хто ў дом культуры зойдзе, зазірне, пацікавіцца – і дзеці, і дарослыя. 

– Мы запісваем у спецыяльны сшытак, хто што ахвяраваў для музея, – расказвае Юргелянец. – Хай застанецца памяць пра нас і нашых продкаў – для дзяцей нашых, для ўнукаў. Я думаю, спатрэбіцца…

…А більярдны і тэнісны сталы, дарэчы, таксама не прапалі – яны стаяць у вялікім фае. Ёсць тут чым заняцца і прыхільнікам здаровага ладу жыцця, і аматарам даўніны.

изображение_viber_2021-11-16_09-45-40-115.jpg
изображение_viber_2021-11-16_09-46-36-174.jpg
изображение_viber_2021-11-16_09-47-26-363.jpg

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик