Касцёл у Кямелішках: убачыць, зразумець – і палюбіць

15:03 / 09.11.2021
Драўляная святыня, якая сваімі вежкамі, здаецца, падпірае неба, і прас­тор тэрыторыі навокал, акружаны ланцужком каванага плоту, –  лялечным, нейкім несапраўдным і ў той жа час велічным і стыльным мне падаўся  касцёл Нараджэння Багародзіцы ў Кямелішках.

Храмы, якія захаваліся амаль у першародным стане, сёння сустракаюцца рэдка, а таму могуць прэтэндаваць на тое, каб стаць месцам, куды не толькі ідуць веруючыя, але і едуць турысты. 

3.jpg

Разумееш без слоў

Пабудаваны ў 1781 годзе, касцёл можа сам расказаць пра сябе шмат цікавага.

Яго адметнасць не толькі ва ўнутранай драўлянай разьбе, якая надае інтэр’еру хатнюю цеп­лыню і ў той жа час святочную прыбранасць, але і ў асвятленні. Дзясяткі маленькіх лямпачак на сценах падкрэсліваюць іх натуральны выгляд, у атачэнні шкляных «вісюлек» спускаюцца са столі і мільёнамі блікаў нібы сыплюцца на галовы прыхаджан. Найбольш падкрэсліць незвычайнасць вобразаў святых, нібы ўдыхнуць у іх жыццё, маленькім «светлячкам» удаецца ў галоўным алтары.

Апошні, дарэчы, абавязкова прыцягне ўвагу, як толькі вы пераступіце парог храма: вя­лікія,  у рост чалавека, як жывыя – здаецца, у сваіх дына­міч­ных позах яны застылі толькі на імгненне, –  скульптуры Маці Божай, Тэрэсы Вялікай, святой Ядвігі і святога Ксаверыя  валодаюць нейкім магнетызмам – так і хочацца падысці да іх бліжэй, укленчыць і памаліцца. Або проста пастаяць у цішы і ў думках пагаварыць з тымі, хто мае магчымасць перадаць твае жаданні, просьбы  і надзеі Яму… 

Да слова, на некаторых драўляных лавах ёсць таблічкі з годам або імем таго, хто іх ахвяраваў касцёлу, – і, зразумела, меў першараднае права ся­дзець там падчас імшы. Традыцыі гэтай ужо больш за 200 гадоў, і захавалася яна да сённяшніх дзён.  

Па словах ксяндза Паўла Гар­дзейчыка, мабыць, найвялікшае багацце кямелішкаўскага касцёла, якое сімвалізуе духоўнае яднанне людзей паміж сабой і з Богам,  – старадаўняя разьба са словамі на лацінскай мове «На большую хвалу Божую». Душой гэтага месца калісьці быў і  арган, таксама драўляны, з мудрагелістай разьбой «пад стыль» лавак. На жаль, ён даўно маўчыць – бо патрабуе сур’ёзнага рамонту. Аднак сваю ролю: падкрэсліваць велічнасць усяго, што адбываецца ў сценах святыні, і ўвогуле важнасць яе існавання – ён да гэтай пары выконвае.  

З ГІСТОРЫІ

У верасні 1781 года віленскі біскуп Масальскі рэагаваў Кя­ме­­лішскую парафію. 

Фундатарам касцёла быў Станіслаў Прушынскі – дарэчы, яго партрэт, як падзяка за тое, што  падарыў людзям месца яднання з Богам, знаходзіцца ў адной з бакавых капліц ра­зам з выявамі  некаторых ро­дзі­чаў, якія таксама займаліся будаўніцтвам храма. Першапачаткова ўзводзіць збіраліся мураваны касцёл, аднак пасля смерці фундатара магчымасці на гэта не стала. Скончылі будаўніцтва ўжо праз год. 

Першым плябанам тут быў Тадэвуш Тавяньскі, апошнім, да 1858 года, – ксёндз Бэнавэнтура Сушынскі. Пасля парафію ўзначальвалі адміністратары. 

Новаўтвораная парафія, дзе налічвалася больш за 5 тысяч вернікаў, увайшла ў склад Свіранскага, потым Варнянскага дэканатаў. 

За польскім часам тут дзей­нічаў кляштарны дом сясцёр-місіянерак. 

Некалі да Кямелішкаўскай па­рафіі належала і капліца ў Балошы, якая ўжо не існуе. 

У 1845 годзе святыню рэкан­ст­руявалі, а да 1900 года дабу­да­валі 2 бочныя капліцы – і храм набыў рысы стылю мадэрн.

Касцёл не зачынілі нават падчас Другой сусветнай вайны і акупацыі, аб чым сведчаць пара­фіяльныя кнігі, кнігі хростаў і суджанстваў. 

Да сённяшняга часу на тэры­торыі храма дзейнічае драў­ля­­ная байніца – пачуць гук кя­мелішкаўскага звана можна пад­­­час працэсій і ў касцёльныя святы. 
2.jpg
Слова святару

– Ва ўсім гэтым – непаўторны каларыт нашага храма, – лічыць ксёндз Павел Гардзейчык. – Касцёл Нара­джэння Найсвяцейшай Марыі Панны – духоўная спадчына не толькі жыхароў нашага раёна, але і Беларусі. Яна адкрыецца таму, хто зможа ўгледзецца і пастараецца зразумець яе веліч і непаўторнасць.

Цешыць тое, што гісторыя касцёла ў апошнія часы цікавіць не толькі мясцовых людзей і гісторыкаў, але і турыстаў. Раней, калі існавала прыгранічная зона, дабрацца ў Кямелішкі было складана. Цяпер жа да нас ўсе дарогі адкрыты – як для экскурсій, так і для асобных аматараў культавай архітэктуры.
Цікава ведаць

У 2018 годзе ксёндз Павел пазнаёміўся з прапраўнучкай Станіслава Прушынскага, якой ужо больш за 80 гадоў. Яна марыць прыехаць у Кямелішкі, каб убачыць пацверджанне таго, што на гэтай зямлі жылі яе продкі і пакінулі пасля сябе добрую памяць.
Кямелішкаўскі касцёл – не проста гістарычная каштоў­наcць, сведчанне чаму вісіць на ўва­ходзе ў святыню. Гэта нешта шмат большае – вялікае, ачы­­шчальнае, сагравальнае, ду­шэўнае. Так, угледзеўшыся ў яго мазаічныя вокны, дакра­нуў­шыся да цёплага дрэва сцен, злавіўшы поглядам сонечнага зайчыка, зразумела я. Што там зможаце адчуць, знайсці і «прачытаць» для сябе вы  –  у душах вашых і застанецца назаўсёды.

5.jpg
4.jpg
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович