“Дзякуй за годных сыноў!” – маці вайскоўцаў прымалі віншаванні (+відэа)

17:08 / 15.10.2021

Што можа быць важней для маці, чым шчасце яе дзіцяці. Што можа быць прыемней, чым чуць ад яго – “люблю”. І няма большага гонару, чым разумець, што дзеці растуць годнымі людзьмі.

Ва ўрачыстай атмасферы ў ваенкамаце двум маці, чые сыны зараз служаць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь ўручылі Падзячныя лісты.

IMG_1644.jpg

Алена Масойць жыве ў Рытані, Наталля Стакун – з Варнян. Сын першай жанчыны служыць у вайсковай часці 7434 і ў лістападзе вернецца дадому, а сын другой ужо амаль год як аддае доўг Радзіме ў 1146-м гвардзейскім зенітным ракетным палку. Абедзьве маці былі ўсхваляванымі і радаснымі адначасова. Вочы абедзьвюх свяціліся любоўю і гонарам за дзяцей.

– Шаноўныя Алена Станіславаўна і Наталля Уладзіславаўна, віншую вас з Днём маці, жадаю здароўя, шчасця і дабрабыту, – распачаў урачыстасць ваенны камісар ваенкамата Дзмітрый Багуслаўскі. – Паколькі ў вайсковай часці 7434, дзе служыць Дзяніс Масойць, уведзены абмежаванні на перамяшчэнне, яе камандзір Вячаслаў Баракаў даручыў мне зачытаць і ўручыць вам, Алена Станіславаўна, Падзячны ліст за годнае выхаванне сына.

IMG_1654.jpg

Урывак з Падзячнага ліста:

“…Дзяніс зарэкамендаваў сябе працавітым і старанным вайскоўцам. Да камандзіраў, старэйшых таварышаў праяўляе павагу і тактоўнасць, не траціць асабістай годнасці і карыстаецца аўтарытэтам у калектыве. Акрамя выканання непасрэдных абавязкаў вайскоўца, ён стаў пастаянным удзельнікам культурнага і спартыўнага жыцця часці і дасягнуў высокіх вынікаў. Ад камандавання вайсковай часці і сябе асабіста шчыра дзякуем вам за сына. Вы выхавалі сапраўднага абаронцу нашай Радзімы і можаце ганарыцца гэтым”.

Намеснік камандзіра 1146-га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка па ідэалагічнай рабоце Іван Траянаў таксама павіншаваў жанчын з Днём маці і ўручыў Падзячны ліст маці вайскоўца Дзмітрыя Стакуна – Наталлі Уладзіславаўне.

IMG_1657.jpg

Урывак з Падзячнага ліста:

“…Ваш сын характарызуецца заўсёды станоўча, за час службы адбыліся яго станаўленне і загартоўка характару. Ён унікнуў у многія пытанні вайсковай службы і стараецца заўсёды быць першым. За стараннасць і адказнасць Дзмітрый неаднаразова ўзнагароджаны камандаваннем падраздзялення і палка – і гэта, безумоўна, ваша заслуга, Наталля Уладзіславаўна. Вялікі дзякуй за выхаванне сына!”

Прыемнай неспадзянкай для Наталлі Стакун стала відэавіншаванне ад сына:

– Дарагая мама, дзякуй табе за жыццё, за кожны дзень і гадзіну, праведзеную разам. Дзякуй за клопат, падтрымку, неабсяжную мацярынскую любоў. Дзякуй, што ты заўсёды побач, нават калі знаходзішся далёка. Вельмі шкада, што не магу павіншаваць цябе з Днём маці асабіста, але я разумею, што падчас баявога дзяжурства ахоўваю мірнае неба над тваёй галавой.

Але і на гэтым сюрпрызы не скончыліся. Як толькі відэа скончылася, да матулі з букетам выйшаў сын – Дзмітрыю дазволілі павіншаваць яе асабіста. І брызнулі слёзы адразу ў абедзьвух мацярок. У адной – ад сустрэчы з крывінкай, у другой – ад радасці за іншых.

IMG_1668.jpg

Алена Масойць:

– Калі прыйшоў час адпраўляць у армію старэйшага сына, я не знаходзіла сабе месца: хвалявалася, плакала, перажывала. Але ён годна адслужыў у пагранічных войсках у Мінску – і я супакоілася. Навіну аб прызыве Дзяніса ўспрыняла ўжо як належнае. І зараз, назіраючы за малодшым сынам, магу пацвердзіць, што армія пайшла яму на карысць. Ён стаў больш сур’ёзным, мужным і мэтанакіраваным. Таму раю ўсім маці не баяцца адпраўляць дзяцей у войска – там выхоўваюць сапраўдных мужчын.

Наталля Стакун:

– У такія моманты цяжка перадаць усе адчуванні. Калі патэлефанавалі і запрасілі ў ваенкамат, было прыемна і хвалююча адначасова. Калі ўручалі Падзячны ліст, адчувала радасць і гонар. Калі паказвалі відэа – шчымела ў душы. А як выйшаў Дзіма – гэта быў найлепшы падарунак. І за яго вялікі дзякуй камандаванню вайсковай часці.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Марина Мацкевич